Тышкевіч: «Калі трэба прымаць рашэнне хутка, то навошта тэлефанаваць ва ўмоўныя Дразды, можна адразу патэлефанаваць гаспадару кнопкі»

Аналітык недвухсэнсоўна адказаў на пытанне прыярытэтаў вышэйшага вайсковага кіраўніцтва Беларусі.

— Што тычыцца ўплыву на вайсковых наяўнасці ядзернай зброі, то калі гэта наяўнасць будзе ўпісаная ў розныя абарончыя дактрыны і стратэгіі, гэта азначае, што ў выпадку небяспекі ўмоўны беларускі генерал павінен да кагосьці звярнуцца, — разважае Ігар Тышкевіч на канале «Вольны». — І да каго ён будзе звяртацца?

Ігар Тышкевіч

А ён разумее, што ёсць ядзерны аб’ект, які знаходзіцца фактычна пад прыцэлам усіх суседніх дзяржаў, тэарэтычна ёсць магчымасць выкарыстання гэтай зброі, там, ці для абароны, ці для нейкіх іншых патрэб. Але кнопка знаходзіцца ў Маскве.

У такім выпадку звычайны беларускі генерал, з пункту гледжання вайсковай мэтазгоднасці, куды будзе спрабаваць патэлефанаваць —у Мінск, у Дразды ці Астрашыцкі гарадок ці ў Крэмль?

Калі трэба прымаць рашэнне хутка, то навошта тэлефанаваць ва ўмоўныя Дразды, таму што гэта будзе ўсё яшчэ пасярэднік. Можна адразу патэлефанаваць гаспадару кнопкі.

І гэта ўжо пытанне лаяльнасці вышэйшага вайсковага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь у выпадку пагрозы вайсковага канфлікту. Альбо лаяльнасці, альбо прыхільнасці таму ці іншаму баку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)