Тацяну Севярынец пагражаюць звольніць з працы

Дырэктар школы, дзе працуе маці палітыка Паўла Севярынца, паведаміў, што праз два тыдні будзе падрыхтаваны загад на звальненьне. Спадарыня Тацяна лічыць гэта перасьледам з палітычных матываў.

Паводле Тацяны Севярынец, дырэктар віцебскай школы №40 Юры Лаўрэнаў сказаў, што афіцыйнага загаду пра звальненьне яна мае чакаць два тыдні. Афіцыйная прычына звальненьня — прагулы, шэсьць працоўных дзён падчас вясновых вакацыяў.

Севярынец: “Я напісала заяву на адпачынак за свой кошт у часе вясновых вакацыяў, і дырэктар яе падпісаў. Начальнік аддзелу адукацыі Першамайскай раённай адміністрацыі таксама даў згоду.

Дырэктар паведаміў мне, што начальнік аддзелу адукацыі загадаў аддзелу кадраў рыхтаваць дакумэнты на маё звальненьне з прычыны таго, што я “прагуляла” вясновыя вакацыі — ня выйшла на працу”, — апавяла спадарыня Севярынец.

З 26 да 31 сакавіка Тацяна Севярынец гасьцявала ў дачкі ў Менску, а таксама наведала сэмінар “Дзеці ў сыстэме адукацыі”, які праходзіў у Варшаве.

Па вяртаньні ёй стала вядома, што загадчык райаддзелу адукацыі Ўладзімер Шлома, які спачатку дазволіў адпачынак, у апошні дзень перад ад’ездам адмяніў уласнае рашэньне.

Пісьмовае адмовы Тацяна Севярынец ня бачыла, і таму папярэджаньне пра звальненьне лічыць ціскам з палітычных матываў.

Севярынец: “Такое стаўленьне я разумею толькі як палітычны ціск. Бо амаль першыя словы, зь якіх пачалася нашая гутарка з загадчыкам аддзелу адукацыі, былі “кідай палітыку, і ўсё будзе добра!”.

Я пытаюся: “Уладзімер Аркадзевіч, а на чым злавілі, ці былі ў мяне затрыманьні?” Ён кажа: “Выбары”. Я кажу: “А што выбары? Гэта я рэалізоўвала сваё канстытуцыйнае права! Калі будзе трэба, то і надалей буду ў іх браць удзел!” Так што калі мяне звольняць, то буду судзіцца”.

Тацяна Севярынец балятавалася на кандыдата ў дэпутаты Віцебскага гарсавету, аднак выбарчая камісія яе не зарэгістравала. Яна мае вышэйшую настаўніцкую катэгорыю і амаль трыццаць шэсьць гадоў пэдагагічнага стажу — працавала настаўніцай расейскай мовы ды літаратуры.

Калі атрымае загад пра звальненьне, Тацяна Севярынец мяркуе распачаць судовую справу на загадчыка раённага аддзелу адукацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)