Общество

«Таварышы, захоўвайце спакой!»

Карэспандэнт Народнай Волі пабываў у грамадскай прыёмнай Савета Рэспублікі па абмеркаванні змен і дапаўненняў у Канстытуцыю.

Як вядома, рэферэндум па абноўленым Асноўным законе плануецца правесці напрыканцы лютага гэтага года, а зараз кожны грамадзянін Беларусі можа падаць свае прапановы па зменах у Канстытуцыю. Напрыклад, у Мінску грамадская прыёмная пры Савеце Рэспублікі працуе кожныя панядзелак, сераду і пятніцу з 11.00 да 17.00.

10 студзеня з 11.00 да 14.00 грамадзян прымала старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава, пасля абеду – яе намеснік Леанід Заяц.

…Да прыёмнай падыходзіў хвілін за дзесяць да пачатку прыёму, і, шчыра кажучы, не вельмі верылася, што зранку ў панядзелак народу будзе шмат. Аднак сумненні зніклі яшчэ за трыста метраў да неабходнага будынка, калі мяне аклікнулі дзве жанчыны: «Мужчына, не падкажаце, дзе тут знаходзіцца Савет Рэспублікі?»

Высвятляецца, што абедзве ідуць на прыём да Наталлі Качанавай менавіта са сваімі ініцыятывамі па зменах у Канстытуцыю.

– Я жыву ў Фаніпалі, але спецыяльна прыехала ў Мінск, каб падаць свае прапановы, – распавяла пенсіянерка Валянціна Фёдараўна Шэравокая. – У Асноўным законе патрэбна замацаваць правы чалавека ў дзіцячым узросце. Вы ж паглядзіце, колькі зараз мы бачым жахлівых гісторый, калі немаўлятак маці выкідваюць у прыбіральні, на сметнікі, у рэчку.

Дзіця ж не можа абараніць сябе, таму я прапаную замацаваць норму, што за любую гвалтоўную смерць дзіцяці трэба асуджаць да смяротнага пакарання. Такія маці – ворагі народа, якія падрываюць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне. А ворага трэба знішчаць. Акрамя таго, трэба расстрэльваць і педафілаў. Вось і ўсё!

Што і казаць, надзвычай радыкальнае меркаванне. Цывілізаваны свет адмовіўся ад смяротнага пакарання, а пенсіянерка з Фаніпаля В.Ф.Шэравокая лічыць, што яго трэба прымяняць у абавязковым парадку. Каб змяніць тэму размовы, я запытаўся:

– А прапаноў па палітычным рэфармаванні ў вас няма?

– Гэтыя моманты я не закранаю, але, думаю, у краіне павінна быць вяршэнства прэзідэнцкай улады, – коратка адказвае Валянціна Фёдараўна. – Будзе двоеўладдзе – пачнуцца рознагалоссі.

За размовамі падыходзім да грамадскай прыёмнай. Яна, шчыра кажучы, ніяк не прыстасавана да вялікага наплыву людей. Магчыма, не разлічвалі, што столькі грамадзян выкажуць жаданне патрапіць на прыём да Качанавай, таму нават некалькі дзясяткаў чалавек стварылі самую сапраўдную праблему.

Перад тым як патрапіць у чаргу да кабінета Наталлі Качанавай, трэба прайсці праз міліцэйскі пост, паказаць пашпарт і здаць сумку і мабільны тэлефон у камеру захоўвання. А перад гэтым людзі набіліся ў маленькім пакойчыку, як сялёдкі ў бочцы.

Чарга рухалася даволі павольна і суправаджалася скандаламі з боку нервовых грамадзян. Усё гэта нагадвала нейкую міні-карціну, калі ў савецкія часы штурмавалі магазіны, дзе «выкідвалі» сухую кілбасу. Тым больш што ўсе стараліся патрапіць у памяшканне, бо на вуліцы не май месяц.

