Общество
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Стэфановіч вяртаецца ў Беларусь

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, супраць якога заведзеная адміністратыўная справа за нявыплату падаткаў, увечары 29 верасьня вяртаецца ў Беларусь.

Падатковая інспэкцыя Партызанскага раёну Менску пастанавіла спагнаць зь сябра праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча 31 мільён 500 тысяч рублёў нібыта ўтоенага падатку. А таксама 6 мільёнаў рублёў пені. Падаткоўцы накіравалі ў суд Партызанскага раёну пазоў аб спагнаньні гэтых грошай у сувязі зь іх няплатай у добраахвотным парадку.

Валянцін Стэфановіч другі месяц знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Літва перадала афіцыйнаму Менску зьвесткі пра яго рахункі, як і рахункі Алеся Бяляцкага.

Апошні месяц Стэфановіч прыняў удзел у шэрагу мерапрыемстваў высокага ўзроўню ў Эўропе, а таксама ў канфэрэнцыі АБСЭ па чалавечым вымярэньні ў Варшаве.

Валянцін Стэфановіч: "28 верасьня адбылася адмысловая імпрэза, якую праводзілі некалькі міжнародных праваабарончых арганізацый – Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека, Міжнародная амністыя, Усясьветная арганізацыя супраць катаваньняў і Нарвэскі Хэльсынскі камітэт. Яна была прысьвечаная падзеям у Беларусі пасьля 19 сьнежня. Фокус быў зроблены на цяперашніх палітвязьнях, якія засталіся у турмах, на сытуацыі з Алесем Бяляцкім, была пададзеная апошняя інфармацыя пра Андрэя Саньнікава і Зьміцера Дашкевіча. Таксама ішла гаворка пра сытуацыю з мэдыямі. Сёньня будзем рыхтаваць заяву ад усіх арганізатараў імпрэзы аб неадкладным вызваленьні Саньнікава і Дашкевіча, аб неадкладных кроках па іх выратаваньні. Мы хочам, каб удзельнікі канфэрэнцыі па чалавечым вымярэньні падпісваліся пад заявай дзеля прыняцьця больш рашучых крокаў".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)