Общество
Ігар Мельнікаў, Новы час

Таямніца вайсковых могілак Маладзечна

Упершыню я наведаў Маладзечна шэсць гадоў таму. Мяне цікавіла міжваенная польская архітэктура і гісторыя гарнізона Войска Польскага ў Гелянове. Але заўсёды, калі я наведваю новае месца, іду на могілкі.

«Так, былі ў цэнтры горада могілкі, у тым ліку і вайсковыя, але іх знішчылі», — казалі мясцовыя. Праз нейкі час мне патэлефанаваў мой сябра, гісторык і фалерыст Андрэй Аралін, і сказаў, што непадалёк ад чыгуначнай станцыі «Маладзечна» былі вялікія вайсковыя пахаванні, дзе былі магілы жаўнераў рускага імператарскага, кайзераўскага і польскага войска. «Там шмат польскіх жаўнераў, якія загінулі ў перыяд польска-бальшавіцкай вайны, было пахавана. Але зараз няма нічога. Можа што ведаеш?» — запытаў калега.

На той момант інфармацыі, акрамя ўспамінаў мясцовых жыхароў, не было. І вось днямі іншы мой знаёмы Вадзім Прэўрацкі знайшоў у віленскім архіве дакументы, звязаныя з даваеннымі вайсковымі могілкамі ў Маладзечна. «Магчыма, у 52-га пошукавага батальёна будзе шмат працы», — кажа ён.

Дык якая ж гісторыя была ў маладзечанскіх вайсковых могілак?

Жаўнеры 267-га палка рускага імперскага войска

Уратавалі польскія ўлады

Падчас Вялікай вайны 1914–1918 гадоў Маладзечна, па сутнасці, быў прыфрантавым горадам. Пад Смаргонню і Нараччу ішлі жорсткія баі, у выніку якіх рускае войска несла цяжкія страты. У горадзе знаходзіўся лазарэт, куды прывозілі параненых і атручаных. Ахвяр той вайны хавалі на некалькіх могілках. Адны з іх былі ля чыгуначнай станцыі «Маладзечна».

Пра іх ва ўспамінах згадваў генерал Рускага імператарскага войска Алі-Ага Шыхлінскі: «Да 11 гадзінаў я вярнуўся да нашага цягніка, які стаяў на запасным шляху на станцыі Маладзечна, каля штаба 10-й арміі, і далажыў галоўнакамандуючаму аб дзеяннях артылерыі. Дзянікін прасіў і яго туды павезці. Паехалі. [...] Калі селі ў аўтамабіль, ён мне сказаў: «Правей дарогі ёсць невялікія могілкі. Там сярод крыжоў вы ўбачыце прыгожую спаласаваную дошку, звярніце на яе ўвагу». Убачыўшы дошку, я спытаўся: у чым справа?

Ён сказаў: «Там ваш адзінаверац пахаваны. Сядзелі ў акопах, раптам з боку немцаў падзьмуў вецер, і яны пусцілі атрутны газ. Усе надзелі адгазнікі, а ў афіцэра яго не аказалася, тады адзін казанскі татарын сарваў з сябе адгазнік і надзеў на афіцэра: «Надзеньце, вам больш патрэбны. Сам ён загінуў, атручаны. Мы яго пахавалі ўрачыста, з пашанаю». І ў іншых месцах у Маладзечне былі могілкі Першай сусветнай вайны.

У 1917 годзе імперыя Раманавых сканала. Потым горад занялі кайзераўскія войскі. У 1919 годзе пачалася польска-бальшавіцкая вайна, у выніку якой Маладзечна засталося за палякамі. Улады Другой Рэчы Паспалітай узгадалі пра маладзечанскія жаўнерскія пахаванні ў пачатку 1930-х гадоў.

Працяг тут