Скандалы
Адар’я Гуштын, naviny.by

Спектакль незалежнага тэатру забараняюць, бо на прэм’еру прыйшлі Някляеў і Статкевіч

20 студзеня стала вядома, што спектакль “Што рабіць з тыграм” незалежнага “Тэатру Ч” адменены.

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, які прадастаўляў пляцоўку, заявіў, што на паказ прададзена недастаткова білетаў. Аднак у прыватнай размове арганізатарам сказалі, што быў званок з Міністэрства культуры — спектакль зняць, паколькі на прэм’еры прысутнічалі апазіцыйныя палітыкі Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч.

“У нас існуе палажэнне, паводле якога калі за тыдзень да мерапрыемства праз нашу касу прададзена менш за 10 квіткоў, мы маем права адмяніць спектакль, — кажа куратар праектаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Уладзімір Галак. — На спектакль “Што рабіць з тыграм” прадалі ўсяго 10 квіткоў, таму яго і адмянілі. Ведаеце, цяпер такі час, у людзей, можа, няма грошай пасля Новага года. Раней мы, праўда, па гэтай прычыне мерапрыемствы не адмянялі”.

Што датычна званка з Міністэрства культуры, спадар Галак заявіў, што яму пра гэта нічога невядома.

Супрадзюсар спектакля Кацярына Саладуха паведаміла, што адмененыя адразу два паказы — 20 і 21 студзеня.

“Афіцыйная прычына — прададзена недастаткова білетаў. Аднак квіткі рэалізоваўлі не толькі праз касы цэнтра, а таксама праз электроннага аператара, праз нашых сталых гледачоў. На два спектаклі агулам было прададзена 100 білетаў. Усяго заля ўмяшчае 60 чалавек”, — кажа супрадзюсар.

Па яе словах, раней “не было праблем з попытам” на гэты спектакль.

“На прэм’еры 28 верасня заля была запоўненая на 80%. Была цікавасць да спектакля і на наступны паказ, 7 снежня. Вельмі часта людзі набываюць квіткі адразу перад мерапрыемствам. У любым выпадку, Цэнтр мусіў загадзя ўзгадніць з намі сітуацыю з квіткамі. У прыватнай размове мне паведамілі, што сапраўдная прычына адмены спектакля — званок з Міністэрства культуры. На прэм’еры прысутнічалі Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч”, — удакладніла Кацярына Саладуха.

Ніякіх палітычных заяваў яны не рабілі, прысутнічалі на спектаклі выключна, як гледачы. У перапынку да іх падыходзілі журналісты, якія пыталі пра ўражанні ад убачанага.

“Калі палітыкі ўвайшлі ў залю, людзі пачалі ім апладзіраваць, — узгадвае супрадзюсар. — Аднак гэта рэакцыя публікі, мы ж не можам гэта кантраляваць. На сцэну Някляеў і Статкевіч не падымаліся. Паводзілі сябе, як звычайныя гледачы. Я ўсё ж спадзяюся, гэта нейкая недарэчнасць. Не будуць жа закрываць, напрыклад, Купалаўскі тэатр, калі туды прыйдзе Уладзімір Някляеў”.

Мікалай Статкевіч перад прэм’ерай “Што рабіць з тыграм”

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч

Памочнік міністра культуры Аляксандр Карачун на пытанне БелаПАН, ці тэлефанавалі ў НЦСМ з рэкамендацыяй зняць спектакль “Тэатра Ч”, заявіў, што яму нічога невядома па гэтай сітуацыі.

Такая ж рэакцыя была і ў кансультанта ўпраўлення мастацтваў Вікторыі Куксінковай: “Я ўпершыню ад вас чую пра гэта. Я асабіста нікому з такімі даручэннямі не тэлефанавала. Магчыма, спектакль адменены па тэхнічных прычынах”.

Мікалай Статкевіч мяркуе, што чыноўнікі сапраўды маглі так адрэагаваць на ягоны ўдзел у мерапрыемстве.

“У мяне нават былі ваганні, ці ісці на спектакль, каб не падставіць арганізатараў, — кажа ён. — Я чуў раней, што канцэрты аднаго з беларускіх бардаў адмянілі, бо іх наведваў іншы апазіцыйны палітык. Вядома ж, гэта нездаровая рэакцыя ўладаў. Халуйства выпірае ўсё болей. Гэта ж не Лукашэнка персанальна вырашае, якое мерапрыемства забараніць. Маразм мацнее. І гэта ў Год культуры!”

Палітык таксама адзначае, што цяпер яму трэба быць больш абачлівым, перш чым наведаць нейкую імпрэзу:

“З іншага боку, да мяне і на вуліцы людзі падыходзяць, паціскаюць руку, дзякуюць. Што мне цяпер, закрыцца дома? Я прыйшоў на спектакль як глядач. Ніякіх палітычных заяваў не рабіў. Тое, што мне пачалі апладзіраваць — гэта рэакцыя беларускага грамадства. Людзі былі радыя мяне бачыць пасля вызвалення”.

Тым часам арганізатары спрабуюць знайсці іншую пляцоўку, дзе адбудуцца паказы спектакля “Што рабіць з тыграм”. На 21 студзеня меркавалі, што мерапрыемства можа адбыцца ў “ЦЭХу”, аднак улады не выдалі гастрольнае пасведчанне.

“Выглядае, што цяпер у тэатрах давядзецца фільтраваць гледача па палітычных поглядах, — адрэагаваў мастацкі кіраўнік “Тэатра Ч” Андрэй Курэйчык. — Надыйшоў час вешаць таблічкі на касу: “Апазіцыйна настроеныя гледачы і палітыкі на спектаклі не дапускаюцца. І ў тэатры больш не ходзяць”. Вось такая гісторыя ў ХХІ стагоддзі ў еўрапейскай краіне”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)