Общество
Мікола Чарняўскі

Сябры Васіля Быкава ўсклалі кветкі да магілы пісьменніка (фота)

19 чэрвеня, у Дзень народзінаў Васіля Быкава, яго сябры і прыхільнікі сустрэліся на магіле пісьменніка на Усходніх могілках. Лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў паведаміў, што за наданне імя Быкава вуліцы ў Мінску сабрана ўжо 65 тысяч подпісаў.

Каля магілы Васіля Быкава мелі слова пісьменнікі Анатоль Вярцінскі і Васіль Якавенка, палітык Юры Хадыка, мастак Рыгор Сытніца, дырэктар беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук, а таксама ўдава Быкава Ірына Міхайлаўна.

Лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў падвёў папярэднія вынікі акцыі збору подпісаў за ўшанаванне памяці народнага пісьменніка.

Нагадаем, што на свята Вялікай Перамогі каля магілы народнага пісьменніка было абвешчана пра пачатак збору подпісаў за наданне яго імя вуліцам у Мінску і Гродне. Актывісты планавалі сабраць 50 тысяч подпісаў да 22 чэрвеня – дня пачатку вайны і дня смерці Васіля Быкава. Але ўжо на 19 чэрвеня, па словах Уладзіміра Някляева, было сабрана 65 тысяч подпісаў за вуліцу Быкава ў Мінску (яны збіраліся па ўсёй краіне) і 5 тысяч – у Гродне і Гродзенскай вобласці.

Сярод тых, хто падпісаўся пад ідэяй належнага ўшанавання памяці Быкава, такія знакавыя асобы, як Генадзь Бураўкін і Вячаслаў Кебіч, Ігар Варашкевіч і Аляксандр Кулінковіч, Аляксей Янукевіч і Лявон Вольскі, Ніл Гілевіч і Алесь Пашкевіч, шэраг дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Подпісы, сабраныя цягам кампаніі, зараз пільна правяраюцца і пасля праверкі будуць перададзены ў Мінгарвыканкам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)