Общество
Яна Ласка, «Наша Ніва»

Сям’я мінчукоў з’ехала жыць у вёску пад Браславам

Сям’я Юліі Цярэнцьевай і Станіслава Абразея паўтара года таму кардынальна змяніла сваё жыццё. З уладкаванай кватэры ў прэстыжным мінскім Уруччы, не пакінуўшы ніякіх масткоў, яны пераехалі жыць у вёску непадалёк ад Браслава.

Юля — былая журналістка, а цяпер мама дзвюх дачок, Элі і Лілі (8 і 7 гадоў адпаведна), і двухгадовага Марка. Стась — адвакат. Яны жывуць ва ўласным доме на беразе маленькага возера, вядуць невялікую гаспадарку і пачуваюцца цалкам шчаслівымі.

У Юліі і Станіслава дзве дачкі і сын. Дзеці цяпер ездзяць у садок і школу ў Браславе. Гэта прыкладна за 10 км.

Вёска называецца Зарачча, жыве там каля 100 жыхароў, яна стаіць на возеры Рака (націск на першы склад).

«Наша Ніва»: Чаму вы вырашылі адмовіцца ад «дабротаў цывілізацыі»?

Юлія Цярэнцьева: Якіх «дабротаў»? Што такое жыццё сучаснай мамы ў Мінску? Гэта забегі ў паліклініку, дзе чэргі па 40—50 чалавек; немагчымасць абраць добрую школу; немагчымасць уладкаваць дзіця ў добры садок; тады штомесячныя «бацькоўскія ўнёскі» — бясконцая канкурэнцыя і распіхванне адно аднаго локцямі.

У Мінску не створана асяроддзе, зручнае для жыцця з дзецьмі.

Парковак бракуе і ў дварах, і ля розных устаноў, якія трэба наведваць. Дзіцячыя пляцоўкі разламаныя і заваленыя «прадуктамі сабачай жыццядзейнасці». Я не ведаю ніводнай кавярні ці рэстарана, дзе б быў спавівальны столік, каб можна было пераадзець дзіцё.

«Мажлівасці вялікага горада» і «жыць у Мінску вельмі зручна» — гэта міфы.

Я параўноўваю Беларусь з Латвіяй, дзе цяпер часцяком бываю. [Да Латвіі з Браслава бліжэй, чым да Мінска, Віцебска, нават Глыбокага. — Рэд.] Там шмат дзіцячых пляцовак. Ля большасці гандлёвых цэнтраў — асобныя сямейныя паркоўкі. У крамах — асобныя «сямейныя» касы для наведвальнікаў з дзецьмі, цяжарных жанчын. Неяк я з двухмесячным сынам стала ў чарзе ў аптэцы — ужо праз колькі імгненняў мяне заўважылі і адразу прапусцілі да акенца. Я заплакала. Гэта і ёсць паказчык.

У Мінску стаўленне да мамы з дзецьмі зусім іншае. Ні статус, ні грошы, ні выхаванне, ні прыгожыя сукеначкі на дачушках не абароняць ад таго, што людзі раздражняюцца на цябе і тваіх дзяцей. І абавязкова сустрэнецца чалавек, які знойдзе, за што зрабіць заўвагу.

Я стамілася ў імкненні адпавядаць запытам грамадства. А пра нянавісць да шматдзетных сем’яў няма чаго і казаць.

«НН»: Цяпер у цябе няма неабходнасці зарабляць грошы, ты займаешся дзецьмі, а муж забяспечвае ўсе патрэбы сям’і. Калі б фінансавае становішча вашай сям’і было іншым — гэтаксама з’ехалі б?

ЮЦ: Думала пра гэта. Хутчэй за ўсё, так. Я з тых людзей, якія пры неабходнасці заўсёды знойдуць, як зарабіць грошы. Не ганарлівая — калі спатрэбіцца, пайду й падлогі мыць. Мы жывём тут паўтара года. Падчас турыстычнага сезону я заўважыла, што прапанова ў сярэднім па цэнах сегменце практычна адсутнічае.

Дом Юлі і Стася — просты, але прасторны. Блочны, двухпавярховы, 86 м2, па польскім праекце 90-х гадоў. Зямлі 40 сотак

Адпачыць на Браслаўшчыне сапраўды стала вельмі дорага. Такім чынам, я ўбачыла свабодную нішу, якую трэба займаць. Гэта адпачынак для людзей з сярэднім узроўнем заробку.

