«Сяргей Каваленка ў крытычным стане»

Абаронца віцебскага актывіста даведаўся, што Сяргей Каваленка адмовіўся ад прымусовага кармленьня, і стан яго здароўя значна пагоршыўся. Сваякі непакояцца за ягонае жыцьцё.

Адвакат зьняволенага актывіста паведаміў яго жонцы, што галадоўка Сяргея Каваленкі 16 студзеня была прыпыненая гвалтоўным чынам — яму пачалі ўводзіць ежу праз зонд. Потым Сяргей Каваленка, як заявіў начальнік СІЗА, непрацяглы час адзін раз на суткі прымаў ежу сам. На дадзены момант цалкам адмовіўся ад ежы — у тым ліку ад прымусовага кармленьня.

Адвакат Пётар Каваленка — цёзка па прозьвішчы свайго падабароннага — лічыць, што Сяргей Каваленка знаходзіцца ў крытычным стане. Сваякі актывіста таксама дужа занепакоеныя: вынік можа быць трагічным.

Алене Каваленцы ўжо сёмы раз адмовілі ў сустрэчы з мужам, і яна не выключае, што менавіта з той прычыны, што ён выглядае змучаным і закатаваным — каб гэтыя зьвесткі ня трапілі да журналістаў.

Сяргей Каваленка галадае з 19 сьнежня. Гэта ягоны пратэст супраць крымінальнага абвінавачаньня. Актывіста вінавацяць у парушэньні рэжыму адбываньня «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньня, прысуджанага яму за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 году на гарадзкой навагодняй ёлцы ў цэнтры Віцебску.

Сябру КХП БНФ пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Судзіць Сяргея Каваленку будуць 21 лютага а 10:30 у Першамайскім райсудзе Віцебску.

На знак падтрымкі і салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам у Віцебску 10 лютага быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. Ён зьявіўся на даху таго дому, дзе жыве актывіст. Паводле аднапартыйцыў Сяргея, да сьцяга была прычэплена цыдулка: «Гані быкоў! Вярнецца воля! Слава героям! Слава Беларусі! Ясь — сын Мірона».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)