Коктейль
Анастасія Зелянкова

Тры гады ў хіт-парадзе

Вялікім канцэртам адзначыць сёння сваё трохгоддзе музычны партал “Тузін гітоў”. Свята абяцае быць поўным нечаканасцяў, як, дарэчы, і ўсё праекты гэтага адметнага медыйнага рэсурса.

Назва “Тузін гітоў” ужо стала брэндам. Яшчэ тры гады таму ніхто і падумаць не мог, што ў хуткім часе гэты праект набудзе такую папулярнасць. Выканаўцы будуць лічыць за гонар аказацца на прыступках хіт-параду “Тузіна”, а песні, што трапляюць сюды, будуць мець адзнаку вышэйшай якасці.

— Гэты праект ствараўся з мэтай папулярызаваць беларускую музыку — аналагаў яму ў Беларусі не было, — распавядае рэдактар сайта Сяргей Будкін (на фота). — Мы хацелі зрабіць нашу музыку больш даступнай. Яшчэ тры гады таму знайсці яе нават у Інтэрнэце было вельмі цяжка. Тым больш, калі гэта нейкія новыя кампазіцыі.

Нават у першы дзень працы сайта яго наведалі 182 чалавекі — па тых часах лічба вельмі нядрэнная. Зараз прыхільнікаў куды больш. А ў лёсавызначальныя моманты музычнага жыцця, як, да прыкладу “Басовішча” ці “Рок-каранацыя”, іх колькасць сягае да трох тысяч чалавек.

За гэты час праз рукі стваральнікаў “Тузіна гітоў” прайшло каля двухсот беларускіх выканаўцаў. Час ад часу паміж імі нават разгортваецца барацьба за права патрапіць у хіт-парад.

— Часцяком бываюць прэтэнзіі, што мы не паставілі тую ці іншую песню, — распавядае Сяргей Будкін. — Выканаўцы ж адразу хочуць бачыць сябе ў хіт-парадзе, а песень вельмі шмат, вялікая чарга. Ды часам мне падаецца, што песня не вартая хіт-параду. Але ж музыкі лічаць наадварот, таму такія канфлікты ўсё ж узнікаюць. Пасля іх некаторыя гурты нават адмаўляюцца ад удзелу ў хіт-парадзе, але такое здараецца рэдка. Музыкам трэба разумець, што перамога — не галоўнае. Галоўнае — паказаць песню, каб яе пачулі, а барацьба за месцы досыць умоўная.

Называць “пакрыўджаных” творцаў Сяргей катэгарычна адмаўляецца. Кажа: не варта лішні раз скандаліць. І ўсё ж у большасці сваёй “Тузін” з музыкамі ў вельмі добрых стасунках. Некаторыя зоркі час ад часу выступаюць у якасці карэспандэнтаў парталу, і калі здараецца якая нагода, пішуць у раздзел “Музычныя навіны”. Нядаўна Лявон Вольскі парадаваў рэпартажам пра сваю паездку з N.R.M. у Славакію. А лідэр “Палаца” Алег Хаменка ўвогуле з’яўляецца вядучым радыёверсіі хіт-параду "Тузін Гітоў" на хвалях "Радыё Рацыя".

Толькі сяброўскія адносіны, па словах рэдактара, ніяк не ўплываюць на палітыку сайта — песні, якія трапляюць у складанку хіт-параду, выбіраюцца выключна з пазіцый уласнага густу музычнага рэдактара. Ніякага абмежавання стыляў і накірункаў — ад дзікіх альтэрнатыўшчыкаў да прадстаўнікоў поп-музыкі. Апошні прыклад — Анжаліка Агурбаш з яе песняй “Вянок”, якая, дарэчы, заняла другое месца ў мінулым туры. Галоўная ўмова да ўсіх — песня павінна быць беларускамоўнай.

