Стефан Эрикссон: «Беларусь і Швецыю шмат што звязвае. Яны нават амаль год былі ў адной дзяржаве!»

Стефан Эрикссон в Беларуси уже шесть лет. И, как шутят его коллеги, сейчас шведский дипломат – это целое явление в белорусской культуре. Когда он выступает на официальных мероприятиях, публика сначала шепчется: «Нет, это, наверное, посол Беларуси в Швеции!». Стефан Эрикссон знает всех и вся, говорит на четырех языках, причем по-белорусски – так, как сможет не каждый житель страны.

Господин Эрикссон начал учить наш язык еще в России, где он работал, когда узнал о своем назначении в Беларусь. И когда приехал, то все свои выступления, речи, обращения он старается делать именно на национальном языке.

Вот и это интервью господин Эрикссон принципиально давал на белорусском. Мы постарались максимально сохранить его стиль, живую белорусскую речь со шведским акцентом.

«ПА-БЕЛАРУСКУ СА МНОЙ РАЗМАЎЛЯЮЦЬ НАВАТ ТЫЯ, ХТО РУСКАМОЎНЫ Ў ЖЫЦЦІ»

- Шэсць гадоў прайшло з таго часу, як вы пачалі вучыць беларускую мову. Размаўляеце выдатна! І цяпер яшчэ мову вывучаеце?

- Урокі ўжо не бяру, удасканальваю мову праз размовы з усімі, хто на гэта гатовы. Калі, напрыклад, гуляю з сабакам, многія з задавальненнем гавораць са мной па-беларуску, пры тым што ў штодзённым жыцці яны размаўляюць па-руску! Чытаю, зараз пачаў кнігу Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

- Мне расказвалі, як вы замаўлялі ў рэстарацыі нешта, запыталі меню на беларускай мове, і як разгубілася афіцыянтка ад такого замежніка!

- Асабліва калі рэстарацыя ці страўня мае беларускую кухню, мне трохі дзіўна, што няма беларускамоўнага меню. Ну я і раблю такую прапанову, праўда, не ведаю, ці мае гэта нейкія наступствы...

- Вы казалі, што вас уразіла стаўленне беларусаў да мовы…

- Так, абыякавасць - “навошта нам гэта мова”. Калі я такое чую, не магу прамаўчаць, кажу, ну, дарагія, “не пакідайце мовы вашай, каб ня ўмёрлі”, - цытуе Стэфан Эрыксан пісьменніка Францішка Багушэвіча. - Умовы роўныя павінны быць для дзвюх моў, але калі ёсць сур’ёзны культурны пласт усходняга суседа, павінна быць падтрымка той мовы, што не мае такой прасторы. Хацелася б, каб ваша прыгожая беларуская мова больш выкарыстоўвалася.

- Колькі моваў вы ведаеце?

- Акрамя шведскай, магу на чатырох размаўляць: на ангельскай, рускай, беларускай і французскай.

- Амбасадар ЗША сказаў, што таксама будзе вывучаць беларускую мову, “але я не вундэркінд, як Стэфан Эрыксан”…

- Ха-ха, так, я чытаў! - смяецца спадар пасол. – Думаю, што спадар Скэнлан недаацэньвае свае здольнасці!

- Дарэчы, у вас была ініцыятыва – клуб беларускамоўных паслоў. Ці атрымалася?

- Так, гэта міністр культуры Павел Латушка мне расказаў, што ў Польшчы існуе клуб польскамоўных паслоў (да прызначэння міністрам Павел Латушка быў паслом у Польшчы. - Рэд.). І мы зрабілі такі нефармальны клуб, знайшліся чатыры паслы, якія маглі размаўляць па-беларуску, я і мае калегі з Літвы, Украіны і Польшчы. На жаль, два ўжо з’ехалі, але ў верасні пабачым, калі ўсе збяруцца і прыедуць новыя. Думаю, клуб застанецца.

