Общество
Аліна Таранік

Тры шляхі да беларускай мовы

21 лютага адзначаецца сусветны дзень роднай мовы. Карэспандэнт «Салідарнасці» сабрала тры гісторыі пра тое, як вельмі розныя асобы сталі беларускамоўнымі: неўролаг, кіяўлянка, палiтвязень.

«Калі я буду вельмі інтэлігентнай, буду саступаць, тады мы ніколі не будзем размаўляць на беларускай мове»

Неўролаг медкамісіі 24-й паліклінікі Тамара Антановіч паўсюль размаўляе толькі па-беларуску. Праца не стала выключэннем.

– Калі я буду вельмі інтэлігентнай, буду саступаць, тады мы ніколі не будзем размаўляць на беларускай мове, – перакананая Тамара Антановіч. – І мне вельмі шкада, што, напрыклад, артысты, якія цудоўна граюць у тэатрах на беларускай мове, дома размаўляюць па-руску.

Жанчына распавяла, што перайшла на мову адразу пасля таго, як Беларусь стала незалежнай краінай. Тады ствараліся беларускамоўныя класы, і ўрач вырашыла даказаць сабе, што і яна можа стаць беларускамоўнай. Тамара Антановіч паўсюль брала з сабой слоўнік і рыхтавала даклад да навуковай канферэнцыі на роднай мове. Цяпер нават гісторыю хваробы яна піша па-беларуску. Калегі заўсёды ставіліся да беларускамоўнай жанчыны прыязна, а ў размове з доктарам час ад часу ўстаўляюць беларускае слоўца. Тое ж і пацыенты. Адна жанчына нават не вытрымала і напісала падзяку ў кнігу скаргаў і прапаноў.

– Канешне, часам людзі кажуць, што не разумеюць. Я тады кажу, каб не хваляваліся, бо буду перакладаць. А напрыканцы адказваюць мне: ведаеце, і без перакладу было ўсё зразумела. Праўда, калі пытаюся: «Ці была ў вас страта прытомнасці?» і прашу: «Павярніце вочы ў левы бок», для людзей гэта нечакана, і яны рэагуюць не адразу, – усміхаецца жанчына.

Тамара Антановіч (другая справа) разам з самай лепшай і добразычлівай 4-й камісіяй

Тамара Антановіч распавяла, як шукала медыцынскую літаратуру ў колішняй Ленінскай бібліятэцы. Аказалася, што да вайны ўся медыцынская літаратура пісалася на беларускай мове. У бібліятэцы неўролаг знайшла – да свайго здзіўлення – беларускамоўныя публікацыі прафесара, які яе вучыў, а таксама інфармацыю, што выкладчыкі, якія надоўга прыязджалі ў Беларусь з Расіі, павінны былі вывучыць мову.

Жанчына не баялася, што яе не возьмуць на працу – за плячыма вялікі досвед працы, ды і па-беларуску яна размаўляла нават у шпіталі для адстаўнікоў МУС. Дарэчы, там з ёй прыключылася цікавая гісторыя. Адзін з былых міліцыянтаў, да якога ўрач адправілася падчас дзяжурства, літаральна збягаў ад беларускай мовы. Ён абвінаваціў урача ў нацыяналізме, маўляў, «знайшоўся тут яшчэ адзін Быкаў», і нават папрасіў, каб ціск яму памерала медсястра. За «пагоней» назіралі маладыя людзі, і Тамара Мікалаеўна вырашыла запытацца, што яны пра такую сітуацыю думаюць.

– Ведаеце, я дагэтуль размаўляў па-руску, але цяпер пабачыў сапраўднага ахоўніка мовы. Дзякуючы Вам, буду размаўляць па-беларуску, – сказаў адзін з хлопцаў.

«Курси біларуської мови Київ»

Некалькі год таму пазнаёмілася праз сацыяльную сетку «Вконтакте» з кіяўлянкай Атанайяй, а ўлетку з вялікай кампаніяй сяброў ехала на адпачынак праз украінскую сталіцу.

– Прыязджайце! Беларусы нам патрэбныя ў любой колькасці, – вельмі ўразіла тады запрашэнне Атанайі.

Мы прыехалі і правялі ў Кіеве некалькі выдатных дзён. Аказалася, што Атанайя і яе муж Павло добра валодаюць мовай і нават прысаромелі нас пытаннямі наконт значэння рэдкіх беларускіх словаў. У Павло захапленне пачалося з песень «NRM», «Крамбамбулі», «Osimira». Зразумеўшы, што беларуская мова прыгожая і мілагучная, ён прыступіў да яе вывучэння, але некаторыя словы – да прыкладу «дождж» – даюцца ўкраінцу зусім не проста.