– Прапусціце вы бабулю, бо яна ўжо плакаць пачала, – заклікаў нехта.

– Што гэта за здзек з людзей? – абуралася жанчына. – Столькі сталых людзей у такім цесным памяшканні, нават не сядзеш на крэсла. Калі вы ўжо заклікаеце грамадзян абмяркоўваць Канстытуцыю, запрашаеце да сябе, то хаця б умовы стварылі. Няўжо ў горадзе няма большых памяшканняў?

– Таварышы, захоўваце спакой! – заклікалі тым часам супрацоўнікі грамадскай прыёмнай ля рамкі з металашукальнікам. – У першую чаргу праходзяць тыя, хто выступае з прапановамі па Канстытуцыі і ў каго яны ўжо дакладна сфармуляваны на паперы. Таксама маюць перавагу тыя, у каго няма сумак.

Праз паўгадзіны выйшла да прысутных і сама Наталля Качанава, пасля чаго адразу ж з’явіліся фота- і відэааператары дзяржаўных СМІ.

– Не перажывайце, усіх сёння прымем, – супакойвала яна. – Грамадская прыёмная будзе працаваць цэлы дзень. Калі не паспееце да мяне патрапіць, то мой намеснік вас выслухае.

Пакуль чарга павольна рухаецца, прысутныя ў ёй ахвотна дзеляцца тым, што іх прывяло ў грамадскую прыёмную.

– Мая ініцыятыва: у нас павінен быць упаўнаважаны па правах чалавека, – рубіць рукой паветра мінчанка Надзея Любецкая. – Больш паўнамоцтваў трэба даць грамадскім інстанцыям. Таксама неабходна зрабіць больш жорсткай адказнасць за парушэнне заканадаўства. Гэта ж немагчыма так жыць далей! Ні ў кога нічога не спытаць, ніякай справядлівасці не дабіцца.

Я, напрыклад, жыву ў прыватным сектары, побач у санітарна-ахоўнай зоне ў нас пабудавалі шматпавярховы дом. З гэтай нагоды былі і нашы калектыўныя звароты, і адна я спрабавала знайсці праўду, але куды там? Не дагрукацца да чыноўнікаў! Дык дзе мае правы, якія павінны быць прапісаны ў Канстытуцыі?

Яшчэ адна жанчына таксама мае некалькі прапаноў і спецыяльна надрукавала іх на паперы:

– Па-першае, калі мы гаворым пра гістарычную памяць, то чаму ў асноўным гэта тычыцца толькі перыяду Вялікай Айчыннай вайны? – кажа яна. – Гісторыя пачалася не з гэтага перыяда, таму гістарычная памяць павінна быць значна пашырана. Акрамя таго, я лічу, што цэнзура ў краіне павінна быць у разумных межах.

– Мы выступаем за тое, каб для непаўнагадовых была амністыя і каб у Беларусі былі ўпаўнаважаныя па правах дзяцей, – адзначае Ірына Ялавая. – І каб крымінальная адказнасць наступала не з 14 гадоў, а з 18. Дзецям, якія праходзяць па наркатычных артыкулах, па 10 гадоў турмы даюць, больш, чым забойцам.

– А я – за тое, каб усе суддзі, якія вынеслі несправядлівыя прысуды, таксама неслі самае жорсткае пакаранне, – дадае пенсіянер Віктар Алдоф’еў.

…Былі ў гэты дзень на прыёме прадстаўнікі некаторых праўладных грамадскіх арганізацый, бізнес-супольнасці, розных ініцыятыў. Шмат сталых людзей блыталі уласныя праблемы з прапановамі па зменах у Канстытуцыю, але гэта іх не спыняла.

Не вядома, колькі ўсяго чалавек змаглі патрапіць на прыём, але можна сказаць дакладна: учора ў грамадскай прыёмнай Савета Рэспублікі назіраўся аншлаг.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(60)