Общество
Анастасія Зелянкова

Суд адмовіў у зыску да Мінгарвыканкама

Суд не задаволіў скаргу заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху” на дзеянні Мінгарвыканкама. Ён палічыў, што змены у маршруце акцыі, якія гарадскія ўлады ўнеслі без абмеркавання з заяўнікамі, былі правамоцнымі.

Арганізатары акцыі настойвалі на тым, што Мінгарвыканкам парушыў закон аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў, паколькі самастойна змяніў маршрут маючай адбыцца акцыі. Згодна з заяўкай, пададзенай 4 красавіка ў Мінгарвыканкам, шэсце 26 красавіка меркавалася пачаць а 18-й гадзіне ад плошчы Якуба Коласа. Аднак гарадскія ўлады без узгаднення перанеслі збор да Акадэміі Навук.

— Прадстаўнікі Мінгарвыканкама цалкам перавярнулі факты ў судзе, — расказала “Салідарнасці” адна з заяўнікаў акцыі, член палітсавета Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Палевікова. — Яны заявілі, што мы самі адмовіліся абмяркоўваць з імі змены ў маршруце — маўляў, яны нас запрашалі, а мы папросту сышлі. Быў, сапраўды, такі момант, калі мы вымушаныя былі пакінуць Мінгарвыканам — гэта тады, калі нас супраць нашай волі намагаліся зняць на відэакамеры. На спробу абмеркаваць маршрут гэта падобна не было.

У судзе заяўнікі акцыі запатрабавалі гэтыя відэаматэрыялы, покалькі яны маглі б пацвердзіць іх правату. Аднак намеснік кіраўніка мінскай міліцыі Аляксандр Найдзенка, які быў запрошаны для дачы паказанняў, заявіў, што стужкі “раптоўна зніклі”.

— Акрамя гэтага, генерал выпадкова прагаварыўся, што заяўнікаў акцыі выклікалі ў Мінгарвыканкам, каб паведаміць пра змену маршруту, і тым самым пацвердзіў абгрунтаванасць нашых прэтэнзій, — расказаў “Салідарнасці” адзін з заяўнікаў акцыі Юрась Зянковіч. — Прадстаўнікам Мінгарвыканкаму потым доўга прыйшлося апраўдавацца, што, маўляў, генерал не да канца праінфармаваны.

Тым не менш суд не ўбачыў парушэнняў у дзеяннях Мінгарвыканкама і палічыў скаргу заяўнікаў акцыі неабгрунтаванай.

Нягледзячы на судовае рашэнне, арганізатары “Чарнобыльскага шляху” заяўляюць, што шэсце адбудзецца па раней запланаваным маршруце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)