Лица

Spita/\ь F прадставіць Беларусь на Seven Festival 2010

Баранавіцка-менскі гурт Spita/\ь F прадставіць Беларусь у міжнародным конкурсе ў межах аднаго з самых буйных польскіх рок-фэстаў – Seven Festival, які пройдзе 8-11 ліпеня ў горадзе Вэнгажэва. Цікавасьць сёлетняга конкурсу яшчэ і ў тым, што з нагоды сусьветнага года Фрыдэрыка Шапэна кожны з выступоўцаў мае падрыхтаваць уласную інтэрпрэтацыю адной з кампазыцый польскага піяніста эпохі рамантызму.

Конкурс маладых гуртоў у Вэнгажэве за ўсе 20 год фэсту заўжды быў значнай часткай мерапрыемства. Менавіта з конкурснай сцэны фэсту пачалі свой шлях цяперашнія польскія рок-зоркі Coma, Sweet Noise, Kombajn Do Zbierania Kur Po Wioskach, Pawilon, California Stories Uncovered. Летась у конкурсе ўпершыню бралі ўдзел беларусы – гурт «Абшар». Тады перамагла брытанская каманда Blakfish.

Цяпер сярод прэтэндэнтаў на перамогу – ізноў беларусы. Гэтым разам – ляўрэаты «Басовішча-2008» – Spita/\ь F, якая пасьля яркага выступу на сцэне ў Гарадку, пра сваё існаваньне амаль не нагадвала.

Поўны сьпіс удзельнікаў конкурсу будзе вядомы 1 чэрвеня. Цікавасьць сёлетняга конкурсу яшчэ і ў тым, што з нагоды сусьветнага года Фрыдэрыка Шопэна кожны з выступоўцаў мае падрыхтаваць уласную інтэрпрэтацыю адной з кампазыцый польскага піяніста эпохі рамантызму. За самую цікавую інтэрпрэтацыю песьні Шапэна выканаўцаў чакае асобны прыз.

Падчас сёлетняга фэсту плянуецца таксама прэзэнтацыя праекту «Chopin Alternative». На адной з сцэнаў сваё бачаньне Шапэна пакажуць музыкі, зьвязаныя з электроннай музыкай, такія як Kim_Nasung, Bionulor, Nmls, Rekombinacja ды іншыя.

Як распавялі «Тузіну Гітоў» арганізатары Seven Festival 2010, упершыню за 20 год да фэсту пусьцяць цягнікі. Тыя, хто набудзе квіток на ўсе дні фэсту можа абсалютна бясплатна скарыстацца рэйсамКэнтшын-Вэнгажэва (8 ліпеня) і Вэнгажэва-Кэнтшын (12 ліпеня) ды праехаць праз шматлікія гістарычныя месцы, сярод якіх ёсьць нават сядзіба Гітлера.

Падчас сёлетняга Seven Festival выступяць такія гурты, як Sepultura, The Legendary Pink Dots, Hey, Muchy, Coma, Vader, Strange Attractor, Closterkeller, Hunter, Lipali, California Stories Uncovered. Выступіць таксама Heart and Soul – праект вядомых польскіх альтэрнатыўных музыкаў, які зьбіраецца дзеля аднаго выступу.

Поўны сьпіс выступоўцаў на афіцыйным сайце фэсту – //sevenfestival.livejournal.com

Таксама створана адмысловая старонка для беларускіх наведнікаў фэсту – //sevenfestival.livejournal.com

У бліжэйшы час квіткі на Seven Festival 2010 можна будзе набыць у Беларусі. Падрабязнасьці неўзабаве на сайце інфармацыйнага партнэра фэсту –«Тузін Гітоў»