- А беларусы вучаць шведскую мову?

- Так, у Мінску і ў Полацку. Ёсць магчымасць вывучаць яе ў Швецыі, на летніх курсах.

- Шведская адукацыя лічыцца адной з лепшых. Ці едуць беларусы ў вашу краіну за дыпломам?

- У Швецыі вучацца беларусы, і вышэйшую адукацыю атрымліваюць, і ў магістратуры. Яны падаюць заявы ў шведскія універсітэты, звычайна на навучанне на ангельскай мове. Думаю, едзе каля 50 чалавек у год. Вышэйшая адукацыя ў Швецыі бясплатная. Толькі ў гэтым годзе змянілі крыху правілы для студэнтаў не з краін ЕС, могуць нейкую плату ўзяць. Раней, калі ты паступіў, навучанне было бясплатным. Але і зараз можна знайсці стыпендыі. Беларусы вельмі здольныя да натуральных навук, матэматыкі, фізікі… Ёсць і тыя, хто вывучае шведскую мову.

«ШВЕЦЫЯ ІМКНЕЦЦА РАЗВІВАЦЬ АДНОСІНЫ З БЕЛАРУССЮ»

- Вы праводзіце шмат культурных мерапрыемстваў. А як развіваюцца эканамічныя адносіны? Якія шведскія кампаніі ёсць у Беларусі?

- За першы квартал таваразварот быў каля 50 млн еўра. Нядрэнна, у параўнанні з мінулым годам вырас. Шведскія кампаніі, тавары тут ёсць. Думаю, вашы чытачы ведаюць маркі Oriflame, машыны Volvo і Saab. Зараз IKEA праз сваю літоўскую філію рыхтуе праект па будоўлі завода ў Беларусі. З буйных інвестыцый у Беларусі ёсць BahcoBisov, яны тут з 90-х гадоў, гэта завод па вырабу піл. У апошні час назіраецца некаторае ажыўленне, мне падаецца, шведскія бізнесмены бачаць магчымасць для развіцця стасункаў.

- Швецыя разам з Польшчай былі ініцыятарамі праграмы Еўрасаюза “Усходняе партнёрства”. Як вы ацэньваеце яе зараз?

- Мы заўседы рабілі ўсё, каб ісці наперад у адносінах. Усходняе партнёрства тут грае важную ролю. Спачатку гэта была ініцыятыва Швецыі і Польшчы, але зараз гэта ўжо агульнаеўрапейская палітыка. Хаця чаканні былі і такія, што яна вырашыць усе праблемы, але, канешне, гэта не так. Мы ведалі, што патрэбны час. Як у Швецыі кажуць, каб танчыць, павінна быць двое. Гэта патнёрства стварае аснову для развіцця адносінаў.

- Год таму я размаўляла з адным шведскім дыпламатам, які сказаў, што будуць візы таннейшымі літаральна цягам года…

- Гэта пытанне абмяркоўваецца, у тым ліку і падчас візіту камісара Фюле ў Беларусь у ліпені. У Беларусі няма адпаведнай дамовы з Еўрасаюзам, якая б стварыла аснову для заключэння пагаднення пра візавую палёгку. Ідзе абмеркаванне, як без яго вырашыць пытанне з візамі… Я таксама хачу быць аптымістам, як той дыпламат.

У нас ужо ёсць магчымасць даваць бясплатныя візы. Наша пасольства выдае, гледзячы па тым годзе, звыш чатырох тысяч віз, і больш за 40% з іх былі бясплатнымі. Таксама ёсць магчымасць у людзей прасіць шматразовыя візы. Не ў першы візіт, канешне, але калі чалавек ужо ездзіў і не было ніякіх праблем, тады можна, прынамсі, папрасіць шматразовую. І мы імкнемся ў гэтым пытанні быць шчодрымі, наколькі дазваляюць правілы.

