Трагічна загінуў удзельнік «Майстроўні» прафесар Ігар Міклашэвіч

3 ліпеня, на наступны дзень свайго 50-годзьдзя, трагічным чынам загінуў былы майстровец, прафэсар, пісьменьнік Ігар Міклашэвіч.

Ігар быў доктарам навук, прафэсарам, загадчыкам лябараторыі ў Тэхнічным унівэрсытэце, пісьменьнік (псэўд. Стах Дзедзіч). Са сваёй жонкай Рыта Гвозьдзік пазнаёміліся трыццаць гадоў таму ў Беларускай Майстроўні. У Ігара застаўся сын Стах, які стаў мэнэджэрам, і дачка Яважына — дызайнарка моды.

Паплечнік Вінцук Вячорка ўзгадвае Ігара Міклашэвіча:

«Гэта неверагодна, і так скажуць усе, хто ведаў Ігара. Што за праклён на нас накладзены, чаму зноў мы мусім казаць пра паплечнікаў у прошлым часе?!

Энэргічны, фізык з адукацыі, Ігар унёс калісьці сваю энэргію ў беларускі майстроўскі рух: інтэлектуальную і фізычную. Пасьлядоўны нацыянальны рамантык — пісьменьнік Стах Дзедзіч — і ў той жа час грунтоўны беларус, укарэнены ў рэальнасьць і таму здольны зьмяняць яе вакол сябе: беларускамоўны прафэсар Тэхнічнага ўнівэрсытэту... А сям’я! Беларуская і беларускамоўная сям’я, дзе шчасьліва адбыліся і бацькі, і дзеці... Дай Божа вытрываць гэты нечуваны ўдар і найглыбейшыя спачуваньні жонцы Рыце, дзецям Стаху і Яважыне...»

Разьвітаньне адбудзецца заўтра ў Менску а 13 гадзіне па адрасе Ракасоўскага 55, дзе Ігар Міклашэвіч жыў. Пахаваньне на могілках у Менскім раёне, каля Сёмкавага Гарадка

***

Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці трагічнай смерці Ігара Міклашэвіча.

«Яго прыціснула калонай, як мне патлумачылі», — расказаў «Нашай Ніве» адзін са знаёмых Ігара. У двары вісеў гамак. Ігар скочыў на яго, і павалілася калона, да якой гамак быў прывязаны. Такі недарэчны выпадак.

«Адпачываў на Мінскім моры, дзе ў яго будаваўся дом. Адзначаў з блізкімі і найлепшымі сябрамі дзень нараджэння: за дзень да смерці яму споўнілася 50 гадоў. Але святкаванне перанеслі на выхадны, на 3 ліпеня. Няшчасны выпадак. Ён загінуў з усмешкай на твары», — кажуць родныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)