Для сябе я вылучыла канкрэтны напрамак: я хачу даць магчымасць адпачываць мамам з дзецьмі. Сталася так, што мінулым летам нам удалося за адну базавую велічыню набыць дабротны будынак былой школы ў невялічкай вёсцы на беразе возера. Вось гэтым праектам я цяпер і займаюся — ператвараю былую школу ў цэнтр сямейнага адпачынку.

Будынак школы ў вёсцы Пеліканы ўдалося набыць за адну базавую велічыню. Школа была збудаваная яшчэ «за Пілсудскім», па тыпавым для таго часу праекце. Будавалі, як і ўсюды, мясцовыя людзі на грошы ўрада. Юлія марыць зрабіць са школы цэнтр сямейнага адпачынку. Але ж там і работы яшчэ... На заднім плане — касцёл Святога Якуба.

«НН»: Як ставяцца да вас мясцовыя жыхары?

ЮЦ: Мясцовыя жыхары — спакойныя, зычлівыя, яны добра разумеюць, што такое душэўны камфорт, і ўмеюць яго знаходзіць, не баючыся рабіць дзеля гэтага смелыя крокі. З іх дапамогай я зразумела, што чалавек можа быць шчаслівы паўсюль, калі ён гатовы працаваць. І спосабы заробку можна знайсці паўсюль, у тым ліку і ў Беларусі, проста ў нас можа быць больш складанасцяў, чым у Балтыі ці ў Польшчы. Але гэта цалкам магчыма.

Сям'я хоча ператварыць школу ў цэнтр сямейнага адпачынку. Але працы дзеля гэтага прыйдзецца ўкласці нямала.

Я за душэўны камфорт, за тое, каб людзі перасталі гвалціць сябе і займацца тым, што робіць іх нешчаслівымі. Нам гэтага вельмі не хапае, пры гэтым большасць баіцца сабе ў гэтым прызнацца і не ведае, дзе той камфорт шукаць. Мая «Браслава» павінна стаць такім месцам, куды можна прыехаць, каб знайсці свой душэўны камфорт, супакоіцца і дзяліцца гэтым спакоем — з дзецьмі, мужам, распаўсюджваць яго далей.

«НН»: Чаму ты арыентуешся менавіта на гэтую катэгорыю — матулі з дзецьмі?

ЮЦ: Ведаю па сабе: маме цяжэй за ўсе адпачыць, няхай гэта будзе хоць пяцізоркавы гатэль Хілтан «аll inclusive» на беразе Атлантычнага акіяна. Калі сям’я адпачывае з дзецьмі, то мама — піянерважатая. Яна не адпачне. Я хачу, каб тая мама прыехала да мяне і ў яе быў выбар: пагуляцца з дзіцем на пляцоўцы; пакінуць яго на занятках і пайсці купацца; ці запрасіць няню і з’ехаць на шпацыр на ровары альбо заснуць на тры-чатыры гадзіны.

«НН»: Я бачу, у вас гусі ходзяць каля дома. Ваша даволі разнастайная гаспадарка — гэта неабходнасць ці забава?

ЮЦ: У тых аб’ёмах, як у нас, эканамічнага прыбытку гаспадарка нам не дае. У нас ёсць суседзі, у якіх некалькі кароў, свінні, куры дзясяткамі, і ў іх гаспадарка — гэта неблагі сродак існавання. Мы найперш узялі птушку і жывёл дзеля дзяцей. Калі ты нясеш адказнасць за істоту, што слабейшая за цябе, ты разумееш, што яна ад цябе залежыць і памрэ, калі ты пра яе не паклапоцішся— гэта фармуе іншы светапогляд.

Калі мая старэйшая дачка хадзіла ў садок у Мінску, яна мне казала: «Мама, я ажанюся з Гардзеем, бо ён дорыць мне прыгожыя цацкі». І сустракала мяне не вітаннем, а пытаннем: «Што ты мне купіла?» Дзеці вялі між сабой такія размовы: «Мая мама купіла мне новую спадніцу, яна мяне любіць. А твая цябе — не!»

А цяпер мой двухгадовы сын прыходзіць з садка і адразу бяжыць карміць курэй. Бо ён ведае, што, калі ён пакорміць курачку,— тая знясе яму яйка. А калі не пакорміць — тая памрэ. Дзеці разумеюць, што, каб было цёпла, трэба насекчы дроваў ды прапаліць печку. Каб была свежая салата, яе трэба пасадзіць ды дагледзець. І гэта важна.

