Общество

Стартуе агульнабеларуская кампанія "Будзьма!"

Што значыць быць беларусам? Што аб'ядноўвае грамадзянаў нашай краіны, акрамя пашпартоў з надпісам "Рэспубліка Беларусь?" Ініцыятары агульнабеларускай кампаніі “Будзьма!” заклікаюць усіх неабыякавых суайчыннікаў адказаць для сябе на гэтыя пытанні і зрабіць свой унёсак у супольную будучыню.

Пачынаючы ад 1 кастрычніка, шэраг арганізацый — ініцыятараў кампаніі — МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, ГА “Таварыства беларускай мовы”, суполка “Пагоня” пры БСМ, МГА “Гісторыка”, творчы калектыў альманаха “pARTisan”, ГА “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”, Беларуская музычная альтэрнатыва, інтэрнэт-супольнасць www.moladz.org, інтэрнэт-супольнасць “Шлях да Беларусі”, Еўрапейскае радыё для Беларусі — ладзяць супольныя культурныя і грамадскія акцыі пад агульным слоганам “Будзьма беларусамі!”

Сярод бліжэйшых акцый кампаніі — выпуск трох відаў складанак сучаснай беларускай музыкі “Будзьма The Best”, лекцыі па беларускай гісторыі і культуры, канцэрты беларускіх музыкаў і гуртоў, мастацкія выставы, сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг, часопісаў і музычных праектаў. Усе мерапрыемствы, якія будуць ладзіць арганізацыі-партнёры ў межах кампаніі “Будзьма!”, маюць агульныя мэты — абудзіць у жыхароў Беларусі інтарэс да культуры сваёй краіны, заахвоціць беларусаў да ўсведамлення беларускай культуры як уласнай каштоўнасці, аб’яднаць беларусаў — усіх грамадзянаў Беларусі, незалежна ад нацыянальнага паходжання.

Ад 1 кастрычніка пачынае працу і сайт www.budzma.org, які стане агульнадаступнай пляцоўкай для людзей, арганізацыяў і ініцыятываў, што займаюцца папулярызацыяй і развіццём беларускай культуры. На сайце будуць таксама змяшчацца навіны кампаніі “Будзьма!” і анансавацца мерапрыемствы арганізацый-партнёраў па ўсёй Беларусі.

Далучыцца да кампаніі можа любая арганізацыя, ініцыятыва ці прыватная асоба, якая прапануе да рэалізацыі ідэі і праекты, што адпавядаюць агульнай ідэі і мэтам кампаніі.

Галоўны пасыл кампаніі раскрываецца ў адмысловым звароце ініцыятараў “Будзьма” да беларускага грамадства:

“Свет iмклiва мяняецца вакол нас. Нацыi i краiны шукаюць і знаходзяць свой годны шлях. Беларусь вартая быць паспяховай і шанаванай часткай гэтага свету.

Нам, беларусам, ёсць чым ганарыцца! Мы маем усё, каб заняць “свой пачэсны пасад між народамі”: працалюбных, таленавітых людзей, шматвяковую гісторыю, разнастайную культуру, непаўторную мову. Калі ўсе мы ўсвядомім гэтыя каштоўнасці як свае ўласныя, то на гэтым падмурку абавязкова здолеем збудаваць сучасную, заможную, еўрапейскую Беларусь.

Будзьма беларусамі — гэта нас аб’ядноўвае, робіць унікальнымі і адкрывае шырокую перспектыву!

Будуйма Беларусь такой, якой будзем ганарыцца мы, нашы дзеці і ўвесь свет!”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)