У адказ на санкцыі бамбаваць Новую Баравую?

Экспэрты на Радыё Свабода – пра дзеяньні ўладаў.

Архіўнае фота Кулуары КYKY

Новы пакет драконаўскіх законаў — пралёг узмацненьня рэпрэсіяў ці юрыдычнае афармленьне існых? Заява Ўладзімера Макея пра зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці — спосаб гандлю з Захадам наконт санкцыяў ці рэальная пагроза? Ці роўная балючасьць санкцыяў іх эфэктыўнасьці?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько і палітычны аналітык Віталь Цыганкоў.

Апублікавалі ўхваленыя папраўкі ў законы аб экстрэмізьме, СМІ, рэабілітацыі нацызму.

Міністар замежных справаў Уладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі грамадзянская супольнасьць Беларусі будзе зьнішчаная.

Калюмніст «СБ. Беларусь сегодня» Уладзімер Мукавозчык напісаў, што на яго погляд трэба публічна павесіць Алексіевіч, Бахарэвіча, Севярынец, Халезіна і іншых грамадзкіх і культурных дзеячоў.

Алена Кудзько:

— Думаю, што і маштабы, і глыбіня рэпрэсіяў будуць пашырацца, пакуль Лукашэнка ня будзе адчуваць сябе камфортна.

Яны не адсачылі пратэстныя настроі перад жніўнем 2020 году. Цяпер яны баяцца не адсачыць нешта падобнае ў будучыні.

Цяперашнюю сытуацыю варта параўноўваць не з СССР 1937 году і не з нацысцкім тэрорам на акупаваных тэрыторыях, а з больш раньнімі часамі, скажам, з першымі гадамі пасьля прыходу нацыстаў да ўлады.

Але крок за крокам цяперашнія заканадаўчыя навацыі могуць прывесьці і да 1937 году.

Аргумэнтацыя ўладаў — апэляцыя да горшага, маўляў, паглядзіце, у Зымбабвэ яшчэ горш.

Заходнія краіны сыходзяць з прынцыпу — мы не гандлюемся з тымі, хто захоплівае закладнікаў. Але ў рэальнасьці сытуацыя больш складаная.

У Беларусі становішча грамадзянскай супольнасьці пагаршаецца і бяз санкцыяў.

Ня думаю, што ў выпадку больш лёгкіх санкцыяў рэжым можа пагадзіцца на пэўнае зьмягчэньне сваёй палітыкі.

Чым больш балючыя санкцыі, тым у доўгатэрміновай пэрспэктыве слабейшы рэжым, тым менш шанцаў у яго выжыць.

Ня трэба думаць, што ўвядуць санкцыі і Лукашэнка адразу здасца. Так ня будзе, і з гэтага пункту гледжаньня санкцыі неэфэктыўныя.

Віталь Цыганкоў:

— У публіцыстыцы мы часам дарма ўжываем для характарыстыкі цяперашняй сытуацыі ў Беларусі паняцьці — генацыд, Галакост, 37-год.

Тады гінулі сотні тысячаў чалавек, цяпер сытуацыя не такая.

Падчас змаганьня з пратэстам, з народам рэжым зразумеў, што ранейшых законаў недастаткова.

Мы думалі, што гэтая рэпрэсіўнасьць спыніцца ўвосень ці ўзімку, а яна працягваецца.

Улада бачыць, што мэта не дасягнутая, што грамадзтва не супакоілася, супраціў працягваецца.

Дзякаваць Богу, што ёсьць падвойныя стандарты — добра, што сьвет і самі беларусы ўспрымаюць сваю краіну, як эўрапейскую.

Мяркуецца, што крытэрыі ацэнак падзеяў у Беларусі і ў Бірме ўсё ж мусяць адрозьнівацца.

Менск вуснамі Макея ў адказ на санкцыі пагражае ўзмацніць ціск пра праэўрапейскіх, празаходніх беларусаў.

Гэта спаборніцтва паміж Менскам і Захадам — хто першы міргне.

Палітоляг Аркадзь Мошас казаў, што Захад саступіў у 2015 годзе, калі зьняў санкцыі без рэабілітацыі палітвязьняў.

Вельмі шчыльнае збліжэньне з Расеяй некамфортнае для самога Лукашэнкі, яму трэба балянсаваньне, ён нездарма казаў на «Ўсебеларускім народным сходзе» пра паляпшэньне адносінаў з ЗША.

У Захаду не застаецца іншых варыянтаў, акрамя санкцыяў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(33)