Общество
Змицер Панкавец, «Наша нiва»

Спецназы Беларусі

Амаль кожны ведае, што ёсць спецназ ва Уруччы, Мар’інай Горцы, Мінску, ёсць групы «Альфа» і «Алмаз». Аднак мала хто ведае, чым адрозніваюцца паміж сабой гэтыя структуры, хто імі кіруе, што ўваходзіць у іх функцыі. НН прапануе кароткі агляд асноўных беларускіх спецпадраздзяленняў.

Уручанская брыгада спецназа

Трэцяя асобная Чырванасцяжная брыгада спецназа (в/ч 3214, Уручча) была сфармаваная ў 1990-я гады на базе 334 палка 120-й дывізіі. Яна падрыхтаваная як для разгону вулічных акцый, так і для ўдзелу ў спецыяльных аперацыях.

Гэта ўдарная частка Унутраных войск. Яе колькасць блізу 1500-2000 чалавек. У складзе часткі некалькі падраздзяленняў — батальёны спецыяльнага прызначэння, Спецыяльны атрад хуткага рэагавання (СОБР) і падраздзяленні забеспячэння.

Асноўнымі задачамі брыгады з’яўляюцца барацьба з тэрарызмам, дзеянні пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый, баявая падрыхтоўка на выпадак узнікнення ваеннай небяспекі.

У мірны час байцы брыгады выконваюць функцыі па ахове грамадскага парадку. Часта прадстаўнікі брыгады выязджаюць на заданні і за межы Мінска. Напрыклад, ахоўваюць «Славянскі базар».

Падчас вулічных акцый апазіцыі ўручанскую брыгаду звычайна трымаюць на падстрахоўцы. Іх выкарыстоўваюць толькі ў крайніх выпадках, калі з дэманстрантамі не можа справіцца ПМСП. Некалькі разоў байцы Паўлічэнкі былі заўважаныя падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

Сам Паўлічэнка, будучы камандзірам брыгады, неаднаразова заяўляў, што стараецца выхоўваць байцоў у «духу праваслаўя». На тэрыторыі часткі ёсць храм.

Вельмі вялікае значэнне адводзіцца баявой падрыхтоўцы, яна ў разы больш жорсткая, чым у іншых вайсковых частках. У праграме — акрабатыка, рукапашны бой, сілавая падрыхтоўка, атлетычная гімнастыка, кросы. Вельмі вялікае значэнне надзяляецца стральбе з розных відаў зброі, а таксама тактычна-спецыяльнай падрыхтоўцы па дзеяннях у розных сітуацыях.

Варта адзначыць, што большасць шараговых байцоў знаходзіцца ў брыгадзе год ці паўтара. Гэта звычайны тэрмін службы ў войску.

Менавіта Паўлічэнка фігураваў у справах Захаранкі і Ганчара — пакуль тыя справы расследаваў КДБ. У 2000 годзе Лукашэнка адставіў старшыню КДБ Мацкевіча і генпракурора Бажэлку, і ўсё ўстала.

ПМСП = АМАП

Мінскі полк міліцыі спецыяльнага прызначэння быў сфармаваны восенню 2005 года, незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў. ПМСП быў створаны на базе АМАПа, і ўзначаліў яго Юры Падабед.

Як тлумачыў тагачасны начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Анатоль Куляшоў (сённяшні міністр унутраных справаў), галоўная мэта стварэння палка заключалася ў ахове грамадскага парадку ў час правядзення розных масавых акцый. Па ягоных словах, байцы гэтага падраздзялення павінны быць падрыхтаванымі да катаклізмаў, катастрофаў, аварый прыроднага і тэхнагеннага характару. Трэцяй прычынай Куляшоў назваў тое, што стварэнне палка дасць магчымасць іншым супрацоўнікам міліцыі выконваць свае непасрэдныя абавязкі.

Супрацоўнікі палка носяць форму чорнага колеру. Менавіта яны ў асноўным удзельнічалі ў разгоне вулічных акцый, у тым ліку Плошчы.

ПМСП быў створаны з асабістай просьбы Юрыя Падабеда, які скардзіўся на тое, што ў краіне ўвесь час расла колькасць мерапрыемстваў, якім патрэбная была ахова. Нашмат быў павялічаны і штат.

Цяпер кіруе ПМСП Аляксандр Лукомскі. Ён скончыў Ленінградскае вышэйшае палітычнае вучылішча ўнутраных войскаў (1992), Акадэмію міліцыі (1998), камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі (2002). Да гэтага ўзначальваў сталічную міліцэйскую брыгаду ўнутраных войскаў (в/ч 5448).

Мар’іна Горка

Пад Мінскам, у Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён), існуе 5-ая асобная брыгада спецыяльнага прызначэння. Але гэта не Унутраныя войскі. Мар’інагорскі спецназ адносіцца да Міністэрства абароны.

Фармаванне брыгады пачало адбывацца ў 1962 годзе. За савецкімі часамі байцы дасягнулі ўзроўню падрыхтоўкі, які адпавядаў атраду «Вымпел» КДБ СССР. Байцы з Мар’інай Горкі прымалі актыўны ўдзел у афганскім канфлікце.

Праз два гады пасля вываду адтуль дэсантнікі з Мар’інай Горкі зноў трапілі на вайну. Амаль цалкам брыгада (805 чалавек) пад камандаваннем палкоўніка Барадача знаходзіліся ў Арменіі.

