Общество
Сямён Печанко

«У маёнтку Дзеўчапольск расстраляны ягоныя гаспадары за паклёп на партызан і савецкую ўладу»

Герой публікацый «Салідарнасці» выдаў кнігу пра савецкую партызанку.

У выдавецтве Аляксея Вараксіна выйшла кніга «У пошуках ісціны, альбо Анатомія хлусні». Аўтарам кнігі з’яўляецца краязнаўца з Карэліч Аляксандр Самец, які неаднаразова рабіўся героем публікацый «Салідарнасці».

Кніга прысвечана падзеям 1941-1944 гг, што адбываліся на тэрыторыі Карэліччыны. Першы раздзел выдання складаецца з архіўных матэрыялаў, успамінаў сведкаў і ўдзельнікаў падзей, звязаных з дзейнасцю партызанскага атрада пад кіраваннем Дзмітрыя Дзенісенкі («Міцькі»). Аўтар кнігі больш за дзесяць год дабіваўся перапахавання і годнага ўшанавання памяці партызанскага камандзіра Дзмітрыя Семянцова, застрэленага Дзенісенкам у снежні 1942-га.

У другім раздзеле аўтар ушаноўвае памяць бязвінных ахвяр вайсковага ліхалецця, я таксама спрабуе аднавіць гістарычную праўду пра забітых і іх забойцаў.

Дзякуючы шматгадовым намаганням Аляксандра Самца пад Карэлічамі усталявалі паятны знак пра партызанскага камандзіра Дзмітыя Семяцова, забітага Дзмітрыем Дзенісенкам

Аўтарам прадмовы да кнігі выступіў журналіст Радыё Свабода Зміцер Бартосік, які прысвяціў партызанцы на Карэліччыне некалькі артыкулаў.

— Праца Алеся Самца ўражвае сваёй грунтоўнасцю. Колькі трэба было выдаткаваць свайго часу на пошук і апытанне сведкаў! Колькі дакументаў трэба было перагледзець у архівах! Колькі перапрацаваць інфармацыі… Дзеля чаго? Забітых жа не ўваскрэсіш. Забойцаў не асудзіш. Але ёсць яшчэ наша памяць. Якая ўжо не дасць паўстаць старым хлуслівым міфам. І не давзоліць ваеннага злачынцу назваць героем, — напісаў Бартосік у прадмове.

Аляксандр Самец

— Мяне часта пытаюць: «Навошта ты гэтым займаешся?» Адказваю: «Каб ведалі, каб помнілі, каб такое не паўтарылася».

Нягожа, калі да сённяшняга дня шматлікія ахвяры «ваўкоў у авечай скуры» ляжаць пад крапівой і асотам, знаходзяцца ў свядомым забыцці, а іх каты ўшаноўваюцца, як героі, не ў малой ступені дзякуючы асобным працаўнікам пяра, якія перапісваюць старыя, савецка-сталінскія міфы гісторыі ды бессаромна ствараюць новыя, — піша аўтар ва ўступнай частцы кнігі.

Сведчанні партызанаў, здабытыя аўтарам у архівах, дапаўняюцца ўспамінамі мясцовых жыхароў. Прывядзём адно з такіх параўнанняў.

«3 лістапада 1942 года ў маёнтку Дзеўчапольск Мірскага раёна расстраляны гаспадары гэтага маёнтка, як варожы элемент, які паклёпнічае на партызан і савецкую ўладу.

Узята 4 кані з вазамі і вупражжу і іншая маёмасць». (З «Дзённіка дзеянняў па выканканню дыверсій партызанамі», які вёў начальнік штаба атрада А. Я. Фанышаў).

Вось як гэты запіс у дзённіку начштаба дапоўнілі жыхары вёскі Турэц:

«Хутар Дзеўчапольскіх знаходзіўся паміж Турцом і Даўгінавым. Жыла там сям’я з сямі чалавек – муж з жонкай і пяцёра непаўнагадовых дзяцей.

У тую ноч лясныя госці забілі мужа і жонку Дзеўчапольскіх і двух маленькіх хлопчыкаў: аднаму з іх не было і года, другому – гады 3-4. Трое ж дзяцей, дзве дзяўчынкі гадоў па 13-15 і хлопчык гадоў 10, уцяклі ў Турэц, дзе быў паліцэйскі гарнізон і дзе іх пасля апекавала сям’я праваслаўнага бацюшкі Туміловіча Іосіфа».

Кнігу «У пошуках ісціны, альбо Анатомія хлусні» можна набыць у «Акадэмкнізе» (ст. метро «Акадэмія навук»), у кнігарні ў ГЦ «Купалаўскі» (ст. метро «Кастрычніцкая», месца 41-42), а таксама ў інтэрнэт-кнігарні kniger.by.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(4)