Общество
Ягор Марціновіч, «Наша Ніва»

Топ-5 самых дарагіх катэджаў Беларусі

Цэны на сталічную нерухомасць падскочылі гэтай вясной. Цана квадратнага метра дасягнула амаль $ 1700. Праўда, выраслі цэны на кватэры, следам за імі падцягваецца і рынак дамоў.

«Наша Ніва» склала рэйтынг самага дарагога жылля Мінска. Летась, калі мы публікавалі падобны спіс, цана на прыватныя дамы не перавышала $ 2 мільёны. Цяпер самы дарагі катэдж прадаецца за $ 2,2 мільёна. Каб сабраць такія грошы, маючы сярэдні заробак і сплачваючы падаткі, беларусу давядзецца працаваць 373 гады!

1. Новабуд з голымі сценамі

Цана — $ 2,2 мільёна.

Дом на першай берагавой лініі Цнянскага вадасховішча прадаецца па рэкорднай цане. Спачатку трэба заплаціць мільёны за прыгажосць прыроды — побач лес і рака, а пасля яшчэ ўкласці круглую суму ў рамонт. Катэдж за шалёныя грошы прадаецца з голымі сценамі.

У доме агульнай плошчай 767 м2 два паверхі, падвал і гараж. На першым паверсе выдзеленае месца пад веранду, кухню¬сталовую і басейн, на другім праекціроўшчыкі запланавалі чатыры жылыя пакоі, рабочы кабінет, гардэробную і тры санвузлы.

Пад агуркі ды памідоры ёсць яшчэ 10 сотак.

2. Дом, дзе госці жывуць асобна

Цана — $ 2,2 мільёна.

У дом у Навінках можна засяляцца хоць адразу. Прапанова незвычайная — на ўчастку плошчай 20 сотак адразу два жылыя збудаванні. Гэта чатырохузроўневы катэдж гаспадароў і двухпавярховік для гасцей. Агульная плошча — 950 м2!

На ўчастку ўжо папрацаваў ландшафтны дызайнер — ручай, кветкі, кусты і елка пасярод двара. Катэдж прадаецца з аздабленнем — ад більярднага стала і басейна да зімовага сада і спальняў з балдахінамі.

3. Катэдж на плошчы Перамогі

Цана — $ 2,1 мільёна.

Двухпавярховік у ціхім месцы на Вайсковым завулку — некалькі хвілін пешшу ад плошчы Перамогі — запісаны ў рэкламных каталогах амаль год. Але купцоў мала праз завысокую цану. Агульная плошча дома складае 300 м2, гэта значыць, квадратны метр у ім каштуе $ 7000.

«Сталінкі» ў гэтым месцы давалі чыгуначнаму начальству, дзве¬чатыры сям’і на дом. Але ў гэтым выпадку цяперашняму гаспадару ўдалося атрымаць ва ўласнасць абедзве кватэры. Прадаўцы элітнай нерухомасці арыентуюцца на расійскіх пакупнікоў. Аднак і тыя не гатовыя плаціць за кватэры і катэджы мільёны даляраў.

4. Катэдж з цёплым басейнам на двары

Цана — $ 1,9 мільёна.

У гэтым катэджы плошчай 430 м2 на Дароўскім завулку з гасцёўні можна скочыць проста ў ваду, хоць эксплуатацыя басейна ў зімовы і вясновы час выклікае шмат пытанняў. Мэбля, тэхніка, саўна, кіназала ды більярдная — у цану ўключана ўсё.

Але найбольш каштуе прэстыжнае месца — побач Дразды, наменклатурны рай лукашэнкаўцаў.

5. Лясны дом у Ждановічах

Цана — $ 1,8 мільёна.

Самы дарагі катэдж за межамі мінскай кальцавой знаходзіцца ў Ждановічах. Зрэшты, гэта ўсяго за пару кіламетраў ад горада. Тут прадаецца трохузроўневы дом у лесе.

Звяртае на сябе ўвагу арыгінальны архітэктурны праект — яркая цэгла кідаецца ў вочы здалёк. Хапае цікавостак і ўнутры, напрыклад, падвясная лесвіца на другі паверх. У катэджы зроблены еўрарамонт, аднак мэблі пакуль мала, давядзецца дакупляць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)