Общество
Ягор Марціновіч, «Наша Ніва»

Сярэднестатыстычны эмігрант — 27-гадовы адукаваны мінчук, а прыезжы — расійскае немаўля

Згодна са статыстыкай, у Беларусь штогод прыязджаюць дзясяткі тысяч чалавек. З’язджаюць — удвая-утрая менш.

Такі перакос адбываецца за кошт метадалогіі падліку — калі эмігрант не «выпісваецца» са сваёй кватэры, ён эмігрантам не лічыцца.

Такім чынам, паводле падлікаў Белстата, летась у краіну прыехала 18040 новых жыхароў.

Найбольшая колькасць з іх асела ў Мінску, на Брэстчыне і Гомельшчыне (па 3100–3200). Адкуль едуць гэтыя «новыя беларусы»?

Найбольш — з Расіі (8 560 чалавек, 47%) і Украіны (2258 чалавек, 13%). Далей ідуць Казахстан і Туркменістан. Раней у тройку першых уваходзіла Літва, аднак цяпер яна адкацілася ніжэй.

Зрэшты, кожны трэці прыезжы — грамадзянін Беларусі. Часцяком гэта студэнты, якія адвучыліся ў замежных ВНУ.

У той жа час з краіны выехала 8 712 чалавек. Кожны чацвёрты ўцякач — мінчук.

Куды яны з’язджаюць? Найбольшая колькасць — у тыя ж Расію (5493 чалавекі, 63%) і Украіну (703 чалавекі, 8%). На далейшых пазіцыях Германія, Ізраіль, Літва, ЗША і Польшча.

Аднак у цэлым міграцыйныя страты (тых, хто з’ехаў, больш чым тых, хто прыехаў) назіраюцца толькі ў дачыненні Ізраіля ды Германіі.

Калі паглядзець на ўзрост імігрантаў, то атрымліваецца неверагодная з’ява.

Кожны шосты чалавек прыезжы… гэта малое дзіця!

Штогод немаўлятаў і малых (0–4 гады) прывозілі па 600 чалавек, а летась — ажно 3 тысячы. Ці не памылка гэта? У Белстаце «Нашай Ніве» пацвердзілі: усё слушна. Прычым такая карціна нібыта фіксуецца па ўсёй краіне.

А з’язджаюць перадусім 25-29-гадовыя беларусы з вышэйшай адукацыяй.

* * *

Дадзеныя аб міграцыі бяруцца з лісткоў прыбыцця і ўбыцця, якія запаўняюцца пры рэгістрацыі ў кватэры ці прыватным доме. Калі замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства пражываюць у Беларусі больш за год, на іх таксама запаўняецца талон міграцыйнага ўліку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)