У Чавускім раёне “гастарбайтэраў” бяруць на ўлік

Гаспадаркі Чавускага раёну шукаюць спосабаў спыніць паездкі людзей на заробкі ў Расею. Рэгулярна туды выяжджаюць каля пяцісот чалавек. Тым часам у раёне не стае працоўнай сілы. Чыноўнікі прызнаюць, што працаўладкаваць усіх ахвотных могуць, але аплаціць іх працу, як у Расеі, ня змогуць.

У Благавіцкім сельскім савеце, на тэрыторыі якога знаходзяцца два калгасы “Сьвятло кастрычніка” й “Сьветлы пуць”, пачалі складаць сьпісы людзей, якія рэгулярна езьдзяць на заработкі ў Расею. У сьпіс патрапілі сорак сельскіх гастарбайтэраў.

“Каардынацыйная рада ў нас такая ёсьць. Прымае ў ёй удзел кіраўнік гаспадаркі, участковы, з цэнтру занятасьці. Мы стараемся правесьці сходы добрыя з запрашэньнем іх усіх. Ну, і стараемся працаўладкаваць іх усіх”, – паведамілі “Свабодзе” ў сельскім савеце. Мясцовых гастарбайтэраў сельскі савет лічыць сацыяльна ненадзейнымі людзьмі. Яны, маўляў, выпіваюць і прагульваюць працу, а ў Расеі й такіх прымаюць, зазначаюць у сельскім савеце:

“Мы проста іх аберагаем, каб яны не апусьціліся, прымалі ўдзел у працы, зараблялі грошы й плацілі за камунальныя паслугі, як нармальныя грамадзяне”.

На якую працу ў гаспадарцы гэтыя людзі могуць разьлічваць?

“Паляводзтва, да прыкладу, вось хутка пачынаюцца вясеньне-палявыя работы. У жывёлагадоўлі той самай. У сельскай гаспадарцы працы бязь меры”, – паведамілі ў сельскім савеце.

Ці задаволяцца людзі калгасным заробкам – пра тое у сельсавеце ня дбаюць.

Вясковыя гастарбайтэры ня дужа баяцца пагроз патрапіць у сьпіс і працягваюць свае ваяжы ў Расею.

У Чавускім райвыканкаме паведамілі, што рэгулярна выяжджаюць у Расею на заробкі каля пяцісот чалавек. Ва ўправе працы, занятасьці й сацыяльнай абароны кажуць, што знайсьці працу для гэтых людзей можна аднак:

“У Расеі яны зарабляюць тысячу даляраў за месяц і болей. На тэрыторыі Чавускага раёну мы забясьпечыць такім заробкамі ня можам. Ну, у межах пяцістот-шасьцісот тысяч зарабіць можна. На сёньня штогод ствараецца ў Чавускім раёне 250-300 новых працоўных месцаў. І такія рабочыя, як будаўнікі, дужа запатрабаваныя”, – зазначае супрацоўнік управы.

Менавіта будаўнікі выяжджаюць у Расею найчасьцей. Будаўнічыя арганізацыі раёну рэгулярна праз аб’явы ў газэтах шукаюць рабочых. Службы занятасьці перавучваюць людзей, але дэфіцыт будаўнікоў застаецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)