Экономика

Трыбунал у Гаазе абавязаў улады Беларусі кампэнсаваць інвэстару больш за $20 млн

Міжнародны арбітражны трыбунал у Гаазе абавязаў Беларусь выплаціць амаль 22,5 млн даляраў расейскаму інвэстару за экспрапрыяваную маёмасьць і парушэньне стандарту справядлівага абыходжаньня ў справе «Манолиум-Процессинг» супраць Беларусі, паведамляе Свабода.

Гэта першае рашэньне з удзелам Беларусі ў інвэстыцыйным арбітражы, вынік якога зьявіўся ў публічным доступе.

У 2017 годзе расейская кампанія ТАА «Манолиум-Процессинг»
ініцыявала арбітражны разгляд супраць Беларусі на падставе Дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Яна патрабавала кампэнсаваць наўпроставую шкоду і страчаную выгаду на суму больш за 200 млн даляраў (пасьля пазоўнік зьменшыў патрабаваньні прыблізна да 176 млн даляраў).

Сутнасьць патрабаваньняў зводзілася да таго, што ў 2003 годзе кампанія заключыла інвэстыцыйную дамову зь Менскім гарвыканкамам на забудову зямельнага ўчастку ў цэнтры сталіцы. У якасьці платы за атрыманьне такога права да сярэдзіны 2011 году расейцам трэба было ўзьвесьці некалькі камунальных аб’ектаў.

Аднак, як тлумачыла сытуацыю Міністэрства эканомікі Беларусі, шматлікія парушэньні з боку ТАА «Манолиум-Процессинг», выкліканыя «нядбайным стаўленьнем да нацыянальнага заканадаўства», прывялі да таго, што інвэстар страціў ранейшае права на будаўніцтва.

У 2014 годзе Эканамічны суд Менска вынес рашэньне скасаваць інвэстыцыйную дамову. Спрэчкі бакоў доўжыліся яшчэ працяглы час, хоць зямельны ўчастак ужо перадалі іншаму забудоўніку. Паводле расейскага боку, камунальныя аб’екты былі ўзьведзеныя, а дзяржорганы адмовіліся выплаціць кампэнсацыю выдаткаў.

Сёлета ў чэрвені склад арбітражу, створаны для разгляду гэтай справы, прызнаў у адпаведнасьцi з Дамовай аб Эўразійскім эканамічным саюзе толькі заявы пазоўніка, зьвязаныя з рашэньнямі беларускіх судоў пасьля 2015 году і перадачай зямельнага ўчастку ў раёне плошчы Перамогі іншаму інвэстару (цяпер тут група А-100 узводзіць жылы комплекс «Дэпо»).

Патрабаваньне «Манолиум-Процессинг» пакрыць страчаную выгаду, зьвязаную са стратай права на зямельны ўчастак у цэнтры Менска, склад арбітражу прызнаў беспадстаўнымі, а ў сумах патрабаваньняў пагадзіўся з пазыцыяй Рэспублікі Беларусь.

Эканамічнае ведамства ўдакладняе, што пэўныя пазыцыі беларускага права не дазвалялі дзяржаўным органам выплаціць ТАА «Манолиум-Процессинг» кампэнсацыю за яго выдаткі на будаўніцтва камунальных аб’ектаў, паколькі беларуская дачыная кампанія «пастаянна парушала ўнутранае заканадаўства і да 2016 году загразла ў падатковых абавязках і штрафах».

Склад арбітражу пастанавіў пакрыць пазоўніку сродкі, выдаткаваныя на будаўніцтва камунальных аб’ектаў у памеры, вызначаным кантрольна-рэвізійным упраўленьнем Міністэрства фінансаў Беларусі: блізу 19 мільёнаў даляраў або 12% ад агульнай сумы першапачатковых патрабаваньняў. Аднак лішніх грошай у бюджэце так і не знайшлося, пацярпелы бок не атрымаў нават гэтай сумы.

Не дачакаўшыся справядлівага разьбіральніцтва, расейская кампанія падала пазоў у Міжнародны арбітражны трыбунал у Гаазе. Вэрдыкт — кампэнсаваць укладзеныя выдаткі з улікам дадатковых расходаў на арганізацыю працэсу.

Паводле экспэртаў, яшчэ як мінімум дзьве эканамічныя справы супраць Беларусі разглядаюцца іншымі міжнароднымі трыбуналамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(26)