Экономика

У Беларусі бум сэканд-хэндаў. У чым прычына і каму гэта не падабаецца

Дасьледаваньне Радыё Свабода пра рынак адзеньня сэканд-хэнд і рэакцыю яго ўдзельнікаў на заклік зь «Беллегпраму» прывучаць беларусаў да айчыннага вытворцы.

Адна зь менскіх крамаў адзеньня сэканд-хэнд

«Калі сэканд-хэнды закрыюцца, можа быць сацыяльны выбух. Цяпер чыноўнікі шукаюць зайца, які вінаваты ў тым, што нечая капуста зьедзеная», — так адказаў кіраўнік адной з папулярных сетак крамаў сэканд-хэнд на заяву старшыні канцэрну «Беллегпрам» Тацяны Лугіной, якая выказала заклапочанасьць дынамікай росту сэканду ў Беларусі.

Імпарт сэканд-хэнду сапраўды хутка расьце

Паводле зьвестак Белстату, за апошнія 10 гадоў імпарт сэканд-хэнду вырас больш як у 3 разы. У 2018 годзе ў Беларусь гэтай прадукцыі было завезена 47,4 тысячы тон амаль на 74,3 мільёна даляраў. Прычым калі па колькасьці аб’ём вырас усяго на 5,2%, то па кошце — у 1,5 раза, то бок на 50%.

Главе «Беллегпрома» пора в секонд-хенд

Асноўныя пастаўкі тавараў, якія ўжо былі ва ўжытку, ідуць у Беларусь з краінаў Эўразьвязу (97,5%). Сталыя пастаўшчыкі — Нямеччына, Нідэрлянды, Літва, Латвія, Італія, Швэцыя, Вялікая Брытанія, Швайцарыя. Завозяць тавар таксама з Гандурасу, Аману, Кітаю.

Усяго за апошнія 10 гадоў у Беларусь увезена адзеньня, якое было ва ўжытку, амаль на 270 мільёнаў даляраў.

«Беллегпрам» супраць «сэканду»

Некалькі дзён таму прызначаная нядаўна кіраўніца канцэрну «Беллегпрам» Тацяна Лугіна ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў заявіла, што бачыць неабходнасьць у дадатковым рэгуляваньні сэканд-хэнду:

— Трэба больш паглыбіцца ў знаходжаньне менавіта сэканд-хэнду на рынку Рэспублікі Беларусь. Умовы ўваходу гэтай прадукцыі, яе клясыфікацыя і інвэнтарызацыя — што рэальна ўваходзіць у падкатэгорыю сэканд-хэнд. На якіх умовах яны ўваходзяць, якім мытам абкладаюцца? У гэтае пытаньне будзем паглыбляцца, вывучаць і, вядома ж, будзем для сябе разумець, што нам трэба рабіць для таго, каб гэтая дынаміка не працягвалася.

Атрымаць камэнтар ад «Беллегпраму», якім чынам прапануецца спыніць дынаміку разьвіцьця сэканд-хэнду ў краіне, Свабодзе пакуль не ўдалося.

МАРГ: «Беллегпрам — не рэгулятар»

Пракамэнтаваць заяву спадарыні Лугіной Свабода папрасіла прадстаўніка Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, а таксама дырэктара папулярнай сеткі крамаў «сэканд-хэнд». І прадстаўнік МАРГ, і дырэктар пагадзіліся размаўляць толькі на ўмовах ананімнасьці.

Чыноўнік Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю наагул быў зьдзіўлены заявай старшыні канцэрну спадарыні Лугіной.

— Беллегпрам — не рэгулятар, ён канцэрн, які аб’ядноўвае суб’ектаў гаспадараньня, — заўважыў ён і дадаў, што зь дзяржаўным рэгуляваньнем сэканд-хэндаў цяпер усё ў парадку. І спаслаўся на пастанову Савету Міністраў № 704 ад 22 ліпеня 2014 году.

— У пастанове ёсьць адмысловы разьдзел 9 «Асаблівасьці продажу нехарчовых тавараў, якія былі ва ўжытку». Там усё дакладна прапісана: да прыкладу, што продаж тавараў, якія былі ва ўжытку, разам з новымі не дапускаецца; што пэўныя катэгорыі тавараў забараняецца прадаваць у сэкандах; што павінна быць інфармацыя пра стан тавараў, пашкоджаньні, дэфэкты; што можна вярнуць, што — не.

