Святлана Курс: «Раз яны хочуць нас раздавіць, мы павінны зрабіцца шарыкамі ртуці альбо вадой. Ты ж не можаш растаптаць ані ртуць, ані ваду»

Пісьменніца Ева Вежнавец — пра тое, як не стаць чарговай «данецкай народнай рэспублікай».

— Думаю, што серыялам «Слова пацана» расійскія і беларускія ўлады стрэлілі сабе ў нагу, — разважае пра расійскую культуру Святлана Курс на канале Белсат. — Таму што маладая кроў заўсёды звязана з бунтарствам.

А яны так заканапацілі грамадства, зрабілі яго такім несвабодным, што пакінулі толькі адну магчымасць гэтага бунта — ісці ў крымінальныя структуры. А куды яшчэ?

Можна пайсці на вуліцы свайго гораду і кашмарыць слабых. Няхай гэта рамантызацыя крымінальнага свету не замыльвае нам вочы. Яны самі займаюцца тым, што кашмараць слабейшых за сябе групай, якая мае больш улады.

Вентыль пазакручвалі абедзве нашы дзяржавы. І цяпер адзінае, што можа сарваць гэты вентыль у людзей на тэрыторыі поўнай і стопрацэнтнай несвабоды, дзе няма сацыяльных ліфтаў, гэта менавіта такія спробы хоць неяк нешта вырашаць аб сабе і сваім лёсе.

І ніякіх узвышаных «слоў пацана», ніякага крымінальнага гонару ў гэтым няма. Гэта «урачны свет», апісаны яшчэ Шаламавым.

І ўлада з гэтымі сацыяльна блізкімі крымінальнікамі яшчэ ўзвые.

Пісьменніца прызнаецца, што назірае за расійскім грамадствам, аналізуючы рускую літаратуру.

— Я добра ведаю расійскую літаратуру, бо я русіцыстка паводле першай адукацыі. І мяне пытанне Расіі займае ўсе гэтыя гады, таму што гэта вораг, які нас паглынае і замінае жыць.

Хачу сказаць, што апошнім часам у мяне вельмі змяніўся погляд. Раней я лічыла, што рускія кепскія самі па сабе, што яны сапсаваныя, створаныя дзеля таго, каб паказваць планеце, як нельга ставіцца ні да сябе, ні да людзей, як нельга жыць.

Цяпер я думаю, што гэта проста глыбока хворае дэфармаванае грамадства. Я змяніла думку і вырашыла, што маю прэтэнзіі не да нацыі, а да грамадства. Да таго, як яны фармуюцца і якія высновы робяць са сваёй культуры і літаратуры.

Нельга лічыць чалавека праклятым толькі паводле яго крыві і культуры. Я гляджу, які гэта чалавек, чым ён сфармаваны і як ставіцца да сваіх суседзяў.

Ніхто не будзе пярэчыць, што расійская імперская культура зла фармавалася некалькі стагоддзяў, і выскачыць з гэтага ім будзе ой як складана, — дзеліцца думкамі пісьменніца.

Яна адзначае, што зараз «запушчана праграма па знішчэнні ўсяго беларускага», але заклікае не спыняцца і працягваць будаваць сваю культурную палітыку.

— Калі ў нас будзе нармальная дзяржава, я ўпэўнена, што беларуская культура вельмі лёгка пераможа на сваім полі.

Тых бяздарных аўтараў, да каго зараз маем дачыненне ў Беларусі, мы паб'ем як дзяцей, таму што гэта руская культура выглядае бледнай і няшчаснай.

Дастаткова прачытаць рускамоўную анталогію Беларусі, якую цяпер прапіхваюць у школы. Гэта проста смешна. Мы іх пераможам лёгка, калі нас не будуць знішчаць на нашым полі.

Калі ты хочаш мець сваё возера, ты ставіш запруду, дзе існуе твой праект. Мова — тая ж запруда. Без сваёй мовы, без сваёй адметнасці ты атрымаеш другую Расію, толькі горшанькую, слабейшую, адкуль лепшыя будуць зʼязджаць у Маскву і Санкт-Пецярбург.

І тут заўсёды будзе горшы расійскі праект. Навошта свету дзве Расіі — лепшая і горшая, дохленькая, калі мы маем цудоўную Беларусь?

Хай будзе і цудоўная Расія — так жа цікавей, хай расцвітае сто кветак. Не, ім трэба ўсюды рабіць шмат «данецкіх народных рэспублік».

Але нават калі ў Расіі не адбудзецца перамен, трэба з любоўю, кайфам, радасцю і драйвам рабіць добрыя беларускія рэчы.

Раз яны хочуць нас раздавіць, мы павінны зрабіцца шарыкамі ртуці альбо вадой. Ты ж не можаш растаптаць ані ртуць, ані ваду.

Працягваць рабіць добрае, класнае, каб яно было канкурэнтаздольным, можна ў любых абставінах, таму што мы не жывём у свеце, які цалкам заняты Расіяй. Беларусы заўсёды былі адкрытыя і на Захад.

Нягледзячы на тое, што набліжаюцца каляды, у мяне баліць сэрца. Яно будзе балець яшчэ многія гады, таму што тое, што зараз адбываецца з нашай роднай Беларуссю, канешне, трэш, кашмар і безнадзея.

Але мы жывыя, мы ёсць. І трэба рабіць тое, што мы можам. І мы з задавальненнем робім, — кажа Святлана Курс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(40)