Сяргею Каваленку пагражае да 6 гадоў турмы

Супраць актывіста, які 7 студзеня вывесіў сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы ў Віцебску, распачалі крымінальную справу. Пра гэта праваабаронца Павал Левінаў даведаўся ад дзяжурнага Кастрычніцкага РАУСу, дзе 8 студзеня ад 10-й ранку да 8-й вечара дапытвалі затрыманага сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку.

Справа супраць Каваленкі распачатая паводле 2-й часткі 339 артыкулу Крымінальнага кодэксу, якая прадугледжвае пакараньне за «хуліганства, зьдзейсьненае паўторна ці групай асобаў, або зьвязанае з супрацівам асобаў, якія спрабуюць прадухіліць хуліганскія дзеяньні».

Спадар Левінаў удакладніў, што ў такім выпадку Сяргею Каваленку пагражае альбо арышт ад 3 да 6 месяцаў, альбо да 5 гадоў абмежаваньня волі — так званай «хіміі», альбо турэмнае зьняволеньне на тэрмін да 6 гадоў.

Верагодную дату суду над Сяргеем Каваленкам праваабаронцу высьветліць не ўдалося: у міліцыі сказалі, што пакуль што вядзецца сьледзтва.

Віцебскія аднадумцы прапанавалі спадару Каваленку скарыстацца паслугамі знойдзенага імі адваката — пра гэта затрыманаму перадалі празь ягоную маці, якая прыяжджала ў Кастрычніцкі РАУС, каб сустрэцца з сынам у перапынку паміж допытамі.

Пазьней маці актывіста, спадарыня Лідзія, распавяла, што а 6-й вечара ў кватэры, дзе жыве яна, Сяргей Каваленка зь сям’ёй і малодшы брат Віталь, быў праведзены ператрус. Міліцыянты знайшлі і канфіскавалі 26 улётак апазыцыцыйнага зьместу. Пыталіся і пра наяўнасьць бел-чырвона-белых сьцягоў, але ў кватэры іх не было.

Нагадаем, што Сяргей Каваленка быў затрыманы 7 снежня каля гадзіны дня на плошчы Перамогі ў Віцебску, пасьля таго як на вачах у соцень мінакоў вывесіў на 40-мэтровай вышыні бел-чырвона-белы сьцяг, здолеўшы залезьці па зборнай мэталічнай канструкцыі на самую вершаліну навагодняй ёлкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)