Юля і Станіслаў трымаюць трохі жыўнасці дзеля дзяцей, каб тыя прывучаліся да работы.

Усяго агароду садзім 4—5 сотак: зеляніну, ягады, кабачкі, гарбузы — простую гародніну, якую могуць даглядаць дзеці.

«НН»: Якія перспектывы адукацыі ў вашых дзяцей?

ЮЦ: Цяпер малодшы сын наведвае дзіцячы садок, а дочкі навучаюцца ў пачатковай школе. У мяне няма ніводнага пытання ні да выхавацеляў, ні да настаўнікаў. Яны цудоўныя, сапраўдныя прафесіяналы, кожны на сваім месцы. Браслаўская гімназія, куды мае дзеці будуць паступаць пасля пачатковай школы, уваходзіць у сотню наймацнейшых сярэдніх навучальных устаноў Беларусі, няма сумневаў, што гэтая адукацыя будзе цалкам канкурэнтаздольнай побач з мінскімі школамі, дзе велізарнае пытанне з кадрамі.

А далей будзем бачыць. У Браславе таксама выдатныя музычная і мастацкая школы, дзе навучаюцца мае дзеці, з добрай класічнай базай і таксама вельмі добрымі выкладчыкамі. Агулам, я вельмі задаволеная.

«НН»: Задумацца пра нейкія змены ў жыцці варта, калі...

ЮЦ: Задумацца пра нейкія змены ў жыцці варта, калі прыходзіць разуменне, што твае жыццё — бясконцы цэйтнот. Калі зранку выходзіш з дому, заходзіш у метро і адчуваеш нянавісць да ўсіх і кожнага. Калі садзішся ў машыну і наўмысна правакуеш астатніх кіроўцаў. У кожнага свае крыніцы спакою, я не кажу, што ўсім трэба ўсё кінуць і ехаць у вёску. Нехта будзе шчаслівы за камп’ютарам у невялічкай кватэрцы на апошнім паверсе хмарачоса. Трэба шукаць сваё.

Возера ля дома — райскі спакой нават узімку

Расходы і лагістыка

На бензін траціцца столькі ж, колькі траціш, калі жывеш у мінскім мікрараёне. Камуналкі няма, але дорага абыходзіцца электрычнасць.

Кім працуюць ён і яна ў Браславе цяпер?

Юля — прыватны прадпрымальнік, аказвае інфармацыйныя паслугі. Стась — адвакат Віцебскай калегіі адвакатаў.

Як яны дабіраюцца да магазінаў, школы, банка?

У сям’і дзве машыны. Акрамя таго, да Браслава ходзіць рэйсавы аўтобус. Дзяцей у школу/садок возіць школьны аўтобус. Школа, паліклініка, СТА, банкі — усё ў Браславе, за 7—10 км. Кругласутачны банк ёсць таксама на мяжы (за 11 км). Запраўка — за 5 км. Буйныя крамы ў Браславе («Еўраопт», «Віталіч»), крама райпо — за 3 км, аўталаўка ў вёсцы — 2 разы на тыдзень.

Што купляюць у вясковай краме, а што — у Браславе?

У вёсцы купляюць хлеб, бакалею, каўбасу (яна там уласнай вытворчасці, смачная), дзеці на роварах катаюцца па марозіва. У Браславе — раз на тыдзень дробнааптовая закупка па спісе. Шмат што прывозяць з Прыбалтыкі: каву, гарбату, салодкае, пральную хімію.

Ці яны прадалі мінскую кватэру, каб набыць гэты дом?

Атрымаўся абмен без даплат: двушка з выдатным рамонтам ва Уруччы на гэты дом. У доме адрамантавалі толькі санвузлы. Летам плануюць перарабіць сістэму ацяплення і ўцяпліць дом звонку.

Як яны ацяпляюць дом?

Ёсць сістэма паравога ацяплення (кацёл, торфабрыкет, затраты каля 2 млн на год), ёсць печ. Больш падабаецца ацяпляцца печчу... Разам з лазняй на год спажываюць дзве машыны дроў (прыкладна 1,5 млн).

Як яны бяруць ваду?

