Талерчык: «Бачу нашу нацыянальную ідэю ў агульнай мове — беларускай»
Былы супрацоўнік Генпракуратуры — пра тое, што раз’ядноўвае беларусаў, і чаму важна дбаць пра нацыянальную ідэю.
У эфіры Еўрарадыё Алег Талерчык адзначыў:
— Калі нацыя знаходзіцца ў крызіснай сітуацыі, павінна быць ідэя, якая яе аб’яднае і дазволіць узнавіцца. Як было ў габрэяў? У іх сіанізм — афіцыйна нацыянальная ідэя дзяржавы Ізраіль. Яны доўгі час не мелі сваёй дзяржавы, толькі пасля Другой сусветнай вайны, Халакоста, усвядомілі, што павінны яе мець. Бо калі быць паасобку па свеце, то іх знішчаць.
Цяпер у нас падобная сітуацыя. У нас ёсць гісторыя, тэрыторыя, агульная культура, але мы не карыстаемся беларускай мовай. І вось вакол яе варта аб’ядноўвацца, каб захаваць сваю дзяржаву. Бачу нашу нацыянальную ідэю ў агульнай мове — беларускай.
Нашу мову вынішчалі, каб заўсёды была нестабільнасць у нашым грамадстве. Натуральна, калі ёсць свая мова, некаторыя будуць імкнуцца яе захоўваць. Вось на гэтай супярэчнасці можна спрабаваць раз’ядноўваць грамадства. Што і адбылося ў нас у Беларусі ў 2020-м.
Адзін народ, адна нацыя, але пытанне мовы, пытанне з кім быць – з Расіяй ці з Захадам, за НАТА ці за Крэмль, прывялі да раз’яднання.
На думку Алега Талерчыка, у тым ліку з-за таго, што пасля распаду СССР не адбылося дэкамунізацыі, прыйшоў лукашызм.
— У савецкія часы беларушчыны было больш, чым пры лукашызме. У нас тэлебачэнне было беларускае, прадметы ў школе вывучалі на беларускай мове.
Па словах Талерчыка, у Генеральнай пракуратуры Беларусі часцяком кажуць, што «трэба жыць па Маскве».
— Насамрэч яны мараць аб тых заробках. Усе ведаюць, што ў Расіі пракурор — цар. Можна карыстацца карупцыйнымі схемамі, не заўсёды паступаць па праву, і ты будзеш добра жыць. Нашы зайздросцяць гэтаму дабрабыту.
Таксама вайскоўцы мараць аб тых заробках, пенсіях. Думаюць чамусьці, што калі паедуць служыць у Расію, то гэта будзе Масква. Не, атрымаеце гэты заробак, але паедзеце туды, дзе бруд.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное