Тышкевіч: Гэта бяда Лукашэнкі, што вакол яго «цёплая ванна»

Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч прааналізаваў адно з апытанняў Chatham House і прыйшоў да цікавых вынікаў.

— Гэта апытанне гарадскога насельніцтва. Яно не ахоплівае 22,5% сельскага насельніцтва. Гэта найменш пратэстны электарат. Адпаведна, вынікі можна крышачку схіляць у бок атачэння Лукашэнкі, — зрабіў заўвагу аналітык на сваім канале. – Але нават тое, што ёсць, паказвае сегментацыю беларускага грамадства.

Дэмакратычнае ядро складае 25%, база Лукашэнкі — 21%. Прыблізна роўная сітуацыя. Пры гэтым, калі казаць пра дэмакратычнае ядро, то там і прыхільнікі Ціханоўскай, і Латушкі, і Цапкалы, і супраціву.

І тут важна ўзгадаць настроі насельніцтва і груп. Калі паглядзець на прыкладзе вайны з Украінай, то Лукашэнка не пайшоў на больш актыўны ўдзел не таму, што ён не хацеў ці баяўся. А таму, што насельніцтва супраць. Нават у недэмакратычнай дзяржаве калі ты робіш тое, што не падабаецца 90% грамадзян, ты аслабляеш сваю ўладу. Лукашэнка робіць усё, каб яе ўзмацніць.

Але ці дастаткова 20%, каб гарантаваць сабе нармальнае існаванне і нармальную палітычную будучыню? Я думаю, не.

Далей аналітык разважае наконт астатніх груп насельніцтва і магчымасцяў уплыву на іх.

— Тое, што ў Chatham House называецца «аўтарытарныя», гэты тыя, хто з большага паўтараюць праўладныя наратывы, але не так добра ставяцца да Лукашэнкі. Нават на гэта ядро яго ўплыў не перайшоў. І тут ёсць пэўныя праблемы з тым, што рабіць. Каб утрымаць сітуацыю, патрэбны ўплыў на гэта ядро.

Пра дэмакратычную частку тое ж самае. 25% — гэта таксама не 50%. Ёсць тыя, хто спачувае дэмакратычнаму ядру, але іх таксама небагата. І гэта іншая група, на якую дэмакратычнае ядро альбо актывісты пратэстаў не ўплываюць.

Адпаведна, пытанне ў тым, хто будзе ўплываць на працэсы ў будучым, хто сваімі ідэямі, сваімі наратывамі альбо сваімі структурамі будзе ўплываць на іншыя тры групы, тое, што мы называем часам «балотам».

«Балота» — гэта не ёсць нешта негатыўнае, гэта, скажам так, з’ява. Ёсць нейкія купіны, нейкая вада, нешта яшчэ — гэта такая неаднародная маса. Маса ўмоўна нейтральных, як іх называе Chatham House.

Для таго, каб мець устойлівасць, кожная з груп, якая хоча прабіцца ва ўладу альбо ўтрымаць уладу, мусіць уплываць на іншыя групы, – кажа Тышкевіч.

Ён адзначае, што ў кожнай з азначаных груп свая інфармацыйная замкнёная прастора. Гэта значна стрымлівае магчымасці ўплыву. Да таго ж у групе прыхільнікаў дзеючай улады ёсць і іншыя праблемы.

— На гэтым фоне Лукашэнка спрабуе ўнесці нейкія ініцыятывы, там, абвяшчае аб стварэнні партый, надзяляе нейкімі паўнамоцтвамі мясцовыя ўлады, таму што адсутнічае кантакт з людзьмі, звяртае ўвагу на мясцовую прэсу, якая малюе карціну з разраду ненавуковай фантастыкі. Таксама ён казаў пра правал працы з людзьмі «Белай Русі» і БРСМ.

Але ў чым праблема любой аўтакратыі. Рана ці позна яна прыводзіць да таго, што пачынаюць выраджацца кадры. Гэта азначае, што ў дыктатуры, у таталітарызме чыноўнік, кіраўнік сярэдняга звяна на пэўным этапе разумее, што ініцыятыва, калі яна ў яго і была, не лепшы сродак для кар’ернага росту. Найлепшы сродак — паслухмянасць.

Вакол любога кіраўніка ствараецца так званая «цёплая ванна». Каб такога не здаралася ў дэмакратычнай супольнасці, там існуе свабодная прэса.

У рэжыме дыктатуры ёсць цэнтр, ёсць загады, і гэтыя загады выконваюцца без аналізу, наколькі яны паспяховыя ці не. Адпаведна, з аднаго боку, няма камунікацыі з насельніцтвам, а з другога боку, няма сацыяльных ліфтаў, якія б у верхні сегмент уладнай піраміды давалі разумных і ініцыятыўных асобаў, якія могуць браць на сябе адказнасць.

Так пачынаецца прабуксоўка ўсёй сістэмы.

Гэта фактычна бяда Лукашэнкі, таму што вакол яго «цёплая ванна». Ён свята верыць у тое, што прадукуюць яго прапагандысты. Хаця ёсць жа закон прапаганды: не вер той лапшы, якую спрабуеш навешаць на вушы іншым.

З другога боку, і ў жніўні 2020 года, і пазней працэсы паказалі, што якасных кадраў, якасных выканаўцаў ва ўлады па вялікім рахунку няма.

На вышэйшыя галіны ты можаш запрасіць проста за грошы кансультантаў. А на сярэднюю адкуль ты возьмеш? Вось такая бяда, — робіць яшчэ адзін вынік аналітык.

Па яго словах, выправіць сітуацыю можна толькі здаровай канкурэнцыяй на ўсіх этапах. Але менавіта такая свабода не ўласціва рэжыму Лукашэнкі.

— Лечыцца гэта толькі працэсам канкурэнцыі, працэсам большай адказнасці. Гэта адна з прычынаў, якая прымушае Лукашэнку перакладаць пэўную частку паўнамоцтваў на мясцовыя ўлады.

Калі на месцах становіцца паспяховым вырашэнне праблем, узнікаюць больш ініцыятыўныя людзі, больш разумныя, тыя, хто бярэ на сябе адказнасць. Іх можна выцягваць наверх і такім чынам за 5-7 год можна аднавіць усю, як кажа Лукашэнка, вертыкаль. У дэмакратычным грамадстве гэта называецца «сістэма ўлады». Але ў Беларусі гэта сістэма не працуе.

Не працуе і канкурэнцыя на сярэднім і вышэйшым узроўні паміж праўладнымі палітычнымі структурамі.

А для нармальнага ўтрымання сітуацыі ты мусіш гарантаваць сабе 40-45% насельніцтва, якое цябе стабільна альбо падтрымлівае цалкам, альбо з агаворкай.

І вось тут мы маем вельмі хісткую сітуацыю для Лукашэнкі. Так, яны зацэментавалі зараз стан рэчаў, але ў сярэднетэрміновай перспектыве сітуацыя вельмі хісткая. Грамадства змянілася, сённяшняя сістэма ўлады не адпавядае складанасці беларускага грамадства, што дарэчы прызнаў і сам Лукашэнка, – мяркуе аналітык.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(14)