Сястра Рамана Бандарэнкі — пра справу брата: «Пракуратура для сябе паставіла кропку»
Вольга Кучарэнка верыць, што рана ці позна пераможа справядлівасьць і датычных да сьмерці Ромы знойдуць.
Пра гэта сястра Рамана Бандарэнкі распавяла Радыё Свабода. Прыводзім фрагмент інтэрв’ю.
— Ці ёсьць нейкія навіны пра справу вашага брата Рамана? Што чуваць пра ягоную маму?
— Мама Рамана ў Беларусі. Жыве, шукае радасьці жыцьця, стараецца вандраваць. Са справай ніякіх зрухаў. Як у верасьні 2021 году Генпракуратура справу прыпыніла, бо «ня здолела вызначыць людзей, датычных да забойства», так з таго часу ніякіх зьвестак няма. Пракуратура для сябе паставіла кропку.
— А расьсьледаваньне ByPol? Ці верыце, што некалі мы дазнаемся праўду?
— Расьсьледаваньне ByPol зьявілася ў лютым 2021 году па гарачых сьлядах. А Генпракуратура зрабіла выгляд, што ня ведае пра яго існаваньне. Ня вызначаныя асобы, датычныя да сьмерці Рамана. Няма падазраваных. Як гэта разумець — «ня вызначаныя асобы датычныя»? Ім жа вядомыя ўсе сьведкі, падазраваныя, столькі сьведчаньняў людзей, відэа. Хаця б праверылі!
Калі Дзьмітрыя Баскава адхілілі ад пасады старшыні Фэдэрацыі хакею і ў Беларусі адмянілі чэмпіянат сьвету ў хакеі, Міжнародная фэдэрацыя хакею тлумачыла гэта тым, што Баскаў мае дачыненьне да сьмерці Рамана. А беларускі бок адказаў, што Баскаў не праходзіць ні ў якіх сьледзтвах. Значыць, ён названы як мінімум падазраваным, а ягоную асобу нават не разглядалі! Генпракуратура ўсё праігнаравала.
І яшчэ адна цынічная гісторыя — Баскава прызначаюць сэнатарам. Гэтым дзеяньнем яшчэ больш падкрэсьліваюць, што ён чысты, як белы ліст. Усе — Наташа, Ганна Эйсмант — засталіся пры сваіх кармушках.
Але я веру, што рана ці позна пераможа справядлівасьць і датычных да сьмерці Ромы знойдуць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное