Филин

Валерыя Перапёлкіна

Тышкевіч: «Калі ў Мінску вырашаць «зварочваць» міграцыйны канфлікт, будзе патрэбна дапамога Турцыі»

Эксперт — пра ролю Турцыі ў сітуацыі з мігрантамі.

Ужо 29 верасня прэзідэнт Расіі сустракаецца з кіраўніком Турцыі Рэджэпам Эрдаганам.

Аналітык Украінскага інстытута будучага Ігар Тышкевіч выказаў думку, што нават калі Пуцін прыме Лукашэнку пасля візіту Эрдагана, кіраўнікі Беларусі і РФ будуць абмяркоўваць «механизмы выхода из политики поддержки миграционных потоков. Не сиюминутного сворачивания, но всё же выхода из пикировки».

Філін запытаўся ў аналітыка, як Турцыя можа паўплываць на вырашэнне міграцыйнага крызісу паміж Беларуссю і яе заходнімі суседкамі.

— Праз Турцыю цалкам вырашыць гэты крызіс немагчыма, — адзначае Ігар Тышкевіч. — Пытанне ў іншым: сам алгарытм пропуска праз сябе міграцыйных патокаў быў маштабна прабіраваны і рэалізаваны менавіта Турцыяй і сірыйскімі бежанцамі некалькі год таму, калі гэта стала праблемай для Нямеччыны і іншых дзяржаў.

Пытанне было ў наступным: спачатку было стымуляванне мігранцкіх патокаў, а пасля яны спыніліся. Менавіта калі Эрдаган дамовіўся з ЕЗ і дастаткова эфектыўна гэта выканаў. У тым ліку тады паўстала праграма будаўніцтва гарадоў для бежанцаў на сірыйскай тэрыторыі, падкантрольнай Турцыі.

Фактычна гэта былі дастаткова вялікія інвестыцыі ў турэцкую эканоміку, плюс гэта паралельна зняло некалькі палітычных пытанняў. То бок комплексны абмен бежанцаў на грошы і палітычныя пытанні — усё гэта прабіраваў менавіта Эрдаган.

А цяпер пераходзім да беларускай сітуацыі. Мы маем адразу некалькі цікавых плыняў і вельмі падобны механізм. Дзяржаўныя органы раней так ці інакш ставілі заслону з мэтаю не дапусціць патраплення міграцыйных патокаў на сваю тэрыторыю. Зараз гэтую заслону яны прыбралі.

Можна спрачацца, стымулююць дзяржорганы патокі мігрантаў ці не, ёсць розныя пункты гледжання. Але ключавы фактар — няма заслоны. Адпаведна, атрымаліся некалькі дамінуючых патокаў. Першы — іракскія курды. Часткова гэта была гульня іракскага кіраўніцтва і Беларусі.

Другі паток — грамадзяне Сірыі і таксама іракскія курды, якія ляцелі праз Турцыю. Далей да іх далучыліся жыхары некалькіх афрыканскіх краін. Трэці — гэта тое, што мы маем зараз, а менавіта адгалоскі афганскага крызісу.

Якая роля Турцыі? Якім чынам праблема можа вырашыцца? Па-першае, гэта іх досвед, разуменне, як можна спыніць патокі. Па-другое, праца ў сваіх аэрапортах. Турцыя не прыпыніла авіязлучэнне з Беларуссю і наўрад ці плануе. Па-трэцяе, праца на падкантрольных Турцыі тэрыторыях Сірыі.

Натуральна, што на ўсё гэта патрэбная палітычная воля Эрдагана. Плюс да ўсяго, міграцыйны крызіс у сваіх мэтах выкарыстоўвае і Расія, а часткова і тая ж самая Турэччына на кантрасце. Таму спыненне патокаў — гэта не пра тое, што Эрдаган будзе ўказваць Лукашэнку, як і што рабіць.

Толькі калі ў Мінску будзе прынята рашэнне «зварочваць» сітуацыю, тады і будзе патрэбна дапамога Турцыі, каб зрабіць усё найменш балюча. Альбо парадамі, альбо ўдзелам. Апошняе — значыць вярнуць прынамсі частку людзей, якія патрапілі на тэрыторыю Беларусі, бліжэй да свайго месца жыхарства, — заключае суразмоўца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(22)