Общество

«Хопіць гвалту. Прыміце волю народа». Адкрыты ліст Алексіевіч, Арлова, Някляева і іншых пісьменнікаў

Беларускія літаратары выступілі супраць гвалту.

«Мы, беларускія літаратары, выказваем сур’ёзную занепакоенасць тым, што цягам апошніх 100 дзён у нашай краіне назіраецца пастаянная эскалацыя гвалтоўных дзеянняў з боку сілавых структур і адміністрацыйных прызначэнцаў да грамадзян, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту і салідарнасці, — адзначаецца ў звароце.

Такіх маштабаў масавых рэпрэсій не зведвала больш за сорак гадоў ні адна з дзяржаваў Еўропы. За гэтыя 100 дзён арыштавана каля трыццаці тысяч чалавек, пакалечана больш за чатыры тысячы чалавек, заведзена каля тысячы нематываваных крымінальных справаў, загінула восем чалавек. У дзяржаве ігнаруюцца элементарныя правы чалавека. На вінаватых у забойствах і скалечваннях людзей не заводзяцца крымінальныя справы. Дапускаецца збіццё звязаных затрыманых, што забараняецца сусветнай юрыдычнай практыкай нават у адносінах да ваеннапалонных. З вуснаў кіраўніцтва краіны гучаць наўпроставыя ўказанні адлічваць студэнтаў з навучальных устаноў і звальняць з працы ўсіх супрацоўнікаў, якія не згодныя з дзяржаўнай палітыкай, што з’яўляецца непасрэдным парушэннем дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Эскалацыя гвалту, пашырэнне прасторы беспакаранасці, пазбаўленне беларусаў базавых канстытуцыйных правоў вядуць да глыбокага доўгатэрміновага нацыянальнага крызісу ва ўсіх сферах грамадскага жыцця:  эканамічнага дэфолту, міжнароднай ізаляцыі, падзення Беларусі на самае дно цывілізацыйнага рэйтынгу.

Мы схіляем галаву перад мужнасцю і настойлівасцю беларускага народа, выказваем спачуванне ўсім, хто пацярпеў і страціў родных, і звяртаемся да ўладаў, кіраўнікоў дзяржаўных структураў, чыноўнікаў, якія захавалі цвярозы розум, з патрабаваннем: пакуль вы не абрынулі краіну ў бездань гвалту і ўсеагульнага крызісу, – неадкладна спыніце масавыя рэпрэсіі, здзекі з людзей, якія хочуць пераменаў, прызнайце сваю паразу і прыміце волю народа!»

Ліст падпісалі больш за 200 пісьменнікаў. Сярод іх Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Вольга Бабкова, Лявон Баршчэўскі, Таццяна Барысік, Лявон Вольскі, Генрых Далідовіч, Андрэй Жвалеўскі, Максім Клімковіч, Алесь Краўцэвіч, Віктар Марціновіч, Уладзімір Някляеў, Пётра Садоўскі, Ганна Севярынец, Аксаеа Спрынчан, Андрэй Хадановіч, Аляксандр Фядута, Кастусь Цвірка, Саша Філіпенка ды іншыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(30)