Общество
Павел Свярдлоў, Еўрарадыё

Суд апраўдаў дзяўчыну, якая адсядзела пяць сутак за «маўклівую акцыю»

Пасля «маўклівай акцыі» 6 ліпеня 27-гадовая магілеўчанка Юля Гарачанкова адсядзела 5 сутак на Акрэсціна. Двое ў цывільным затрымалі яе каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску, калі яна спрабавала выратаваць з іх рук маладзенькага хлопчыка.

— Худзенькі, маленькі. Яны яго пад рукі схапілі і нясуць. Я паспрабавала яму дапамагчы — падбегла і пачала вырываць яго з іх рук. Але не атрымалася: мужчыны былі моцныя і зацягнулі ў аўтобус мяне разам з ім, — распавядае Еўрарадыё Юля.

Дзяўчыну абвінавацілі ў дробным хуліганстве — за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы. Адзін з людзей у цывільным, які яе затрымліваў, апынуўся міліцыянтам і сведчыў супраць яе.

У судзе дзяўчына разгубілася і вырашыла абараняць сябе сама. Мяркуючы па ўсім, гэта атрымалася даволі ўдала: суддзя Юрый Гарбатоўскі даў ёй толькі 5 з магчымых 15 сутак. Потым Юля ўзяла адваката:

— Атрымалася прыкольная сітуацыя. Сведкамі былі два міліцыянты (адзін з іх 7 ліпеня на судзе не з'явіўся). А ў дакументах справы напісана, што гэтыя міліцыянты дапыталі адзін аднаго! У гэтым студзені, падчас перагляду справы, адвакат звярнуў увагу суда на гэтае парушэнне. І суддзя, калі зачытвала выніковую пастанову, гэты факт улічыла.

А ў ліпені, атрымаўшы свабоду, Юля адразу ж абскардзіла прысуд у Мінскім гарадскім судзе:

— Але там прысуд Суда Першамайскага раёна пакінулі ў сіле. Не знайшлі ніякіх парушэнняў”.

Дзяўчаты, з якімі Юля пазнаёмілася на Акрэсціна, таксама спрабавалі абскарджваць свае прысуды. Але, атрымаўшы адмовы ў гарадскім судзе, апусцілі рукі. Юля ж вырашыла змагацца да канца. У выніку 16 снежня старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала адмяніў пастанову суда Першамайскага раёна і… накіраваў справу Юлі Гарачанковай на новы разгляд.

Так справа вярнулася ў Суд Першамайскага раёна Мінска. Але ўжо да іншага суддзі — Ганны Паскевіч.

— Гэтае пасяджэнне ў раённым судзе некалькі разоў пераносілася, бо не з’яўляліся сведкі. Але 10 студзеня паседжанне ўсё ж адбылося. Сведкі з’явіліся, суддзя іх дапытала. І вынесла канчатковае рашэнне — апраўдала мяне, — кажа Юля.

Ці будуць пакараныя міліцыянты, якія сведчылі пра віну Юліі ў ліпені? Ці атрымае несправядліва асуджаная дзяўчына хаця б якую-небудзь кампенсацыю за 5 дзён жыцця, што прайшлі на Акрэсціна? Гэтыя пытанні пакуль што застаюцца адкрытымі.

— Гэтыя пытанні знаходзяцца па-за кампетэнцыяй суда, — распавялі Еўрарадыё ў Судзе Першамайскага раёна. — У пастанове суда ўказваюцца толькі абставіны справы.

— Суд можа адрэагаваць прыватным прызначэннем, у якім можа адзначыць пэўныя факты. Гэта асобны дакумент — прыватнае прызначэнне, якое суд рыхтуе, калі знаходзіць парушэнне законнасці. Накіраваць яго можна ў пракуратуру, у міліцыю — туды, куды суд палічыць неабходным, — удакладняюць у Мінскай гарадской пракуратуры.

Ці складзе суддзя Ганна Паскевіч прыватнае прызначэнне па справе Юлі Гарачанковай, пакуль не вядома.

Юля збіраецца дамагчыся кампенсацыі нанесенай ёй шкоды, а таксама паскардзіцца на дзеянні міліцыянтаў у пракуратуру. Але з адвакатам гэта пакуль што не абмяркоўвала: трэба дачакацца, пакуль пройдзе 10 дзён з пастановы суда, і яна стане ў справе затрымання дзяўчыны канчатковай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)