Политика
Генадзь КОСАРАЎ, «Завтра твоей страны»

У Беларусі магчыма зьяўленьне новых палітвязьняў

Пасьля адноснага “зацішша” улады моцна ўдарылі па дэмакратычным сілам і незалежным сродкам масавай інфармацыі — масавыя арышты і зьбіцьцё мірных дэманстрантаў у Менску 25-га сакавіка, 74 асуджаных толькі ў сталіцы актывістаў дэмсілаў і журналістаў 26-га сакавіка, з якіх 26 — да адміністратыўнага арышту, ператрусы й затрыманьні незалежных журналістаў 27-28 сакавіка адкрылі новую старонку ўва ўзаемадачыненьнях паміж уладай і яе апанэнтамі. Ці варта чакаць новага вітка рэпрэсіяў?

На гэтую тэму разважаюць экспэрты “Заўтра тваёй краіны”.

— Гэтага можна чакаць, таму што вось гэтымі днямі ўлады як бы перайшлі тую мяжу, калі яны яшчэ вагаліся і спрабавалі гуляць пад ціскам зьнешніх абставінаў, — лічыць галоўны рэдактар недзяржаўнага тыднёвіка “Новы час” Аляксей Кароль. — Самазахаваньне ўлады для іх важней, чым сацыяльнае становічша жыхароў і чым паляпшэньне адносінаў і свайго месца ў сьвеце.

— Новай хвалі рэпрэсіяў ня проста трэба чакаць, але да гэтага трэба нават рыхтавацца, таму што, калі тыдзень таму прэзыдэнт Лукашэнка сабраў сілавікоў і сказаў, што яны слаба працуюць, дапускаюць шмат памылак і гэтак далей, то яны гэтыя словы ўспрынялі як каманду да актыўных дзеяньняў, — мяркуе былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Волчак. — А калі ўлічыць, што ў бягучым годзе яшчэ будуць і парлямэнцкія выбары, у якіх зьбіраецца браць удзел апазыцыя, то такіх сплянаваных мэтанакіраваных акцыяў уціску з удзелам КДБ і пракуратуры абсалютна варта чакаць.

— Гэты ціск і так ужо адбываецца, а зрабіўшы такую заяўку ў мінулыя дні, улада будзе пасьлядоўнай”, — упэўнены першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

— Абсалютна відавочна, што “гайкі” будуць закручвацца з той мэтаю, каб потым, гандлюючыся з Захадам, пакрыху іх аслабляць, — упэўнены юрыст, былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч.

— Гледзячы па тым, што пачалося пры канцы сакавіка, узмацненьня ўціску на дэмакратычныя сілы й незалежныя СМІ сапраўды варта чакаць, — прагназуе палітоляг Валеры Карбалевіч. — Справа ў тым, што зараз чакаецца шэраг судоў над акітывістамі апазыцыі, і я баюся, што гэта можа выліцца ў Беларусі нават у зьяўленьне новых палітычных вязьняў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)