Атанайя ж мае цэлую гісторыю пра шлях да беларускай мовы:

– Я з дзяцінства ведала, што маю продка літоўца – пра гэта сведчыць бабуліна прозвішча Літаўчук. Вельмі дзівілася, што літоўская мова здаецца мне адной з замежных. Ужо калі стала дарослай, са здзіўленнем даведалася, што літоўцаў у часы Вялікага княства Літоўскага называлі жмудзінамі ды жэмайтамі, а літоўцамі або літвінамі – беларусаў!

Тады Атанайя зразумела, чаму яе так вабіць беларуская мова, а праз некалькі год вырашыла, што хоча яе вывучыць. Вось толькі зрабіць гэта ва Украіне аказалася складана.

Набраўшы ў пошукавіку «курси біларуської мови Київ», Атанайя атрымала два вынікі. Па першым тэлефоне спалохаліся пытання ўкраінкі: «Так, на нашым сайце паказваецца беларуская мова, але Вы – першая, хто да нас звяртаецца, таму нам прыйдзецца шукаць для Вас выкладчыка...».

– Добра, тэлефаную па іншым нумары, – распавядае Атанайя. – Пачынаецца цырк. Спадарыня на тым канцы дроту пытаецца: «А для чаго вам беларуская мова?» Я аслупянела. Кажу: «Хачу вывучыць, а ў вас на сайце вісіць такая прапанова». Мне адказваюць: «А вы прыслухайцеся – беларуская мова вельмі падобная да ўкраінскай, усё можна зразумець». «Я разумею, – кажу, – але хачу яшчэ і размаўляць – навучыце мяне». Спадарыня раіць: «А вы едзьце ў Беларусь – і там вывучыце».

Ведаючы, што з мовай у Беларусі сітуацыя кепская, Атанайя працягнула свае спробы, патэлефанаваўшы ў амбасаду Беларусі ва Украіне з пытаннем, ці няма ў іх моўных курсаў. Такі ж спалоханы голас адказаў кіяўлянцы, што нічога яны прапанаваць не могуць, хіба, можа, аташэ па культурных пытаннях…

– Аташэ, вядома, курсаў не арганізаваў, затое падарыў мне беларускі буквар і падручнікі па беларускай мове ды літаратуры для 5 класа. І яшчэ даў тэлефон старшыні Усеўкраінскага саюза беларусаў. А Беларускі клуб я ўжо потым сама знайшла, – завяршае сваю гісторыю суразмоўца.

Для Атанайі беларуская мова цяпер як другая родная, паколькі ў ёй яна знаходзіць словы для апісання усіх пачуццяў і перажыванняў. Украінка кажа, што і дзеці ўжо пачынаюць разумець мову, вось толькі няма з кім практыкавацца:

– Спадзяюся калі-небудзь паехаць з імі ў Беларусь, якая ў той час пачне размаўляць на сваёй мове. Каб асяроддзе было… Бо без асяроддзя вельмі цяжка вучыць мову, нават родную… – не губляе надзеі Атанайя.

Мікалай Аўтуховіч за кратамі сур'ёзна ўзяўся за вывучэнне мовы

Мiнчанка Настасся ўжо некалькі год вядзе перапіску на беларускай мове з палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам. Першы адказ ад яго быў па-руску, а потым ён пачаў пісаць на роднай мове. Цяпер дзяўчына ў сваіх лістах тлумачыць Мікалаю Аўтуховічу яго памылкі. Пра гэта палітвязень папрасіў сам – хоча істотна падцягнуць беларускую мову, пакуль знаходзіцца за кратамі.

– Як я адчую, што гатовы размаўляць па-беларуску, я таксама прынцыпова толькі гэтак і буду рабіць, – піша палітвязень у лісце да беларускамоўнай суразмоўцы. – І няхай усе глядзяць, няхай шэпчуцца.

Аўтуховіч піша, што меў у калоніі слоўнік і часта ім карыстаўся, каб падабраць правільнае слова. Цяпер ён не мае магчымасці папрактыкавацца ў мове: у СІЗА на Валадарскага яго суседам быў хлопец, што нават складаў песні па-беларуску, а ў гродзенскай «крытцы» суразмоўцаў няма наогул.

Даведаўшыся пра тое, калі адзначаецца Дзень роднай мовы, Аўтуховіч вырашыў з раніцы да вечара 21 лютага размаўляць (ці хаця б думаць) па-беларуску. Дарэчы, у ваўкавыскай калоніі ён ужо праводзіў конкурс на лепшы беларускамоўны верш сярод арыштантаў. Вершы пераможцаў даслаў у адным са сваіх апошніх лістоў:

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)