Тры пралікі праўладнага сацапытання
«І пасля гэтага яны кажуць пра меркаванні «ўсіх» беларусаў!». Сацыёлаг Генадзь Коршунаў патлумачыў, што не так з даследаваннем, якое прадставілі ўлады.
Нагадаем, 16 снежня ў інфармацыйнай прасторы з’явіліся доўгачаканыя дадзеныя апытання EcooM /Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі і Аналітычнага цэнтру.
— У прынцыпе, нічога дзіўнага ці звышнатуральнага нам не прэзентавалі. Проста лічбы, якія не стасуюцца ні з чым, — адзначае сацыёлаг Генадзь Коршунаў.
Я зараз не буду нічога казаць пра «дадзеныя» гэтага праекту. Хто жадае, можа сам іх параўнаць з любымі дасяжнымі дадзенымі нармалёвых сацыялагічных даследаванняў – хоць Chatham House, хоць ZOiS, хоць Народнага апытання, хоць ВЦИОМ.
Я не буду казаць пра «асаблівасці» сацыялагічнага інструментарыя, то бок анкеты. Гэта ўжо зроблена, і даволі падрабязна.
Я не буду казаць, пра аб’ём выбаркі ў 10 000 чалавек, бо пісаў пра гэта раней.
Я хачу звярнуць увагу вось на гэткае апісанне «даследавання», якое выкладаюць самі арганізатары:
«В рамках социологического обеспечения республиканского референдума с 15 ноября по 4 декабря 2021 года социологическим консорциумом ГНУ «Институт социологии НАН Беларуси» совместно с Аналитическим центром EcooM проведено масштабное социологическое исследование. В опросе приняли участие 10 217 респондентов. Генеральная совокупность — экономически занятое население. Выборка — многоступенчатая, стратифицированная (по региону проживания и типу населенного пункта), с контролем квот по полу и возрасту. Исследованием охвачены все области Беларуси, Минск, 52 района (с учетом 9 районов столицы), почти 350 организаций и предприятий различных сфер и форм собственности».
Давайце пройдземся па пунктах. Таму што непрафесіяналізм ну проста «вапіюшчы».
Па-першае, генеральная сукупнасць – тут прастадушна і шчыра пішуць, што пытанні задаваліся не ўсяму беларускаму грамадству, а толькі «экономически занятому населению». На хвіліначку, праз гэта аўтаматам наўпрост выпадаюць такія сацыяльныя групы як студэнты і пенсіянеры. Калі казаць пра гэта лічбамі: колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва ў Беларусі на 01.01.2020 складала 4330,1 тыс. чалавек ці 46% ад усяго насельніцтва, альбо 63% ад колькасці выбаршчыкаў, якіх у 2020 г. налічвалася 6 845,0 тыс. чалавек.
І пасля гэтага яны кажуць пра меркаванні «ўсіх» беларусаў…
Далей, само «экономически занятое население». Гэта не самая распаўсюджаная фармулёўка, такую частку насельніцтва вылучаюць даволі рэдка. Тут яе ўжылі выключна па адной прычыне – па факту апытанняў людзей на месцы іх працы: «…исследованием охвачены… почти 350 организаций и предприятий». Зноў шчыра, прастадушна, але шчыра.
Выбар такога падыходу зразумелы, бо за кароткі тэрмін апытаць нармальным чынам 10 000 чалавек амаль немагчыма. Гэта можна зрабіць толькі скарыстаўшыся адміністрацыйным рэсурсам – намаганнямі намеснікаў па ідэалогіі, прафсаюзных лідараў, коштам чальцоў БРСМ і «Белай Русі». Акрамя таго, што гэта высоўвае працэдуру па-за прафесійныя межы сацыялогіі, тут становіцца відавочным неабсяжная прастора для прапагандысцкага ціску на рэспандэнтаў. Пра шчырасць адказаў у такім выпадку гаворкі і не ідзе.
І пасля гэтага яны кажуць пра «меркаванні» ўсіх беларусаў.
Трэцяе. Калі апытанне і сапраўды было і праводзілася па месцы працы, то, падаецца, у апытанне не маглі патрапіць прадстаўнікі тых прафесіяў, якія працуюць ці заўсёды размеркавана ці дыстанцыйна зараз: кіроўцы, прадаўцы, айцішнікі і шмат хто яшчэ. Яны што, не «беларусы»? Іх меркаванні ўлічваць няма патрэбы?
Дарэчы, хаця ў тэксце і кажуць, што апытанне праводзілася сярод «организаций и предприятий различных сфер и форм собственности» я нешта далёка не ўпэўнены, што ў склад апытаных маглі трапіць людзі, што працуюць у прыватным сектары. Няма там намеснікаў па ідэалогіі і прафсаюзы пакуль не зрабілі… Пэўна, і «прыватнікі» не заслугоўваюць пачэснага права беларусамі звацца.
І пасля гэтага яны пішуць… Але ладна, падсумуем і гэты тэкст, і тое, што пісалі папярэдне:
- даследчыцкі інструментарый – непрафесійны,
- аб’ем выбаркі – неабгрунтаваны,
- выбар генеральнай сукупнасці – вельмі сумнеўны,
- метад збору інфармацыі – абшар для ідэалагічнага ціску,
- прэзентацыя дадзеных – маніпулятыўная.
Сухая рэшта: гэта не сацыялогія, гэта лічбы ні аб чым. Хіба толькі аб тым, што арганізатарам «даследавання» трэба ісці і чытаць падручнікі.
Читайте также
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное