«У Армэніі жартуюць: ваш Лукашэнка — найлепшы сябра алігархаў»

Францішак Вячорка пiша пра сяброў прэзiдэнта Беларусi.

Фото TUT.BY

«У Армэніі з Лукашэнкі сьмяюцца. Жартуюць: ваш Лукашэнка — найлепшы сябра алігархаў. Амбасада Беларусі ў Армэніі — адзінае пасольства, якое знаходзіцца не ў сталіцы, а ў сяле Арындж, побач з маёнткам галоўнага армянскага алігарха Гагіка Царукяна. Іх сяброўства з Лукашэнкам больш чым сяброўства: Царукян нядаўна падарыў Колю Лукашэнку чатырох белых ільвят, перад тым — 400-літровую бочку каньяку, а Лукашэнка — выдаў Царукяну ордэн. Царукян у Беларусі валодае рознымі бізнэсамі, але найперш — вытворчасьцю каньякоў і алькагольных напояў.

Калісьці Лукашэнка займаўся змаганьнем з алігархамі, а цяпер вырошчвае сваіх, ці прыводзіць алігархаў з-за мяжы. У Сэрбіі, Чарнагорыі, Босьніі — усе ведаюць Лукашэнку як галоўнага сябра алігархаў братоў Карычаў. Многія сэрбы сапраўды ў роспачы — раней для іх Лукашэнка быў эталёнам правіцелся, які не бярэ хабары і сапраўдны народны «бацька».

Цяпер нелюбоў да Карычаў перанеслася на нелюбоў да Лукашэнкі. Карычам, якія зрабілі капітал падчас кіраваньня Мілошавіча, гэта не замінае забудоўваць Менск Dana Mall’амі і Капітал-цэнтрамі (новы офісны цэнтар на месца Музэю ВАВ). Сяброўства з Лукашэнкам дае карт-блянш на ўсё.

Лукашэнку спрабуюць ствараць імідж галоўнага змагара з карупцыяй. У 90-я гады ён разагнаў усіх багатых, якія адмаўляліся падтрымліваць новасьпечанага дыктатара. За мяжой аказаліся ўсе ўплывовыя бізнэсоўцы 90-х — Пупейка, Эфрон, Воўк, Сманцэр, Каласоўскі. Пад сьцягам барацьбы з карупцыяй — Лукашэнка забярэ «Камунарку» і «Спартак» у Новікава, той зьедзе ў Штаты. Разам з тым — гэта не замінала квітнець усім алігархам, які прысягнулі на ляяльнасьць рэжыму — як беларускім так і замежным: Пефціеву, Чыжу, Шакуціну, Гуцэрыеву, і іншым.

Паміж вялікім бізнэсам і Лукашэнкам існуе нефармальная дамова — вы робіце ўсё што хочаце, дзеліцеся, і ня лезеце ў палітыку. Па такой схеме камфортна працаваць і Царукяну і Карычам, якія будавалі свае бізнэс-імпэрыі ва ўмовах аўтаратырызмаў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(56)