Политика

Tesla «ад Ілана Маска» і яшчэ 5 сумнеўных выказваньняў Лукашэнкі

Амэрыканскі бізнэсовец і вынаходнік Ілан Маск, чыя кампанія і стварыла электрамабіль Tesla, абверг словы Лукашэнкі ў Twitter. Свабода сабрала яшчэ 5 нядаўніх выказваньняў кіраўніка Беларусі, абвергнутых пазьней як вядомымі людзьмі, так і статыстыкай.

За стырном Tesla Лукашэнку сапраўды бачылі. Але адкуль у яго гэты аўтамабіль, застаецца незразумелым. А якія яшчэ нядаўнія выказваньні Лукашэнкі былі абвергнутыя?

«Украінскія вайскоўцы ня гінулі ў Крыме»

Падчас сакавіцкай «вялікай размовы» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што за Крым не загінуў «ніводзін» украінец. «Ужо ў першы год я быў на інаўгурацыі Парашэнкі... мяне атачылі ўкраінскія і іншыя журналісты і пачалі пытацца ў мяне, чый Крым. А я спытаў: колькі ўкраінцаў загінула, абараняючы Крым? Ніводнага. А колькі прагучала стрэлаў? Маўчаньне. Ніводнага», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Насамрэч

Словы Лукашэнкі хутка абверг украінскі бок.

Гэта зрабіла тагачасная першая намесьніца старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка.

«Падчас трагічных падзеяў некалькі ўкраінцаў і крымскіх татараў былі параненыя і загінулі. Нашы суседзі павінны ведаць праўду», — сказала Герашчанка.

«Беларусь прадае трактары ў ЗША»

У інтэрвію тэлеканалу «Россия 24» Лукашэнка заявіў, што ў ЗША купляюць беларускія трактары. Але афіцыйная беларуская статыстыка гэтага не заўважыла.

«Нават тэхніку, трактары пачалі туды (у ЗША. — РС) пастаўляць свае, — сказаў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію „Россия 24“. — З задавальненьнем купляюць, таму што памятаюць нашы МТЗ пяцідзясятыя. Уяўляеце? І яны яшчэ дзесьці ў фэрмэраў працуюць. Ім падабаецца „цана-якасьць“. Таму мы хочам зь імі супрацоўнічаць».

Насамрэч

Паводле дадзеных Белстату, за 9 месяцаў 2018 году Беларусь не прадала ў ЗША ніводнага трактара, тое самае было і ў 2017-м. У аддзеле статыстыкі МТЗ Свабодзе пацьвердзілі, што беларускія трактары ў ЗША не прадаюць з 2004 году. Ніводнага.

«Пуцін ніколі не прапаноўваў уключаць Беларусь у склад Расеі»

Падчас прэс-канфэрэнцыі сёлета ў сакавіку Лукашэнка ўпэўніваў, што Пуцін ніколі не прапаноўваў Беларусі стаць часткай Расеі. Але гэта было, і пра гэта казаў сам Лукашэнка.

«Ніякіх замашак, з боку прынамсі прэзыдэнта Расеі, што трэба Беларусь інкарпараваць ці ўключыць у склад Расеі, я ні разу ня чуў. Нават настрою такога не было. Я яго ведаю ўжо два дзясяткі год, гэтага чалавека, я б адчуў гэта», — сказаў сёньня на прэс-канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка.

Насамрэч

У жніўні 2002 году на перамовах з Лукашэнкам у Маскве Ўладзімір Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расейскай Фэдэрацыі альбо адным, альбо сямю суб’ектамі (шэсьць вобласьцяў плюс Менск).

Па вяртаньні ў Беларусь у менскім аэрапорце Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Для беларусаў дадзеная фармулёўка будзе азначаць выбар — ці згодныя вы падзяліць Беларусь на 7 частак, уключыць іх у Расею на роўных правах з суб’ектамі Расейскай Фэдэрацыі. Гэта адназначна непрымальны варыянт для Беларусі, мы ніколі ня пойдзем на яго».

«Беларусь — адна з самых бясьпечных краін у сьвеце»

«Дзякуючы вашай адказнай і напружанай працы Беларусь працягвае заставацца адной з самых бясьпечных дзяржаваў у сьвеце», — сьцьвярджаў Лукашэнка ў віншаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Насамрэч

Вядомы амэрыканскі інстытут Гэлапа публікуе «Рэйтынг закону і парадку», апытваючы жыхароў розных краінаў пра давер да праваахоўнікаў, адчуваньне бясьпекі ўначы на вуліцы і ўласны досьвед сутыкненьня са злачынствамі. У гэтым рэйтынгу Беларусь толькі на 75-м месцы са 142 у сьвеце. Гэта далёка ня «самая бясьпечная» краіна (як Сынгапур, Нарвэгія, Ісьляндыя ці Фінляндыя), а даволі сярэдняя (як Турэччына, Танзанія і Баўгарыя).

«У 8 клясе палову курсу па біялёгіі вывучаюць чарвякоў»

«Нядаўна я паглядзеў, як у восьмым клясе вывучаюць біялёгію: слухайце, паўкурсу — чарвякі! Пабудова, жыцьцядзейнасьць і што трэба зрабіць чарвяку, каб ён быў паразытам», — цытавалі Лукашэнку ў сакавіку.

Насамрэч

Свабода паглядзела падручнік па біялёгіі за восьмы кляс пад рэдакцыяй Бедарык і Іванова. Чарвякі з усіх тэмаў складаюць 10,57%, але ніяк не палову. Амаль столькі ж урокаў прысьвечаныя чарвякам паводле пляну-канспэкту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(35)