Трагедыя, пра якую нельга гаварыць
На Радыё Свабода падарожжа Зьмітра Бартосіка ў мястэчка Турэц пад Карэлічамі.
Колькі імёнаў людзей, якія загінулі падчас акупацыі, не ўключылі ў кнігі «Памяць»? Дзясяткі, сотні ці тысячы? Гэта тыя, хто загінулі выпадкова альбо на загад ад рук савецкіх партызанаў. Некаторыя ахвяры робяцца вядомымі дзякуючы добраахвотным дасьледчыкам. Высілкамі краязнаўцы Алеся Самца стала вядома пра трагедыю, што адбылася 3 лістапада 1942 году.
Калі ехаць зь мястэчка Турэц па дарозе на Скорычы, насупраць вёскі Чыжыноўцы, зьлева ад дарогі, убачыш могілкі. Тут, на высокім пагорку, у зарасьніку крапівы і пустазельля ўздымаецца стары шляхецкі склеп. Радавая магіла сям’і Гаманіцкіх.
Недалёка адсюль знаходзіўся фальварак Роскаш, дзе жыла сям’я апошняй гаспадыні маёнтку Марыі Гаманіцкай: сама Марыя, яе муж Антон Дзеўчапольскі, цётка Антона Анастасія Авянерус і сябар сям’і Ўладзімер Пакроўскі. Яны ўсе былі забітыя ў адзін зь лістападаўскіх дзён 1942-га.
Забойца, аблашчаны савецкай уладай
Імя забойцы сям’і ў Турцы было вядомае. Але па вайне пра гэта стараліся не гаварыць. Бо забойца ўзначальваў калгас у суседнім раёне. Ён жыў, аблашчаны ўладамі, пра яго пісалі кнігі і нарысы. І жыцьцё скончыў у арэоле славы.
Таісія Сабалеўская тут не карэнная. Яна нарадзілася ў Сіняўскай Слабадзе. У Турэц пераехала разам з бацькамі пасьля таго, як нацысты спалілі родную вёску за сувязь з партызанамі. Хударлявая, з жывымі вачыма і багатай мімікай падчас размовы, спадарыня Таісія сама падобная на старую графіню.
— Прыехалі немцы, усіх выганялі з хатаў і гналі да кузьні. Усе ляжалі на зямлі ніц. Былі настаўленыя кулямёты, — апавядае жанчына.
Сіняўская Слабада мусіла быць зьнішчаная разам з жыхарамі. Але людзей выратаваў камэндант мірскай паліцыі Серафімовіч.
— Ляжым, а зь лесу імчыцца Серафімовіч на кані. Да вайны ён рабіў на млыне. Добра ведаў нямецкую мову. Чалавек быў адукаваны, — працягвае яна.
Вось што піша пра гэтага чалавека Ўладзімір Калесьнік у сваёй кнізе «Доўг памяці». Фота з карэліцкага краязнаўчага музэю.
Камэндант мірскай паліцыі Серафімовіч
«Серафімовіч быў добрым хітруном. Пры Польшчы служыў млынаром у пана Дзядзюшкі, дык налаўчыўся і вашым і нашым, і пану, і сабе. Нават у 1939-м загадваў млыном, а пры немцах пайшоў у паліцыю, былы пралетарый. Знаёмых меў поўна і цераз знаёмствы ўгаворваў ісьці да яго ў паліцыю. (...)
Серафімовіч — раённы камэндант паліцыі ў Міры, былы Кашчыцаў парабак, млынар на вобрынскім млыне; Панкевіч — яго намесьнік, усходнік, даваенны шафёр Уладзімера Царука, тады старшыні Стаўпецкага райвыканкаму. Суб’екты выключныя: сваімі біяграфіямі даводзілі адноснасьць марксізму і сацыяльна-клясавых фактараў у рэальным жыцьці. Пралетарыі пайшлі ў паліцыю, кулакі — у партызаны. Чалавек, аказваецца, жыве ня так, як дыктуе соцыюм, а так, як яму хочацца і падабаецца».
Ультыматум, каб застацца жывымі
Спадарыня Таісія памятае той дзень да драбніц:
— Ён выратаваў. Каб ня ён, усіх нас бы расстралялі. Казаў людзям: «Прасецеся, прасецеся!» І тыя сказалі — даём тэрмін два месяцы. Будзеце дапамагаць партызанам — канец. А як жа ж ты не дапаможаш партызанам?
Таісія Сабалеўская разам з бацькамі, як і многія іншыя пагарэльцы зь вяскоўцаў, паняволі станавіліся местачкоўцамі. Займалі ў Турцы дамы, якія апусьцелі пасьля «вырашэньня габрэйскага пытаньня».
— Ці многа было сем’яў, якія займалі габрэйскія дамы?
— Многа. А чаго ж, каб яны пуставалі? Увесь цэнтар быў габрэйскі.