«БЕЛАРУСЬ УРАЗІЛА МЯНЕ СВАЁЙ ГІСТОРЫЯЙ»

- А куды асабіста вы ходзіце ў Мінску? Тэатр, кіно?

- У кіно не хаджу, не люблю глядзець фільм, калі ёсць дубляж. Я люблю чуць мову і чытаць субтытры, у Швецыі так паказваюць кіно. Я хаджу на музычныя мерапрыемствы, у тэатр. Напрыклад, у Купалаўскім быў на прэм’еры “Транслэйшнз”, да гэтага – на “Пінскай шляхце”… Стараюся праводзіць час з сям’ёй. Сыну 13 гадоў, ён тут навучаецца ў міжнароднай школе, на ангельскай мове. Трохі займаюся спортам, каб трымацца ў форме, гуляю ў тэніс з сынам, ездзім на водных лыжах на Пцічы. Ровар пару разоў напракат бралі, каля Драздоў ёсць пракат і дарожка. Люблю вандраваць па Беларусі, ужо ёсць шмат улюбёных мясцін. У нас жывуць добрыя знаёмыя на Браслаўшчыне, туды ездзілі ў чэрвені. Цікава ў Белавежскай пушчы, на Прыпяці, на Палессі. У Беларусі мясціны з унікальнай прыродай, напрыклад, балоты, азёрны край…

- А вы самі на балотах былі?

- Так, быў на балотах на Палессі, на такіх, разумееце, дзе лёгка прайсці. Збіралі журавіны вясной на Браслаўшчыне. Тыя, што перазімавалі пад снегам, потым з’елі, вельмі смачна!

- Вы бачыце краіну і як замежнік, і як жыхар. Што б вы параілі, як можно прыцягнуць еўрапейскіх турыстаў?

- Няпростае пытанне… Беларусь - краіна з цікавай гісторыяй. Тут столькі было! І трагічнага, бо праходзілі войны, і шведскія ў тым ліку. Такое геаграфічнае становішча, на скрыжаванні... На жаль, помнікаў засталося не шмат. Многія трэба прывесці ў парадак, у Ружанах, напрыклад. Але ёсць што паглядзець.

Яшчэ важна, каб было лёгка прыехаць. Адмяніць візы, як прапанавала Міністэрства спорту і турызму, было б вельмі разумна. Чакаць узаемнай адмены доўга, і ў інтарэсах Беларусі было б іх адмяніць першай. Украіна так зрабіла, і зараз там турыстычны бум.

- А вас асабіста што ўразіла ў Беларусі, калі вы толькі прыехалі?

- Калі я ехаў сюды, я пачытаў гісторыю Беларусі. Але хутчэй ужо потым на месцы ўразіўся, якая ў краіны няпростая, цікавая гісторыя. Беларусь не заўжды існавала асобна… Я не так добра ведаў, што такое Вялікае княства Літоўскае і што гэтае дзяржаўнае фармаванне мела такое значэнне для Беларусі. Я даведаўся, што ў Швецыі і ВКЛ была спроба стварыць унію, і хоць яна не вельмі атрымалася, але амаль год былі вельмі блізкія адносіны ў нашых краін. Я пра гэта і не ведаў. Былі Сапегі і іншыя магнаты, якія былі пратэстантамі. Тады быў такі накірунак на поўнач, і ўплыў з поўначы, такі паўночны вектар прысутнічаў у гісторыі Беларусі. Пра гэта не шмат памятаюць і ў Швецыі, і ў Беларусі. Было шмат сувязяў паміж нашымі краінамі. Былі ж Рагвалод, Рагнеда, і, натуральна, гэта дадала нейкі інтарэс да Беларусі. Гэта і наша гісторыя. Увогуле, у нас агульная гісторыя - еўрапейская. Заўсёды былі сувязі, кантакты, трэба пра іх памятаць, іх абнаўляць, і ўсё будзе добра.

- Дзякуй вам за сустрэчу, і за размову, і за мову!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)