«Так і не атрымалася ў ворагаў знішчыць беларускую мову»

Вядомыя беларусы ў Дзень роднай мовы — пра тое, што іх турбуе і натхняе. 

Ганна Севярынец, настаўніца, пісьменніца:

— Дзевяць год таму я не магла два словы звязаць па-беларуску. Чытаць магла, пісаць з большага магла, гаварыць — ніяк. Але нешта падступала да горла, патрабавала выйсця, быў такі моцна звіты ў спружыну комплекс прычын, з якіх мне моцна-моцна хацелася загаварыць па-свойму! Нават, здаецца, неўсвядомленага ў гэтым было больш, чым свядомага, проста нейкая туга і прага.

Да таго ж я стала паціху нешта пісаць, мае апавяданні ўжо бралі ў друк маскоўскія часопісы, і я радавалася, канешне, ганебнай радасцю чалавека, прызвычаенага лічыць маскоўскае лепшым. І мяне там хвалілі, і добра ставіліся, і у мяне ўжо былі добрыя наладжаныя сувязі з выдавецтвам і рэдакцыямі, але тачыла туга і прага, нібыта ўва мне была вялікая дзірка, і ў яе свістаў вецер.

Тады я вырашыла авалодаць беларускай мовай і пайшла ў наступ. Папрасіла сабе ў інстытуце курс беларускай эканамічнай лексікі — не вучыць, а весці (цяпер бы не ўзялася). Вучыла лекцыі на памяць, бо не хапала слоўнікавага запасу, каб прагаварыць дзве гадзіны без перапынку. Рабіла дома сама ўсе практыкаванні, якія потым давала студэнтам, бо як жа я іх праверу, не зрабіўшы? Ведаў жа няма!

Адначасова я стала запойна чытаць (вось ужо дзевяць год я не чытаю кніг, напісаных па-руску, не з прынцыпу, а проста нецікава). Перачытала чытанае ў дзяцінстве, тое, што было дома, у бацькоў, пабегла ў крамы. Дзевяць год таму ў мяне была адна палічка беларускіх кніжак. Сёння — тры вялікія стэлажы.

Пакрысе перавяла ўсю сваю публічную дзейнасць на беларускую: нават на выпускных, на педсаветах, на любых мерапрыемствах, на бацькоўскіх сходах, канцэртах, дзе толькі выходзіш да мікрафона.

Вельмі акуратна стала прапаноўваць дзецям: праз кніжкі, музеі, вандроўкі, беларускія экскурсіі.

З-за маёй прафесіі — ну, і з-за прыроднай схільнасці да кампрамісаў — я ўсё яшчэ дзвюхмоўная. У прынцыпе, мяне гэта зараз не турбуе. Сама з сабой я размаўляю па-беларуску, а звонку — як мне і суразмоўцу зручней.

За гэтыя дзевяць год у мяне выраслі чатыры вучаніцы, якія цалкам перайшлі на беларускую ў жыцці — пры тым, што я вяла ў іх рускую мову і літаратуру. Мае ўласныя дачушкі размаўляюць са мной і паміж сабой беларускай.

Іншы раз, у гадзіны роспачы і адчаю, я думаю: госпадзе божа мой, беларушчына — нейкі знак бяды, ці не кінуць гэтае вось усё і ці не жыць, як раней жыла?

І мне становіцца страшна. Гэта як самагубства, толькі шчэ страшней. Тая дзірка, у якой свістаў халодны вецер, калі яна адкрыецца зноў — але не, яна не адкрыецца. І думкі гэтыя — толькі спосаб чарговы раз адчуць праз страх, які дарагі набытак падаравалі мне апошнія дзевяць год. Уласную мову.

Дык не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі:))

Аляксей Лявончык, праваабаронца:

— Мы не абіралі расейскую мову. Нам яе навязалі, закрываючы беларускія школы й забараняючы ейны ўжытак. У сталінскім СССР за беларускасьць можна было ўехаць на 25 год за нацыяналізм. У брэжнеўскім проста сядзець без працы.

Гэта доўжылася больш за два стагоддзі.

Гэта скончыцца зараз.

Таму, калі нехта хоча распавесці мне пра натуральны працэс выцяснення больш слабой мовы больш моцнымі — разгарніце падручнікі гісторыі.

Меліціна Станюта, гімнастка:

Севярын Квяткоўскі, пісьменнік і журналіст:

— У міжнародны Дзень Роднай Мовы хочацца нагадаць просты факт — так і не атрымалася ў ворагаў знішчыць беларускую мову.

А тое што не ўсім дзевяці з паловай мільёнам баліць тэма -- гэта дэталі.

Заўжды казаў, што мне будзе дастаткова пару мільёнаў матываваных да беларушчыны суайчыннікаў.

Астатнія хай падцягваюцца )

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(18)