Стрыжак: «Імперыя дзейнічае па прынцыпе «як не маё, то нічыё» і нішчыць усё, што ня можа сажраць»

Кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак – пра ракетную атаку на Адэсу, дзе моцна пашкоджаны найвялікшы праваслаўны храм у горадзе — Спаса-Праабражэнскі сабор.

– Трагічныя падзеі на Куліковым полі ў 2014 годзе сталі фактарам, які мабілізаваў многіх адэптаў «рускага міра» на тое, каб далучыцца да атрада Гіркіна і ўключыцца ў расейска-украінскую вайну. Як я называю перыяд 2014-2022 – Малую вайну, піша Стрыжак. – Тады гучныя заявы пра вызваленне «рускага горада Адэсы» былі адным з рэфрэнаў маскоўскай прапаганды.

Да Адэсы ў маскавітаў ёсць асаблівы сэнтымэнт – горад разбудаваны Екацярынай, як і Мікалаеў, яны лічаць сваімі фарпостамі на Паўночным Прычарнамор’і. Як і Севастопаль, Адэса займае значнае месца ў фальклоры і міфах расейцаў.

І зараз, калі яны вырашылі зруйнаваць горад, каб спыніць працу збожжавага калідора і справакаваць голад у Афрыцы, яны бамбяць свае ўласныя міфы і свой фальклор. Фільмы, раманы, музыку, успаміны пра пляжны адпачынак – агромністы пласт сваёй ідэнтычнасці.

Бамбяць Адэсу-маму, Уцёсава, серыял «Ліквідацыя», бычкоў з Прывоза і курортныя раманы з пляжа Аркадзія.

Раз пораз мяне не пакідае думка пра тое, што імперыя дзейнічае па прынцыпе «як не маё, то нічыё» і нішчыць усё, што ня можа сажраць, але яшчэ можа дацягнуцца. Асаблівую нянавісць у яе выклікае тое «сваё», што вырашыла больш такім ня быць.

Менавіта таму такая нянавісць да Ўкраіны, якая вырашыла ня быць часткай «рускага міра». Масква ўспрымае гэта як зраду, бо «сваіх не аддаюць», «сваіх» забіваюць.

Адэса выстаіць і праз сотню год экскурсаводы будуць расказваць не пра бамбардзіроўкі франка-ангельскай эскадры падчас Крымскай вайны, а пра расейскія ракетныя атакі 2023 года.

І ўсё так жа будзе свяціць сонейка і будуць шпацыраваць людзі і гандаль на Прывозе будзе такім жа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(32)