Ёсць вясковы водаправод, але ён надта стары, вада ў ім брудная. На ўчастку ёсць і свой калодзеж, з яго электранасосам падаюць ваду ў дом. Вада смачная.

Якая там каналізацыя?

Мясцовая, септык, выкарыстоўваецца біяхімія + асенізацыя раз на год.

Што там за інтэрнэт? Які тарыф, якая хуткасць?

У доме оптавалакно «Белтэлекам», з мабільных аператараў — МТС.

Колькі каштуе «камуналка» за дом?

Камуналкі няма, толькі электраэнергія. З улікам насоса, бойлера, будаўнічых інструментаў, без эканоміі — 500—700 кВт•г у месяц. Гэта каля 800 тысяч на сёння. Смецце вывозяць самі.

А што з паліклінікай у Браславе?

Ёсць вельмі добрая паліклініка. Усе спецыялісты, якія патрэбныя нашай сям’і, ёсць. Доктар па выкліку дахаты прыязджае хутчэй, чым у Мінску.

Куды цяпер яны ходзяць у цырульню?

Юлія: У Браслаў, стрыжка + фарбаванне + фарба каштуе менш за 200 000.

Станіслаў: У Браслаў, каштуе 60 тысяч.

Муж: «Пашырылася прастора для маёй мужчынскай самарэалізацыі»

Што было самае складанае пасля пераезду?

Толькі плюсы. Пашырылася прастора для мужчынскай самарэалізацыі. Дабавіліся прыемныя простыя абавязкі (кшталту секчы дровы, касіць траву).

Што самае камфортнае, а што самае дыскамфортнае ў жыцці пад Браславам?

Камфорт — значнае пашырэнне асабістай прасторы. Дыскамфорт — доўгія дарогі.

Колькі часу на дзень траціце на гаспадарку і падтрыманне дому?

Трачу два-тры разы на тыдзень мінімум 1,5—2 гадзіны. Калі шмат работы, клічу суседа на дапамогу — за грошы.

Як часта цяпер вам даводзіцца бываць у Мінску?

Мая работа звязана з выездамі, таму я бываю ў сталіцы часам і пару разоў на тыдзень. Некалькі ж разоў у месяц — дакладна.

Ці займаецеся спортам пасля пераезду?

Трэнажорная зала ў Браславе праз дзень, летам — бег.

Бліц-пытанні да Юліі і Станіслава

Як зваць дзяцей?

Лілія, Эвеліна, Марк.

Ваша любімая страва?

Дранікі па сямейным рэцэпце мужа.

Самая смачная рыба з азёр гэта...

Судак.

Што купляеце ў суседзяў...

Малако.

Калі ў хаце не засталося солі, вы...

Ідзём да суседзяў.

Колькі грошай ідзе на бензін у месяц ва ўмовах такога вясковага жыцця?

На машыну Юлі — да мільёна.

Мінск для вас гэта...

Юнацтва.

Якое ваша любімае месца ў Браславе і ваколіцах?

Брукаванка, пляж, Замкавая гара, але тады, калі там мала людзей. Найлепшае ж месца на Зямлі — уласныя арэлі на беразе возера.

Самая вялікая мара ў вас гэта...

Адкрыць наш цэнтр сямейнага адпачынку «Браслава».

* * *

Дауншыфтынг — рух, найбольш распаўсюджаны ў Аўстраліі і ЗША. Дакладны пераклад (англ. Downshifting) — пераключэнне аўтамабіля на ніжэйшую перадачу.

Гэтым тэрмінам называюць філасофію «жыцця дзеля сябе», «адмаўлення ад чужых мэтаў». Людзі, якіх называюць даўншыфтарамі, наўмысна адракаюцца тых дабротаў, якія прапагандуюцца «грамадствам спажывання», кшталту кар’еры, павелічэння матэрыяльнага капіталу, статуснасці і г.д.

Некаторыя даследчыкі падзяляюць даўншыфтынг на дзве катэгорыі: «даўншыфтынг стваральнікаў» і «даўншыфтынг гультаёў». Першыя звычайна проста мяняюць свае правілы і прыярытэты. Другія, як правіла, маюць нейкую крыніцу пасіўнага заробку, напрыклад здаюць у арэнду кватэру, і вандруюць па экзатычных краінах, дзе бавяць час гультайствам. Самымі папулярнымі краінамі для гэтага лічацца Тайланд і Індыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)