Вёску маёй суразмоўцы спалілі немцы за сувязь з партызанамі, а жыхароў ад немінучай сьмерці выратаваў паліцэйскі камэндант. Многія семʼі перасяліліся ў Турэц, дзе займалі дамы, адкуль выправілі на сьмерць сапраўдных гаспадароў, местачковых габрэяў.
У Турцы падчас акупацыі стаяў вялікі паліцэйскі гарнізон, за што мястэчка не любілі партызаны. Але той самы гарнізон даў магчымасьць перажыць адносна спакойна акупацыю тым, хто застаўся без свайго дома. Вось такое жыцьцё, дзе адно злачынства пераходзіць у другое. Абсалютнае зло часам суседнічае з дабром.
— Калі мы прыехалі зь Сіняўскай Слабады, тут габрэяў пабілі. Іх дамоў было многа. Асабліва ў цэнтры. І ў Ярэмічах. Спачатку іх у Ярэмічах пабілі, а потым ужо ў Турцы. Мы прыехалі ў пустыя хаты.
Сямʼя Сабалеўскай прыехала ў Турэц увосень, калі яшчэ гаспадары маёнтку Роскаш былі жывыя.
— Мама пасадзіла мяне на воз, і мы паехалі жабраваць. І па вёсках цэлы воз бульбы нажабравалі. І адзецца далі. А Дзеўчапольскі даў тату цэлы воз саломы і сена! Дзякуючы людзям мы і выжылі. У мяне ж нават сукенкі не было. Ведама, спалілі.
Ад мястэчка да былога маёнтка Роскаш, дзе жылі Дзеўчапольскія, пара кілямэтраў. Напярэдадні 25-й гадавіны кастрычніцкага перавароту сямʼю расстралялі. Загінулі ўсе дарослыя, хто быў у доме. Жывымі забойцы пакінулі толькі трохгадовага сына Андрэя. Яго знойдуць пляменьніцы гаспадара, Ірына і Марына, якія жылі ў іншым маёнтку і выпадкова, празь некалькі дзён пасьля трагедыі, заехалі ў Роскаш. Дзяўчыны неўзабаве выехалі ў Польшчу разам з малым.
Таісія падтрымлівала сувязь з пляменьніцай Антона, унучкай Анастасіі Марынай. Вяла перапіску, езьдзіла да яе ў Познань. У 1994-м Марына нават наведала родныя мясьціны. Тады яшчэ стаяў стары дом. А нашчадак гаспадароў, Андрэй, нават меў жаданьне выкупіць сваю зямлю. Але гэта быў год, калі Беларусь зноў пераўтваралася ў «савецкую».
Пані Марына пісала Таісіі ў сваім лісьце: «Шкада мне людзей, якія ня маюць добрага жыцьця, нават маючы зямлю былых гаспадароў». Але ў тым і рэч, што ня маюць. Ні добрага жыцьця, ні зямлі. А вось цікавая дэталь, якую паведаміла Марына: расстраляная сямʼя дапамагала ня толькі местачкоўцам.
«Хто забіў гэтую сямʼю, невядома. Але пані Марына мне казала, што рускія салдаты папярэджвалі Дзеўчапольскіх: «Уцякайце, вас будуць страляць». А яна, Марыя, перавязвала раны бальшавікам, салдатам. Казала: «Мы ж нічога кепскага нікому не зрабілі». Ну вось і не зрабілі. А забілі. Вайна сапсавала людзей. Людзі рабіліся страшнымі. Можа, перавыхоўваюцца пасьля? Пасьля ж і жылі, і брыгадзірамі рабілі».
Спадарыня Таісія кажа, што імёны забойцаў сямʼі Дзеўчапольскіх невядомыя. Гэта не зусім так. Вось цытата з баявога дзёньніка партызанскага атраду Дзьмітрыя Дзенісенкі, знойдзеная Алесем Самцом.
Дзенісенка Д.А. (справа) і ягоны ад’ютант Раман Эверт
«Групай нашага атраду ў маёнтку Дзеўчапольскіх Мірскага раёну расстраляныя паны гэтага маёнтку як «шкодны элемэнт», які ўзводзіць паклёп на партызанаў і на савецкую ўладу. Узятыя чатыры кані з павозкамі і вупражжу ды іншая маёмасьць».
«Вайна — гэта страх. Маглі любога забіць. І часьцей за ўсё трапляліся вось такія нявінныя людзі. Ужо ніхто не раскажа. Ужо няма тых людзей. І ў нас людзі закрытыя. Яны баяцца раскрывацца. І пасьля вайны нельга было нешта расказваць. Бо тут мала было сваіх ва ўладзе. Болей зь іншых месцаў, з Расеі ці адкуль. Таму людзі не раскрываліся».
«У маёнтку Дзеўчапольск расстраляны ягоныя гаспадары за паклёп на партызан і савецкую ўладу»
«Паглядзіце на гэтую дзяўчыну. Ці ж можа быць героем яе забойца?»
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное