Андрэй Дынько, ”Наша нiва”
Сёньня мы ўсе палякі

Справа Борыс – пытаньне выбару прынцыпаў для будучае Беларусі. Сярод дэмаралізацыі, намаганьнямі волі сярод бясьсільля яны закладаюцца. Заклікаю беларускую інтэлігенцыю быць побач з Анжалікай Борыс, Мечыславам Яскевічам, Пачобутам, Пісальнікам, Лісоўскім. Пакуль хоць адзін чалавек гаворыць аб праўдзе, нічога ня страчана.

У сёньняшнім нумары «Нашай Нівы», за два тыдні да яе юбілею, Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін узьнімае свой голас у абарону актывістаў польскай нацыянальнай меншасьці. Дайшло да ўзбуджэньня крымінальных справаў супраць усяго кіраўніцтва непрызнанага афіцыйнымі ўладамі Саюзу палякаў. Справа і падобная, і не падобная да ранейшых разгонаў «незарэгістраваных арганізацый».

Па-першае, гэтым разам гаворка не пра арганізацыю беларусаў, а пра арганізацыю меншасьці, а, па-другое, усе гэтыя абвінавачваньні паводле крымінальных, а не палітычных артыкулаў. Нібыта настаўніца Борыс везла празь мяжу амфэтамін, а грамадзкі лідэр Яскевіч дачапіўся на прыпынку да трэніраванага маладога чалавека ў скуранцы. І зь першае, і з другое прычыны мне сорамна, што такое робіцца рукамі беларусаў. Заклікаю беларускую інтэлігенцыю быць побач з Анжалікай Борыс, Мечыславам Яскевічам, Пачобутам, Пісальнікам, Лісоўскім. Бачу ў тым абавязак інтэлігента і грамадзяніна.

Мучаць якраз тых польскіх актывістаў, якія ведаюць беларускую мову, прызнаюць і любяць беларускую культуру, зьвязваюць сваю будучыню зь незалежнай Беларусьсю. Ніхто зь іх ня ставіць пытаньне пра адрываньне якіхсьці там тэрыторый ці ігнараваньне беларускай культуры. Гаворка пра іншае: аўтаномію асобы, супольнасьці, культуры ад дзяржавы. Грамадзянам хочуць паказаць, што ўсе прэтэнзіі на такую аўтаномію, з апорай на замежную падтрымку, як у выпадку Борыс, ці без такой апоры, будуць спыняцца й карацца. Для прыкладу выбраныя тыя, хто заведама ў меншасьці і да каго грамадзтва ставіцца з падазронасьцю – польскія актывісты.

У адносінах з палякамі беларусы мелі ўсякага. Ваявалі, адбіваліся. Было спольшчаньне, дзяржаўныя імпэрыялістычныя памкненьні і правінцыйная шавіністычная фанабэрыя, якую мы дагэтуль назіраем у дзеяньнях некаторых ксяндзоў на Гарадзеншчыне; абыякавае ігнараваньне беларускай культуры ў Беластоку ці ў польскай прэсе таксама ня робіць часам прыемнасьці. Гэта не павінна засланяць ад нас сутнасьці справы Борыс. Ідзе гаворка пра абарону слабейшага, права бяспраўнага, асновы стаўленьня да нацыянальных і іншых меншасьцяў у Беларусі. Выпрабоўваецца ня толькі замацаваны ў канстытуцыі прынцып дэмакратыі, свабоды асацыяцыі (яго ня раз бралі пад ногі разам зь іншымі канстытуцыйнымі асновамі, нам не прывыкаць), але іншы фундамэнтальны прынцып Рэспублікі – роўнай для грамадзянаў усіх нацыянальнасьцяў.

Так, як Борыс, безабаронныя многія з нас.

Цяпер у Беларусі апраўдальных прысудаў выносіцца меней за долі працэнту. Прымяненьне закону ўсё часьцей робіцца выбарачным. Закон распаўсюджваецца не на ўсіх і абараняе ня ўсіх. Адной асобе, адным суб’ектам гаспадараньня дазволена жыць па законе, а другім – няўгодным асобам, меншасьцям ці няўгоднай прэсе – толькі па адвольна вызначаных паняціях, прыкрытых фігавым лістком «дзяржаўнай неабходнасьці» ці «адносінаў суб’ектаў гаспадараньня». Жыцьцё дзяржавы па паняціях падрывае дзяржаўную сыстэму, расколвае грамадзтва зь сярэдзіны. Вось чаму змагары за справядлівасьць для Борыс змагаюцца таксама за моцную Беларусь.

Нацыянальныя меншасьці павінны мець права дзейнічаць безь дзяржаўнага кантролю, кантактаваць, з кім хочуць, і ўладжваць свае справы, як хочуць. У такім дазваленьні будзе сіла нацыі. Стратэгіяй умацаваньня грамадзтва павінна стаць інтэграцыя, а не сэгрэгацыя. У адваротным выпадку Беларусь ніколі ня выйдзе з моўных, культурных і рэлігійных расколаў, пасеяных у эпоху каляніяльнае залежнасьці. Ніякая «ідэалёгія эканамічнага росту» не спаяе групаў інакшых людзей.

Калісьці ў справе Дрэйфуса ў абарону францускага габрэя рашыўся выступіць Эміль Заля. Гэта дазволіла абараніць нявіннага.

Справа Борыс – пытаньне выбару прынцыпаў для будучае Беларусі. Сярод дэмаралізацыі, намаганьнямі волі сярод бясьсільля яны закладаюцца, і стануць запатрабаваныя празь нейкі час, каб дзейнічаць пасьля доўга.

Абвінавачваньні супраць польскіх актывістаў – гэта яшчэ зьняволеньне хлусьнёю.

На жаль, памоўкваюць палітыкі – баяцца пераступіць праз забабоны мінулага, пабойваюцца, што іх палічаць прапольскімі, калі яны пачнуць занадта гаварыць пра польскую меншасьць. Хачу нагадаць ім пра Махатму Гандзі, які ішоў да недатыкальных і ганарыўся тым. Разумеем, што ні «Літаратура і мастацтва», ні БТ ня знойдуць спосабу выказаць салідарнасьць з палякамі, з маладой, чыстай жанчынай, настаўніцай, якую зьвінававацілі ў кантрабандзе атруты. Абавязак ачышчэньня нацыянальнае душы ад грэху ляжыць на тых дзеячах культуры, грамадзкіх дзеячах, якія захавалі здольнасьць да дзеяньня і сьмеласьць супрацоўнічаць зь незалежнымі СМІ. Так, нашы галасы мала хто лічыць і важыць. Істотна, што яны гучаць. Мусім гаварыць пра злачынствы савецкага шавінізму, нават калі наш голас чуюць толькі дзясяткі тысячаў суайчыньнікаў. Пакуль хоць адзін чалавек гаворыць аб праўдзе, нічога ня страчана.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)