На пытаньне Свабоды, ці ёсьць нараканьні на працу крам сэканд-хэнду, якія парушэньні выяўляе МАРГ падчас праверак, чыноўнік патлумачыў, што ў межах лібэралізацыйнага пакета, згодна з указам № 7 аб кантрольна-нагляднай дзейнасьці, міністэрства ня мае права праводзіць праверкі.

— Мы можам праводзіць толькі маніторынгі. Маніторынгі, так бы мовіць, тэматычныя. Мы наагул ня маем права запатрабоўваць нейкія дакумэнты. А што тычыцца санітарнага кантролю, пажарнага ды іншых — канечне, крамы сэканд-хэнд павінны адпавядаць усім тым жа патрабаваньням, што прад’яўляюцца да любога аб’екта гандлю, — кажа чыноўнік.

І дадае, што з пункту гледжаньня спажыўца — добра, што ёсьць выбар, што пакупнікоў ніхто не прымушае купляць штосьці ў сэканд-хэндзе. Але рознае фінансавае становішча ў людзей. Да таго ж, на яго думку, розная мэтавая аўдыторыя ў крамаў сэканд-хэнд і буцікаў з брэндавымі рэчамі.

Калі заканадаўцы ўсё ж будуць настойваць на ўнясеньні зьменаў у нарматыўныя акты, гэта будзе вынесена на абмеркаваньне, запэўніў чыноўнік МАРГ. І прывёў прыклад, як адну прапанову «Беллегпраму» нядаўна «зарубілі».

— Мы распрацоўвалі праект нарматыўнага акту аб гандлі празь сетку інтэрнэт. І там была прапанова «Беллегпраму» абмежаваць гандаль ужыванымі рэчамі. І паколькі ўся нарматыўка павінна абмяркоўвацца з грамадзтвам, да нас такі шквал заўвагаў паступіў, што пастанова выйшла бяз гэтага пункту.

«Ва ўсіх стан трывожнага чаканьня»

Цяпер у Беларусі нямала сетак крамаў сэканд-хэнд: «Адзеньне», «Хэпі Хэнд», «Мода Макс», «Эканом-сіці», «МэгаХэнд» — сотні крамаў па ўсёй краіне. Кіраўнікі сетак крамаў сэканд-хэнд пасьля заяваў высокапастаўленай чыноўніцы зь «Беллегпраму» Тацяны Лугіной неахвотна ідуць на кантакты са СМІ.

— Мы стараемся «не сьвяціцца» цяпер ні ў дзяржаўных СМІ, ні ў незалежных. Ня варта прыцягваць да нас увагу, можа, усё абыдзецца, забудзецца, — адказвалі яны на просьбу хаця б ананімна адказаць на некаторыя пытаньні, пастаўленыя спадарыняй Лугіной.

Карэспандэнтцы Свабоды ўдалося ўгаварыць толькі чацьвёртага дырэктара сеткі крамаў, які, у сваю чаргу, прызнаўся, што Свабода была сёмым СМІ, які зьвярнуўся да яго па камэнтар. І адразу ж заявіў, што ня можа камэнтаваць заяву кіраўніцы «Беллегпраму». Але ўсе, хто працуе ў сыстэме крамаў сэканд-хэнд, а таксама пакупнікі, не на жарт занепакоеныя.

— Ва ўсіх стан трывожнага чаканьня. Мяркуючы па тым, які рэзананс, які інтарэс да нас зьявіўся ў прэсе пасьля заяваў спадарыні Лугіной, я разумею, што сэканд-хэнд — вельмі актуальная тэма для нашай краіны. Шчыра кажучы, нават не падазраваў, што такі маштаб.

Я нават не магу назваць прычыны, чаму сэканд-хэнд расьце... Проста людзі вырашылі менш грошай траціць на вопратку, а больш на адукацыю і падарожжы — калі мы кажам пра студэнтаў. Мамы хочуць таньней апранаць дзетак, якія хутка растуць, у рэгіёнах трэба і апрануцца, і паесьці, а заробкі меншыя, чым у Менску. У кожнага свая гісторыя.

Я мяркую, што сэканд павінен застацца — не таму, што я тут працую. А таму, што ў чалавека павінен быць выбар, — кажа прадпрымальнік.

Спрошчанага падаткаабкладаньня для сэканд-хэндаў няма

Суразмоўца Свабоды запэўніў, што падпарадкаваныя яму крамы працуюць празрыста, адкрыта.

— Пастанова ўраду № 703 для нас закон, гэта Біблія, ікона, усе правілы там дакладна прапісаныя. Нас пастаянна манітораць санітарныя органы, пажарны нагляд, патрабаваньні такія самыя, як да іншых аб’ектаў гандлю.

