Общество

Сваякі палітвязняў просяць Папу Рымскага паспрыяць хуткаму вызваленню іх блізкіх

Сем’і беларускіх палітвязняў выказалі падзяку Папе Рымскаму за ўвагу да зняволеных палітыкаў і актывістаў, папрасілі яго паспрыяць іх хутчэйшаму вызваленню ды не спыняць малітваў за Беларусь.

Як паведамляе прэс-служба зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» , адкрытым лістом сваякі палітвязняў адрэагавалі на візіты Апостальскага нунцыя ў беларускія турмы, дзе ён сустрэўся з вязнямі сумлення.

Вядома, што ў аўторак арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэнецца з Папам Рымскім Бенедыктам XVI і адной з тэмаў размовы будуць беларускія палітвязні.

Адкрыты ліст быў накіраваны асабіста Апостальскаму нунцыю з просьбаю перадаць Папу Рымскаму.

«Палітычныя вязні Беларусі – гэта адважныя, справядлівыя людзі, некаторыя з іх глыбока веруючыя хрысціяне, гэта людзі сумлення і праўды, якія ахвяравалі сваё жыццё дзеля Вызвалення нашай Айчыны ад усяго, што прыніжае годнасць чалавека, – звяртаюцца аўтары ліста. – Некаторыя з іх у вязьніцы церпяць пераслед нават з-за веры, так як Зміцер Дашкевіч. Мы хацелі б падзяліцца з Вамі нашым болем.

Гэта ня толькі тое, што на працягу 17 год у нашай краіне правіць баль апошні дыктатар Еўропы, але гэта боль, які прычыняюць глыбокія карані атэістычнай камуністычнай сыстэмы, якія яшчэ вельмі моцна і глыбока трымаюцца ў кожнай сферы жыцця Беларусі. Гэта боль грэшнай сыстэмы, якая трымаецца на хлусні і страху. І таму разумеем важкасць ня толькі палітычнага змагання за праўду і справядлівасць, але перад усім духовае вызваленне нашай краіны ад усялякага зла».

Сваякі палітвязняў просяць Папу Рымскага паспрыяць хуткаму вызваленню іх блізкіх і маліцца за Беларусь, за тых, хто церпіць у вязніцах пераслед, здзекі, гвалт, аддае сваё жыццё дзеля праўды, свабоды, справядлівасці і будучыні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)