— Песню мы размяшчаем толькі са згоды самога выканаўцы, ён яе і прэзентуе. Часам музыкі самі могуць прапанаваць нам сваю песню ці альбом, з якога мы выбіраем адну. Некаторыя выканаўцы даюць песню літаральна пасля запісу, а бывае, што абяцаюць яшчэ да яе стварэння, — распавядае Сяргей.

Вось так агулам і збіраецца 12 песень — так званы тузін. Потым — справа за слухачамі, якія на працягу двух тыдняў галасуюць за найбольш упадабаныя песні — на сайце можна і праслухаць любую кампазіцыю. Так вызначаюцца тры пераможцы і тры аўтсайдэры. Апошнія пакідаюць тузін, але іх МРЗ-версіі застаюцца ў архіве. На наступны тур усе галасы абнуляюцца, і ўсё пачынаецца спачатку.

Прычым, трэба сказаць, што не заўсёды густы слухачоў супадаюць з меркаваннем рэдактара сайта.

— Такое здараецца ледзьве не штотур. Канешне, мне падабаюцца ўсе песні, бо я — адзін з тых, хто іх адбірае. Але вельмі часта мне здаецца, што тая ці іншая песня вартая большай увагі, чым нават пераможца, — прызнаецца Будкін.

Апошні такі выпадак быў з расійскім гуртом “Комба Бакх”. Сяргею падавалася, што гэтыя музыканты, якія заспявалі па-беларуску, вартыя першага месца, але паводле галасавання яны аказаліся толькі на 12-м. Што зробіш — прыйшлося наступіць на горла ўласнай песні і выключыць любімчыкаў з хіт-параду.

Калі праект толькі распачынаўся, над ім працавалі ўсяго тры чалавекі. Зараз для сайта пастаянна пішуць 12 аўтараў — вось такое сімвалічнае супадзенне.

— Ствараючы гэты праект, мы меркавалі, колькі ж ён праіснуе, — распавядае Сяргей Будкін. — Тады хацелася верыць, што нам пашанцуе і год-два мы працягнем. Зараз ужо зразумела, што будзе і намнога больш.

Сёння “Тузін гітоў” — гэта не толькі хіт-парад. Гэта самыя свежыя музычныя навіны, праект “Заля славы”, дзе распавядаецца пра герояў мінулага — “Песняроў”, “Сузор’е”, “Бонду”, штогод з’яўляецца выніковая складанка. Дарэчы, леташні дыск “Прэм’ер Тузіна” быў адзначаны на “Рок-каранацыі” як праект года. А чаго вартая версія радыёпраграмы, якая некалі выходзіла на радыё сталічнага гарвыканкама “Мінск”!

— Калі мы яе запускалі, ніхто не верыў, што яна выйдзе больш за тры разы, — адзначае Сяргей Будкін. — Гэта былі тыя часы, калі беларуская музыка ўжо знаходзілася пад забаронай — а ў нас у праграме былі і N.R.M., і “Нейра Дзюбель”... І тым не менш на радыё “Мінск” мы зрабілі каля 50 праграм. Вяліся нават размовы, што гэта самая папулярная праграма.

Сяргей сцвярджае, што асаблівых перашкод ім тады не чынілі. Адзінае, што было — гэта спробы перастрахавацца: так, падчас нейкіх грамадска важных святаў ці рэферэндума такую ідэалагічна не вытрыманую перадачу проста не рызыкавалі ставіць у эфір. Калі ж праграму ўсё ж зачынілі, радыёверсія “Тузіна” перабралася на “Радыё Рацыя”, дзе зараз і жыве.

Увогуле, усе ідэі і планы стваральнікі сайта раскрываць не жадаюць. Кажуць: пакуль не здзейсніліся, лепш памаўчаць. Але тое, што ў бліжэйшы час варта чакаць новых цікавых праектаў — гэта дакладна — на іх “Тузін” заўсёды багаты.

Святочны канцэрт адбудзецца сёння, 12 снежня, а 19-й гадзіне ў клубе “Юла” (вул. Сурганава, 26).