Лица
Ірына Бельская, Настасся Цішкавец, фота: Кацярына Буто, Аловак

Тры простыя ідэі, як палепшыць жыццё

У кожным нумары ALOVAK дзеліцца сваімі простымі ідэямі, якія паляпшаюць жыццё.

Што мы разумеем пад такімі ідэямі? Ды ўсё што заўгодна! Абы гэта:

- давала магчымасць парадаваць сябе і тых, хто побач;

- прымушала забывацца пра клопаты і праблемы хоць на хвіліну;

- выклікала ўсмешку.

Простая ідэя нумар адзін

Хочаце знайсці новы стымул у маляванні, каб хацелася маляваць часта і шмат? Размясціце ў сябе на стале альбом на спружынах фармату А3. Паверце, вы і самі не заўважыце, як старонкі запоўняцца ілюстрацыямі, карцінкамі, эксперыментамі.

Сыходзячы з практыкі, фармат альбома А3 на спружыне найбольш зручны – можна з лёгкасцю перагортваць старонкі, не вырываючы і не заламваючы іх, а памер дазваляе зручна размеркавацца зверху: кладзіце рукі, стаўце кубачак, крышыце пячэнне – зараз гэта ваш працоўны стол з функцыяй перагортвання. І не хавайце далёка алоўкі, асадкі і фламастары!

Простая ідэя нумар два

Сумуеце па яркім, зялёным лісці на дрэвах? Узімку так не хапае зеляніны... Але зусім не абавязкова чакаць цяпла і вясны, каб убачыць першыя нясмелыя лісткі. Можна зрэзаць на вуліцы зімовыя галінкі, а лепш падабраць зламаныя, паставіць іх у гарачую ваду і накрыць на першы час цэлафанавым пакетам. У цяпле вашага дома лісткі пачнуць раскрывацца. Вы зможаце ўбачыць нараджэнне сапраўднага цуда – новага жыцця!

А калі паставіць такі букет з галінак у спальны пакой, то кожную раніцу вы будзеце прачынацца з сапраўдным вясеннім настроем!

Простая ідэя нумар тры

Падняць настрой вельмі лёгка: вы можаце ўпрыгожыць цішотку малюнкамі пры дапамозе тэкстыльных маркераў, а калі на адзенні вашага дзіцёнка з’явілася плямка, якую немагчыма адмыць, гэта яшчэ і выдатны спосаб замаскіраваць яе. Намалюйце на цішотцы пацешны ўзор, смайлік або напішыце матывавальную цытату.

Размалёўваць адзенне – гэта вельмі забаўляльны працэс. Паклічце дзяцей і стварайце разам!

Цалкам свежы нумар часопіса «Аловак» можна паглядзець тут.