Мы павінны змагацца за свайго пакупніка, каб спажывец да нас прыйшоў, каб пакінуў нас з пэўнай доляй выручкі, каб мы маглі расплаціцца з арэндай, выплаціць заробкі прадаўцам. Па вялікім рахунку, створаныя нармальныя ўмовы для працы, для здаровай канкурэнцыі, — кажа дырэктар сеткі «сэкандаў».

Што да заявы дырэктаркі «Беллегпраму» Лугіной наконт падаткаў, ён патлумачыў, што спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня ў крамаў няма.

— Нашы прадпрыемствы плацяць усе падаткі: і падатак на дададзеную вартасьць, і падатак на прыбытак. Што тычыцца ўвозу тавару, у нас такія ж самыя ўмовы, як і ў іншых імпартэраў: неабходныя плацяжы на мяжы, мыта, ПДВ, усе мытныя працэдуры мы праходзім.

Пры ўвозе тавараў сэканд-хэнд у Беларусь спаганяецца мыта ў памеры 15% ад мытнага кошту, але ня менш як 0,18 эўра за кіляграм. Акрамя таго, спаганяецца ўвазны ПДВ у памеры 20% і мытны збор, які складае 50 рублёў.

Для параўнаньня: пошліны на новую вопратку, згодна з адзіным мытным тарыфам, у асноўным складаюць 10–15%, але ня менш як 1,3-2,2 эўра за кіляграм.

І ў Беллегпраму, і ў сэкандаў канкурэнты — бюджэтныя De Facto ды Waikiki

Дырэктар сетак сэканд-хэнду, у адрозьненьне ад спадарыні Лугіной, ня лічыць Беллегпрам сваім канкурэнтам, і тлумачыць, што там іншая цэнавая катэгорыя, іншая мэтавая аўдыторыя, іншы стан тавару. А ў Беларусі канкурэнцыю і сэканд-хэнду, і Беллегпраму складаюць, на яго думку, бюджэтныя брэнды новага адзеньня (кшталту De Facto, LC Waikiki).

— Вось туды Беллегпраму варта зайсьці, скапіяваць мадэлі і зрабіць беларускія брэнды, кшталту з вышыванкамі.

Цяпер усе хочуць быць моднымі, хочуць апранацца танна і хутчэй пойдуць у тыя сеткі, якія я назваў, чым у «Сьвітанак» ці «Калінку». Усе хочуць часта мяняць гардэроб, за лета пару-тройку разоў набыць новую рэч. Я таксама ў гэтыя сеткі заходжу дзеля цікавасьці і зьвяртаю ўвагу, што вельмі энэргічна, хутка мяняюцца калекцыі, вельмі добра ўсё прадумана.

А нашы беларускія вытворцы ня могуць гэтым пахваліцца. Вельмі забюракратызаваная, непаваротлівая сыстэма.

«Беллегпрам» ніяк ня можа паправіць сваё становішча, ня здольны разгрузіць свае склады і шукае «авечак на закланьне», якія акажуцца крайнімі і вінаватымі ў чужых праблемах, і зьнішчае канкурэнтаў.

Вось і шукаюць зайца, які вінаваты ў тым, што нечая капуста зьедзеная, — мяркуе суразмоўца Свабоды.

Сэканд-хэнд ёсьць і ў Лёндане

Сэканды ёсьць у суседніх Польшчы, Літве, ва ўсіх краінах Эўразьвязу. Магчыма, не ў такой колькасьці, бо гэта ўжо краіны зь іншым дастаткам, — прыводзіць прыклады дырэктар сеткі беларускіх сэкандаў.

— А калі ўявіць сытуацыю, што зараз сэканд-хэнды закрыюцца, можа быць сацыяльны выбух. Бо нашы асноўныя кліенты — людзі з абмежаванымі сродкамі, са сьціплымі даходамі, пэнсіянэры, мамы зь дзеткамі, якія хутка растуць, студэнты, якія лепш зэканомяць на вопратцы і паедуць адпачываць. І гэтыя людзі наўрад ці пойдуць купляць беларускае. І справа ня ў тым, што беларускае не заўсёды якаснае і нятаннае.

Калі ў чалавека няма лішняй капейчыны і ён гатовы купляць у сэканд-хэндзе — у яго павінен быць выбар і такая магчымасьць», — перакананы дырэктар сэкандаў.

