Общество
Юлія Аляксандрава

У Дзень усіх закаханых у Мінску будзе ўручаная прэмія за любоў да Беларусі

Што можа паставіць у адзін шэраг французскі гурт «Vladivostok», амбасадара Швецыі Стэфана Эрыксана, былога гульца БАТЭ Сяргея Крыўца, міністра культуры Паўла Латушку і старшыню партыі БНФ Аляксея Янукевіча? Правільны адказ: «Люблю Беларусь».

Усе вышэйпералічаныя асобы знаходзяцца ў спісе намінантаў на прэмію «Люблю Беларусь», якую ў Дзень святога Валянціна ўручыць зарэгістраваная ў Чэхіі арганізацыя «Малады фронт».

Як распавяла «Салідарнасці» прэс-сакратар «Маладога фронта» Таццяна Шапуцька, падчас прэміі гасцей чакае цэлы шэраг цікавых сюрпрызаў:

– У адной з намінацый прысутнічае французскі гурт «Vladivostok», які, вельмі верагодна, прыедзе ў Беларусь адмыслова на ўручэнне прэміі. Такую ўвагу беларусаў гурт прыцягнуў не толькі музычным талентам: адна з песень французаў мае назву «Jivié Belarus».

Вызначаць пераможцаў будзе абраная група «маладафронтаўцаў».

– Але так будзе толькі ў гэтым годзе, паколькі прэмія першая, – дзеліцца планамі Шапуцька. – Надалей мы плануем, што вызначаць пераможцаў наступнага года будуць іх папярэднікі. То бок, будзе адбывацца такая пераемнасць з году ў год.

Прэмію атрымаюць тыя, хто, на думку журы, дасягнуў высокіх вынікаў у папулярызацыі беларускай мовы і культуры. Узнагарода будзе ўручацца ў намінацыях «Pro-Belarus», «Беларусізацыя», «Журналістыка», «Культура», «Палітыка», «Грамадская чыннасць», «Спорт», «Змагар года».

Пераможцам уручаць эксклюзіўныя статуэткі аўтарства скульптараў Акадэміі мастацтваў.

Паводле словаў кіраўніцтва «Маладога фронта», на цырымонію плануецца запрасіць каля трохсот гасцей, сярод якіх будуць прадстаўнікі дыпламатычных карпусоў і грамадскага і палітычнага сектараў, дзеячы культуры, міжнародныя партнёры «Маладога фронта».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)