Общество

Сьвятлана Завадзкая: «Мы гэтак да чаго прыйдзем? Да дыктатара, горшага, чым у нас быў?»

Што сваякі зьніклых кажуць пра законапраект аб гарантыях былому прэзыдэнту, піша Радыё Свабода.

У пачатку 1990-х гадоў невядомымі, як мяркуецца, прадстаўнікамі сілавых спэцыяльных падразьдзелаў, былі выкрадзеныя апазыцыйныя палітыкі Юры Захаранка і Віктар Ганчар, зьніклі бізнэсовец Анатоль Красоўскі і апэратар расейскага тэлеканалу ОРТ Зьміцер Завадзкі.

Іхныя лёсы дагэтуль невядомыя. Беларуская апазыцыя і частка грамадзкасьці мяркуюць, што да выкраданьняў датычныя найвышэйшыя ўлады дзяржавы. Як сваякі зьніклых беларусаў паставіліся да законапраекту дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, дзе «былому прэзыдэнту», а значыць і Аляксандру Лукашэнку, прапануецца недатыкальнасьць пасьля адстаўкі?

У Сьвятланы Завадзкай, якая была жонкай зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, супярэчлівыя пачуцьці. Сьвятлана кажа, што нават яна, ведаючы, што сталася зь яе мужам, згодная была б даць Лукашэнку магчымасьць «куды-небудзь зьехаць, каб уберагчы беларускі народ ад крыві» ў выпадку гвалтоўнай зьмены ўлады. Але яна ня бачыць прычын, каб весьці зь ім перамовы зараз.

Сьвятлана Завадзкая, архіўнае фота

— Ня бачу ўмоваў, каб сёньня такое прапаноўваць. Калі б Лукашэнка хацеў сысьці, ён бы даўно сабе падсьцяліў нават не саломку, а добры матрасік. Увесь ягоны кішэнны парлямэнт прагаласаваў бы за тое, што яму неабходна. Але гэтага ён не зрабіў і пакуль не намераны рабіць, бо не адчувае патрэбы.

А прапанова Канапацкай проста дыскрэдытуе ўсю апазыцыю. Таксама сябе адношу да апазыцыі, але ў такім разе я не хачу быць ў той апазыцыі, якая такія рэчы прапануе, як кажуць, зьнянацку. Ні з кім ня раячыся. Прычым я ня думаю, што беларускі народ гатовы дараваць Лукашэнку ўсё тое, што ён учыніў зь ім. Але і гэта не асноўнае, а, паўтаруся, асноўнае, на маю думку, тое, што на сёньня не сасьпелі ўмовы для такіх прапаноў.

Сьвятлана Завадзкая раскрытыкавала прапанову Ганны Канапацкай і зь юрыдычнага боку.

— Ганна Канапацкая кажа, што ня мае на ўвазе толькі Лукашэнку, што гэты законапраект тычыцца прэзыдэнцтва ўвогуле. Але прабачце: як можа быць, што новы прэзыдэнт прыйдзе да ўлады і будзе загадзя ведаць, што яму нічога ня будзе за парушэньні закону? Мы гэтак да чаго прыйдзем? Да дыктатара, горшага, чым у нас быў? Я юрыст і для мяне гэта цалкам трызьненьне, падобнымі нарматыўнымі актамі не закрываюць прабелы ў Канстытуцыі, пра што кажа Ганна Канапацкая. Там хапае прабелаў, якія трэба закрыць, але ня гэта першае.

Маці Зьмітра Завадзкага Вольга Завадзкая таксама супраць выдачы кіраўніку дзяржавы гарантыі недатыкальнасьці нават пры ўмове добраахвотнай адстаўкі.

Вольга Завадзкая, архіўнае фота

— Не, я ня згодная. Каля 20 гадоў я нічога ня ведаю пра лёс сына, а гарант Канстытуцыі — прэзыдэнт, пры якім нічога не зьмянілася. Вось і адказ на пытаньне, ці я за тое, каб даць яму недтыкальнасьць. Я супраць. Які можа быць абмен зь ім, калі ён не дае адказу, куды падзеліся нашы сваякі? Прычым пра гэта яго пытаюцца ня толькі маці, жонкі, дзеці, але і грамадзкасьць, і юрысты — мы ўсе, народ. Так, народ і гэта хоча ведаць, бо пытаньне і пра яго ўласную бясьпеку.

Вольга Завадзкая заўважыла, што ёй вельмі сымпатычны малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай, але гэта нічога ня значыць: «Сын за бацьку не адказвае. Бацька мусіць адказаць за сваё».

Праваабаронца Алег Воўчак, які доўгі час быў прадстаўніком сям’і зьніклага экс-міністра ўнутраных справаў Юр’я Захаранкі, думае, што трэба падзяліць пытаньне суду над вінаватымі ў палітычна матываваных зьнікненьнях і праблему гарантыяў кіраўніку дзяржавы пасьля адстаўкі.

— Судоў ні над Лукашэнкам, ні над іншымі, як мяркуецца, датычнымі да гэтых зьнікненьняў не было, таму нельга ўвязваць гэтае пытаньне з пытаньнем датэрміновай адстаўкі пры нейкіх гарантыях. Умовы адстаўкі сапраўды можна абмяркоўваць, але не кулюарна і нават не на ўзроўні прызначанага парлямэнту, а за круглым сталом з прадстаўнікамі грамадзкасьці. У тым ліку і з прадстаўнікамі сем’яў зьніклых, сем’яў палітвязьняў. Кшталту як быў круглы стол ў Польшчы ў 1980-я гады пад ціскам Салідарнасьці.

Такі круглы стол можа абмяркоўваць і вырашаць пытаньні аб нейкіх ільготах, але пытаньні адказнасьці за крымінальныя злачынствы нельга ўвогуле на ім падымаць. Гэтак можна дайсьці да таго, што вырашаць адпусьціць ужо асуджаных крымінальнікаў. У справах зьніклых мусяць сказаць сваё слова пракуратура і суд, гэта абавязкова для ўмацаваньня законнасьці ў краіне, — лічыць Алег Воўчак.

Праваабаронца таксама не ўхваліў прапановы матэрыяльных дабротаў і паслуг былому прэзыдэнту, якія прадугледжвае законапраект Ганны Канапацкай, назваўшы іх «занадта шчодрымі».

— У краіне бракуе грошай на лекі інвалідам, хворым на анкалёгію, а тут прапануюць захаваць 75% заробку, рэзыдэнцыю ў пажыцьцёвае карыстаньне, ахову, мэдычнае абслугоўваньне. Зь якіх гэта ўсё прыбыткаў і за якія заслугі? Гэта занадта шчодра, — кажа юрыст Алег Воўчак.

Байнет: «По этому закону бывший президент должен быть причислен к святым»

Мнение: «Старость в роли патриарха, с прополкой арбузов и моделями, — привлекательная перспектива»