Общество

Наталля Север

Судаленка: «Усіх, хто пападзецца, нават чыноўнікаў і вайскоўцаў, будуць садзіць»

Праваабаронца Леанід Судаленка ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» – пра незвычайны прысуд па «экстрэмісцкай» справе.

Суд у Крупках Мінскай вобласці апраўдаў вайскоўца, якога абвінавачвалі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» па ч.2 арт.19.11 КаАП. Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, вайсковец у сацыяльнай сетцы «меў падпіску на каналы «Мая краіна Беларусь» і «Типичный Борисов».

Илюстрацыя: «Медыязона»

У судзе ён не прызнаў сваю віну, растлумачыў, што сапраўды меў падпіскі, аднак мэты распаўсюджваць гэтую інфармацыйную прадукцыю ў яго не было, а пра тое, што яна ўключана ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», вайсковец наогул не ведаў, таму што падпісаўся на дадзеныя рэсурсы пяць гадоў таму.

А так можна было? Аказваецца, так, таму што ў выніку суддзя спыніў справу «з прычыны адсутнасці ў дзеянні складу адміністрацыйнага правапарушэння». Больш за тое, фігуранту нават вярнулі канфіскаваны ў яго раней тэлефон.

— Тут важна даведацца, ці гэта канчатковы прысуд, — разважае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» Леанід Судаленка. — Аб тым, што сістэма пачынае даваць трэшчыну, можна казаць толькі ў тым выпадку, калі гэта рашэнне раённага суддзі пакінуць у сіле.

Бо мы, беларускія праваабаронцы, ведаем многа выпадкаў, і ў маёй практыцы таксама такое было, калі суддзя прымаў рашэнне на нашу карысць. Але ж потым яго хутка папраўлялі.

А так, зразумела, што кожны, напрыклад, чыноўнік мае два мабільных тэлефона: адзін для працы, другі для таго, каб наведваць апазіцыйныя сайты.

Гэта не сакрэт, што яны чытаюць «экстрэмісцкія рэсурсы», бо сярод іх багата разумных людзей, якія ўсё добра разумеюць, але кажуць штосьці накшталт «мне толькі да пенсіі, мне трэба сына давучыць, жонку вылечыць, маці дагледзець».

Ёсць і катэгорыя людзей, як бы мовіць, непалоханых, якія да сённяшняга дня думаюць, што жывуць у дэмакратыі, хаця насамрэч у краіне неабвешчанае надзвычайнае становішча.

Калі закон не працуе, канстытуцыя не працуе, нічога не працуе — што гэта? Гэта надзвычайнае становішча. Але ў Беларусі яно неабвешчанае.

Гэты афіцэр ці прапаршчык можа адносіцца да любой катэгорыі — ці то хітруноў, якія ўсё разумеюць, ці, наадварот, тых самых непалоханых, міма якіх прайшлі падзеі 2020 года, якія любяць казаць, што не цікавяцца палітыкай.

Але я хачу нагадаць, што ўчора Лукашэнка падпісаў указ «аб пераводзе дзяржорганаў і арганізацый на працу ва ўмовах ваеннага часу».

Проста так такія ўказы не бываюць. Можна меркаваць, што ў наступным годзе падчас яго перавыбрання ў краіне могуць увесці ваеннае становішча.

— Нядаўна на лайках папаўся чыноўнік са Жлобіна, цяпер на экстрэмізме — вайсковец у Крупках. Як вы лічыце, сістэма не будзе мяняць свае «законы», нават калі такія выпадкі будуць адбывацца часцей?

— Канешне, правіла гульні яны не памяняюць. Тое, што адбылося ў Крупках, хутчэй лічу адзінкавым выпадкам. Паўтару, трэба яшчэ даведацца, ці пакіне сістэма гэты прысуд без зменаў.

Бо рэжым не можа дазволіць нейкаму суддзі быць самастойным у прыняцці рашэнняў. А калі ён стане ў позу, то заўтра не пройдзе пераатэстацыю і больш суддзёй не будзе.

Усіх, хто пападзецца, нават чыноўнікаў і вайскоўцаў, будуць садзіць як звычайных людзей. Сістэма нікога не шкадуе, нават тых, хто лічыць сябе «сваім».

Ці яна пашкадавала калісьці Казуліна, які пайшоў супраць плыні? Ці яна пашкадавала Бабарыку? Я таксама некалі да 2020 года прадстаўляў інтарэсы былых чальцоў выбарчай камісіі. Ніхто не паглядзеў на іх заслугі, усім далі па 15 сутак.

А зараз тым больш такі час, калі Лукашэнка надзене ланцугі любому, хто пачне гнаць хвалю супраць яго. І апраўданні кшталту «не ведаў» ці «не разумеў» у нас не пракатваюць.

Таму, мне здаецца, гэту самадзейнасць раённага судзі ўсё ж неяк паправяць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(20)