Общество
Кацярына Ярмалаева, Еўрарадыё

Студэнты ігнаруюць адрасную сацыяльную дапамогу

Еўрарадыё высветліла, што ў эканамічным універсітэце па дапамогу звярнулася ўсяго 11 чалавек, нягледзячы на тое, што студэнтаў заклікаюць па радыё і газеце, у педагагічным універсітэце пакуль звяртаюцца толькі па кансультацыі, а ў медыцынскім увогуле ніхто не пажадаў атрымаць грошы за праезд.

Ужо дакладна вядома, што студэнтам прадугледжана 50% кампенсацыя за праезд да бацькоў. Калі гэта пасажырскі транспарт міжгародніх зносін, тады студэнту аплоцяць не больш за 2 паездкі ў месяц, а калі прыгарадны транспарт – не больш за 4 паездкі. Старшыня прафсаюзаў студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсіта імя М. Танка Вадзім Грачоў кажа Еўрардыё, што выплочваць сацыяльную дапамогу ўніверсітэт будзе за свае грошы.

Вадзім Грачоў: Пакуль універсітэт будзе сам выплочваць грошы. За кошт стыпендыяльнага фонду бюджэтнікаў, за кошт фонду матэрыяльнага заахвочвання – гэта перавышэнне прыбыткаў над выдаткамі.

Вадзім Грачоў расказвае Еўрарадыё, што студэнты зараз звяртаюцца па кансультацыі і збіраюць усе неабходныя дакументы. Пакуль за 2, 5 месяцы ніхто не змог атрымаць адрасную падтрымку.

Старшыня прафсаюза студэнтаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Сямёнаў прызнаецца, што папяровую валакіту зможа вытрымаць не кожны.

Ігар Сямёнаў: Працэдура вельмі складаная, і мы сумняемся, што нехта яе пройдзе да канца.

Мабыць, таму ніводны студэнт-медык не звярнуўся за матэрыяльнай падтрымкай. У медыцынскім універсітэце ў параўнанні з педагагічным, бюджэт пражытковага мінімуму на аднаго члена сям’і складае 200% (416 тысяч), аднак студэнтаў гэта не прываблівае. Па словах прарэктара Уладзіміра Мануліка, дакументаў, якіх трэба прадставіць, не так шмат: даведка аб прыбытках членаў сям’і за апошнія тры месяцы, даведка з месца жыхарства і арыгіналы праязных дакументаў.

Старшыня прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Міхаіл Барэйша кажа Еўрарадыё, што па мясцовым радыё і праз газету заклікаюць сваіх студэнтаў звяртацца па адрасную падтрымку, але тыя чамусьці не ідуць.

Міхаіл Барэйша: Студэнты не выяўляюць вялікага жадання ў атрыманні такой дапамогі. Нават не ведаю чаму, пры тым, што мы інфармуем нашых студэнтаў па ўсіх магчымых крыніцах: у студэнцкай газеце, па студэнцкім радыё. У кожным яго выпуску даем інфармацыю па дамозе. Нават пры нашым лаяльным палажэнні, дзе прадугледжана 200% бюджэту пражытковага мінімуму, у студзені да нас звярнуўся 1 чалавек, а ў лютым – 10.

Раней ВНУ хваляваліся: Міністэрства фінансаў не выдзеліла дадатковых грошай на адрасную дапамогу, і яны не ведалі, ці хопіць ім уласных фінансаў, каб задаволіць усе заявы. Сёння гэта пытанне адпадае, бо прафсаюзы ўпэўнены – адрасную сацыяльную дапамогу атрымаюць адзінкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)