Скандалы
Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Сябра ЦВК — ахвяра наркамана?

Магчыма, што загінуўшая сябра Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Сьвятлана Хіневіч стала ахвярай наркамана. Такую вэрсію выказала мне адна з вельмі блізкіх да загіблай асоба.

«Сьвятлана жыла па вуліцы Жукоўскага ў Менску ў звычайным доме. На адной лесьвічнай пляцоўцы зь ёй пражывала жанчына з сынам. Дзьве жанчыны сябравалі па-суседзкі. Больш за тое, гэта суседка стала хроснай сына Сьвятланы», — гаворыць крыніца Радыё Свабода.

«У хроснай таксама быў сын. Ён стаў наркаманам. Таму калі я дазналася, што Сьвятлане перарэзалі горла, а на яе целе было некалькі дзесяткаў парэзаў, я падумала, што гэта мог зрабіць чалавек, які знаходзіўся на той момант у нейкім неверагодным стане.

Мае падазрэньні павялічыліся, калі я дазналася, што той хлопец ускрыў сабе вены і парэзаў жывот. Наколькі вядома. ён знаходзіцца цяпер у рэанімацыі», — дадае суразмоўца.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік адмовіўся камэнтаваць гэтую вэрсію. Ён кажа, што размаўляў са сьледчымі, якія вядуць гэтую справу. І тыя пакуль не даюць ніякай інфармацыі, абмяжоўваючыся словамі «Ідзе сьледзтва».

Мікалай Лазавік сказаў, што пахаваньне Сьвятланы Хіневіч адбылося ў скраду, 7 жніўня. Яе пахавалі на Кальварыйскіх могілках, побач з бацькам.

У Сьвятланы Хіневіч засталася жывой маці. На пахаваньне прыехала дачка, якая жыве з сям’ёю ў Баўгарыі. Быў і сын з сям’ёю, якія жывуць Менску, і ўнукі загіблай. З мужам Сьвятлана Хіневіч была ў разводзе.

Сьвятлану Хіневіч знайшлі забітай ва ўласнай кватэры 4 жніўня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)