Дарэчы, ягоная сетка гандлюе і новымі беларускімі таварамі, якія выпускаюць прадпрыемствы, што ўваходзяць у канцэрн «Беллегпрам». Паколькі некаторыя групы тавараў — ужываныя ніжнюю і пасьцельную бялізну, шкарпэткі, калготы — прадаваць у сэкандах забаронена, то шмат у якіх крамах ёсьць асобныя сэкцыі, дзе выстаўленыя тавары беларускіх вытворцаў.

Скрытыкаваў дырэктар сеткі і танныя крамы з таварамі з азіяцкіх рэспублік, якія ў народзе называюць «цюбецейкамі», і некалі папулярны рынак «Ждановічы».

— Там прадаюцца тавары, якія пруць невядома адкуль, там поўнае бязьмежжа, усё міма касы, незразумелай якасьці тавар, ні пра якую сэртыфікацыю не ідзе гаворка.

А ў Ждановічах — абсалютна нецывілізаваная форма гандлю, гэта ўжо мінулае стагодзьдзе», — кажа дырэктар сеткі сэкандаў.

Чаму рэчы сэканд-хэнд пахнуць фармалінам

Ёсьць людзі, якія насьцярожана ставяцца да сэканд-хэндаў, маўляў, невядома хто насіў, да таго ж пах у крамах спэцыфічны. Адмыслоўцы супакойваюць: тавар, які прадаецца ў сэкандах, праходзіць адмысловую апрацоўку ў краінах, адкуль ён паступае. Да партыі прыкладаецца сэртыфікат, які потым абавязкова пацьвярджаецца і ў беларускай санстанцыі.

На перапрацоўчых заводах рэчы сартуюць па катэгорыях, мыюць і апрацоўваюць парай з фармальдэгідам. Менавіта гэты пах характэрны для сэканд-хэндаў. Але адмыслоўцы кажуць, што ня трэба палохацца — гэта прыкмета чысьціні рэчаў.

У Эўропе ўжываныя рэчы зьбіраюць па кантэйнэрах, па крамах, па сем’ях, па школах і г д. Пасьля дэзынфэкцыі рэчы пакуюць, прэсуюць і дастаўляюць адмысловым фірмам, якія займаюцца іх рухам на рынку. Рэчы закупляюцца на вагу па катэгорыях: спадніцы, сукенкі, штаны і г.д.

У некаторых крамах на цэньніках можна знайсьці пункт «працэнт зносу». Ён прастаўляецца ўладальнікамі крамаў: 1 — рэч у ідэальным стане, практычна новая; 2 — рэч зь нязначнымі дэфэктамі; 3 — на рэчы ёсьць дзіркі, сьляды зношанасьці (але такая вопратка цяпер не закупляецца).

Папулярнасьць адзеньня сэканд-хэнд — вынік малых заробкаў

Былы кіраўнік «Беллегпраму» Мікалай Яфімчык сказаў у інтэрвію парталу tut.by, што калі заробкі вырастуць, у сэканд ніхто не пабяжыць.

— Як толькі падае ўзровень даходаў, усе бягуць у сэканд-хэнд. Гэта індыкатар заработнай платы насельніцтва. Сур’ёзныя задачы стаяць перад урадам аб павелічэньні заработнай платы. Калі людзі будуць атрымліваць, як патрабуе прэзыдэнт, больш за 1000 рублёў, то, я думаю, у сэканд-хэнд ніхто ня пойдзе», — перакананы чыноўнік.

Аднак у сэканды ходзяць ня толькі людзі са сьціплымі даходамі. Моладзь, моднікі і стылягі знаходзяць там шмат новага брэндавага адзеньня, вінтажных рэчаў.

— Лугіна зьбіраецца разьвіваць любоў да беларускага адзеньня. Яна гэта сур’ёзна? Вы бачылі ў ГУМе гэтыя страшныя кофты са стразамі і люрэксавымі кветкамі і ўстаўкамі-кішэнямі за 50–70 рэ? Вы бачылі гэтыя офісныя гарнітуры на дам з тканіны таўшчынёю з палец? Чаркізон адпачывае!

Палову рэчаў майго гардэробу складаюць менавіта сэкандныя рэчы, якія я нашу зь вялікай любоўю не адзін год. Гэта тонкія баваўняныя цішоткі, кофты са стопрацэнтнага кашэміру, шаўковыя спадніцы, дый увогуле незвычайныя, яскравыя рэчы я заўсёды знаходжу менавіта ў сэкандзе. А з «Элемай» сваёй — 500 баксаў паліто — ідзіце вы! — піша ў Фэйсбуку адна з пакупніц ужыванага адзеньня.

Почему белорусы одеваются в секонд-хендах?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(16)