Тры доказы таго, што «беларускі парадак» – фікцыя
Алесь Чайчыц напісаў пра «беларускі парадак». У параўнаньні з расейскім бязладзьдзем мабыць і просіцца такі тэрмін. Але, на маю думку, гэта фікцыя, якой проста не існуе ў прыродзе.
Па-першае, «беларускі парадак» – гэта па ідэі беларуская дзяржава, беларуская адукацыя і беларуская культура. У РБ ёсьць толькі фармальныя прыкметы беларускай дзяржавы (пашпарт, грошы, нумары машын), усе рэальныя праявы беларускай адукацыі і культуры – нефармальныя і часьцяком забараняюцца дзяржавай.
Па-другое, давайце перастанем расказваць байкі пра «чыстыя вуліцы». Варта на паўдня ня вывесьці на гэтыя самыя вуліцы арміі прыборшчыкаў, і вы пабачыце, якія беларусы «парадачныя». Ці можна проста цяпер выехаць у зялёныя зоны за межы Менску, каб пераканацца, што дзе п’юць, там і рэчавыя доказы пакідаюць. І гэта – татальна.
Па-трэцяе, – пра законапаслухмяных беларусаў. Яны насамрэч такія, але. Тое, што колькасьць карных органаў на душу насельніцтва ў нас найвялікшая ў сьвеце, а на 28 тэатраў па краіне прыпадае 31 турма, – гэта вам пра нешта кажа? Дапусьцім, Лукашэнка перабіў бандыцкія групоўкі, якіх у 1990-я была процьма, дапусьцім моладзь шматсоценнымі касякамі ня ходзіць раён на раён, як было яшчэ ў 1980-я. Дапусьцім, людзі не пераходзяць на чырвонае сьвятло. Людзі пастаянна баяцца беспрадзелу з боку мянтоў, калі за пераход на чырвонае можна ня штраф атрымаць, як у савецкія часы, а адразу – дубінай і заламваньнем рук. Каб хаця чэрап не праламалі.
А які ў нас «парадак» у эканоміцы, выбарчым працэсе, СМІ – кожны бачыць няўзброеным вокам.
Алесь піша пра «беларускі орднунг». У такой тэрміналёгіі, магчыма, ён і прысутнічае, але сьведчыць выключна пра аўтарытарызм улады, уседазволенасьць чынавенства і поўны беспрадзел, які ўжывае бюракратыя ў дачыненьні да грамадзяніна дзяржавы.
Што да краінаў, дзе сёньня найлепей жывецца чалавеку, дык там даўно адмовіліся ад «парадку» ў дачыненьнях, а культывуюць замест яго гармонію. Гарманізацыя ўсіх законных інтарэсаў з усімі законнымі інтарэсамі і стварае той славуты камфорт для жыцьця, у які пераехалі сотні тысяч нашых суайчыньнікаў.
Далей ад «парадку».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное