Сёння Дзень Волі. Як і з кім адзначыць

25 сакавіка беларусы адзначаюць Дзень Волі — 102-ю гадавіну абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Абставіны ў Беларусі і свеце вымусілі арганізатараў адмовіцца ад правядзенне масавых мерапрыемстваў. Але гэта не азначае, што БНР102 нельга правесці годна. Блогеры, СМІ і інтэрнэт-пляцоўкі прапануюць свой план святкавання.

Як адзначыць з БНР100

25 сакавіка Каманда БНР100 запрашае адзначыць 102-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР у фармаце анлайн-свята «Годны Дзень Волі» з удзелам вядомых беларускіх дзеячаў культуры, грамадскіх актывістаў і музычных гуртоў.

Трансляцыя пачнецца а 18.00 на сайце Hodna.by і ва ўсіх нашых сацыяльных сетках.

Каманда БНР100 таксама распрацавала і апублікавала на сайце BNR.BY план дэцэнтралізацыі Дня Волі, які складаецца з чатырох простых крокаў, якія варта зрабіць 25 сакавіка:

1) Размясціць нацыянальныя сімвалы Беларусі на сваім балконе, у аўто, акне кватэры ці двары дома.

2) Павіншаваць з Днём Волі сяброў, родных і знаёмых у сацыяльных сетках, на працы ці ў навучальнай установе.

3) Увечары 25 сакавіка а 21:00 запусціць святочны феерверк.

4) Арганізаваць самастойнае адзначэнне Дня Волі ў сямейнай ці сяброўскай кампаніі, а наша анлайн-трансляцыя дадасць вашаму святкаванню адчуванне сувязі з усімі беларусамі, якія падтрымаюць гэты план.

Адзначаем са Свабодай

25 сакавіка, у 102-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Радыё Свабода запрашае на жывую трансляцыю з Мінску і Прагі. Вядоўцы онлайн-эфіру — блогерка Кацярына Маркоўская і журналіст Свабоды Дзьмітры Гурневіч — запрашаюць далучацца да стрыму а 16.00. Трансьляцыя працягнецца амаль дзьве гадзіны.

У праграме:

«Кіраўнік Беларусі на свяце 25 Сакавіка, зламаны нос і рэвалюцыя». Конкурс на веданне гісторыі святкаванняў 25 Сакавіка з пісьменнікам Уладзімірам Арловым.

«Колькі дывізій у Рады БНР» — дыскусія з дзеячамі Рады Сяргеем Навумчыкам і Аляксандрам Лукашуком.

«Цэнтральны», «Васількі» і «Чабурэчная» — шпацыр мінскімі адрасамі БНР разам з краязнаўцам і гідам Паўлам Каралёвым.

«БНР, пра якую вы не чулі» — разам з даследнікам гісторыі БНР Сяргеем Шупам наведаць Альшанскія могілкі ў Празе, дзе пахаваныя два старшыні Рады БНР — Васіль Захарка і Пётра Крачэўскі.

«Тады я пераканалася, што мы пераможам» — святочны зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

Свята з Лявонам Вольскім

Падарунак да Дня Волі падрыхтаваў і вядомы музыка. 25 сакавіка ў 20:00 на сваім ютуб канале Лявон Вольскі дасць вялікі электрычны анлайн-канцэрт гурта Volski. Музыкі абяцаюць лепшыя песні і адмысловы сюрпрыз.

Канцэрт пройдзе тут:

Старшыня Рады БНР: «Моладзь адчула, што незалежнасць вартая, каб яе баранiлі»

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася да суродзічаў з нагоды гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Ад iмя Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi вiншую кожнага з вас, у Беларусi й дзе бы вы не знаходзiлiся ў свеце, з нашым светлым нацыянальным святам, — адзначае Івонка Сурвіла. — Незалежнасць абвесцiлi продкі ўсіх нас, перад тым як акупанты пачалi дэнацыяналiзаваць наш народ. У 2019 годзе мы ўсе перажылi вялiкае шчасце, бачачы мора бел-чырвона-белых сцягоў на вулiцах Вiльнi, падчас пахавання Кастуся Калiноўскага й ягоных паплечнiкаў-змагароў. Усiм вам, хто спрычынiўся да гэтага слаўнага дня, хачу сёньня яшчэ раз падзякаваць з глыбiнi душы. Ганарылася я вамi, як нiколi! Тады пераканалася, што мы пераможам!

Хочацца думаць, што людзi нашыя, а менавiта нашая моладзь, адчула, што незалежнасьць вартая таго, каб мы яе баранiлi ўсе, кожны як можа, шчыльнымi радамi. Памятайце, што нас будуць паважаць у свеце й з намi лiчыцца, толькi калi нашая дзяржава зойме пачэснае месца ў сям’i вольных народаў свету. Дык трымайцеся, мае дарагiя суродзiчы! Жыве Беларусь!».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(37)