У Арыны Вячоркі за мяжой здарыўся інсульт

У Арыны Вячоркі абшырны інсульт, яна ў коме. Дактары не абнадзейваюць сям’ю.

Інсульт здарыўся з Арынай у Вільні, дзе яна перасаджвалася з Менску на самалёт у Барсэлёну. Там яе мелі сустрэць дачка Радаслава і ўнук Даніла. Перад самым адлётам ёй стала дрэнна. Цяпер яна ў рэанімацыі шпіталю Ладзынай.

— Стан пацыенткі крытычна цяжкі. На дадзены момант яна забяспечаная ўсім неабходным. Ёй прадстаўленая дапамога высокакваліфікаваных спэцыялістаў. Гэта шпіталь, які спэцыялізуецца на такіх паталогіях. Яна не грамадзянка Літвы, але ўся неабходная медычная дапамога ёй прадстаўленая — на падставе агульных прынцыпаў гуманнасці, паводле ўсіх патрабаванняў першай дапамогі. Мы падтрымліваем кантакт з блізкімі, калі яны прыбудуць у Літву. Магчыма, ім спатрэбіцца дапамога дзеля юрыдычных фармальнасцяў альбо перакладу, — паведамілі ў Першым аддзеле рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі Рэспубліканскага Віленскага універсітэцкага шпіталю.

Арына Вячорка — вэтэран адраджэнскага руху, заснавальніца рыцарскага клюбу ў Беларусі і музычны прадусар. 14 красавіка ёй будзе 51 год.

У Арыны трое дзяцей. Дактары паінфармавалі іх пра стан маці. Старэйшыя — дачка Радаслава і сын Франак — вылятаюць у Вільню. Малодшая дачка, 14-гадовая Ружана, візы ня мае. 22 сакавіка яе з бацькам, палітыкам Вінцуком Вячоркам, знялі з цягніка, які ехаў у Варшаву. Вінцуку Вячорку паведамілі, што ён невыязны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)