31 снежня 1992 года былыя савецкія спецназаўцы прысягнулі на вернасць Беларусі. Асноўнымі накірункамі падрыхтоўкі сённяшніх байцоў у частцы з’яўляецца дыверсійная дзейнасць і выведка. Выведчыкаў вучаць пераадольваць балоты, водныя перашкоды, лясы. Для гэтага часта праводзяцца вучэнні ў лясах. Па дзесяць сутак яны знаходзяцца ў невядомай для сябе мясцовасці.

У Мар’інай Горцы лічаць, што іхняя частка з’яўляецца самай элітнай у краіне. Адчуваецца неафіцыйнае спаборніцтва і супрацьстаянне спецназа ўручанскага і мар’інагорскага. І там, і там лічаць, што іхняя частка найлепшая.

У 1996 годзе былы кіраўнік мар’інагорскай часткі палкоўнік Барадач выступіў на баку Канстытуцыі, супраць Лукашэнкі.

«Алмаз»

Фактычна з «Алмаза» і пачынаўся беларускі спецназ у канцы 1980-х гадоў. Праўда, тады гэтае падраздзяленне мела назву «Беркут», і асноўным назначэннем была арганізацыя атрадаў турэмнага антытэрору. Яны былі створаныя і ў іншых савецкіх рэспубліках.

Цяпер жа гэта своеасаблівы атрад хуткага рэагавання. У 1994 годзе тагачасны кіраўнік «Беркута» і будучы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў выступіў з ініцыятывай перайменаваць спецпадраздзяленне ў «Алмаз». У памятцы для байцоў Навумаў некалі напісаў: «Заўсёды помні, што супрацоўнік спецпадраздзялення павінен быць чысты і цвёрды, як алмаз».

У 2002 годзе базу «Алмаза» адкрываў асабіста Аляксандр Лукашэнка.

У выпадку трывогі «алмазавец» павінен прыбыць на базу цягам 5-7 хвілін. А цягам 20 хвілін на месца здарэння ў любую кропку краіны адпраўляюцца разведка і баявая група. Яшчэ праз 20 хвілін следам выязджае другая група.

У функцыі «алмазаўцаў» уваходзіць змаганне з тэрарыстычнай дзейнасцю, вызваленне закладнікаў, абясшкоджванне выбуховых рэчываў. «Алмазаўцы» некалі затрымлівалі ў Мінску падазраваных у забойстве расійскага журналіста Пола Хлебнікава.

«Алмазавец» павінен трэніравацца не меней трох разоў у тыдзень. Гэта не толькі спартовыя практыкаванні, але прыкладныя, калі байцы ідуць на бар’еры, лазы, лесвіцы ў поўнай экіпіроўцы.

У асноўным у «Алмаз» трапляюць афіцэры з аналагічных падраздзяленняў Міністэрства абароны, міліцэйскага спецназа, службы аховы кіраўніка дзяржавы, пагранічных войск. Як правіла, гэта людзі, якія аддалі службе не менш за пяць гадоў і ўжо ўдзельнічалі ў спецаперацыях. Служаць у «Алмазе» і жанчыны — перамоўшчыцы і снайперкі.

Акурат супрацоўнікі «Алмазу» збілі 2 сакавіка 2006 года кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. Байцы гэтага ж атрада затрымлівалі сёлета Мікалая Аўтуховіча і ягоных паплечнікаў. Менавіта былыя «алмазаўцы» былі асуджаныя па справе знікнення тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага.

«Алмаз» узначальвае палкоўнік Мікалай Карпянкоў. Ён быў яшчэ ў «Беркуце», калі з 1992 да 1994 года з’яўляўся камандзірам баявой групы падраздзялення. У 2003 годзе Карпянкоў вярнуўся ў «Алмаз» у якасці камандзіра.

«Альфа»

Група «Альфа» пры Камітэце дзяржаўнай бяспекі СССР была створаная яшчэ ў 1974 годзе. У сакавіку 1990 тагачасны галоўны чэкіст Саюза Кручкоў падпісаў указ аб дадатковым увядзенні групы «Альфа» з дыслакацыяй у Мінску. Сярод мэтаў стварэння групы называліся лакалізацыя і папярэджанне тэрарыстычных і экстрэмісцкіх акцый, асабліва небяспечных злачынных праяваў, якія пагражаюць бяспецы краіны. Першапачаткова група дзейнічала і на балтыйскія краіны.

Цікава, што аж да студзеня 1992 года «Альфа» знаходзілася ў прамым падпарадкаванні галоўнага ўпраўлення пры прэзідэнце СССР. Толькі потым увайшла ў структуру беларускага КДБ. Байцы «Альфы» забяспечваюць фізічную абарону і бяспеку беларускага кіраўніцтва і высокіх замежных гасцей. У новыя абавязкі таксама ўвайшла барацьба з незаконным вывазам каштоўных металаў, матэрыяльных і гістарычных каштоўнасцяў за межы краіны.

Пры стварэнні «Альфы» перавага аддавалася афіцэрам-афганцам, вэдэвэшнікам, прафесійным спартоўцам. Цяпер вышэйшая адукацыя і служба ў войску абавязковая для кандыдатаў. Таксама ўвага надаецца здольнасці выносіць вялікія псіхалагічныя і фізічныя нагрузкі. Узрост байцоў — 30-35 гадоў.

Адзначаецца, што цякучка кадраў у «Альфе» вельмі малая. Для таго, каб стаць сапраўдным прафесіяналам, патрэбна чатыры-пяць гадоў. Увесь гэты час баец знаходзіцца на другіх-трэціх ролях. Адна поўная экіпіроўка «альфаўца» (бронекамізэлька, шалом, зброя, боепрыпасы) важыць больш за 20 кілаграмаў.

Дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання ад БНФ Сяргей Навумчык у сваіх успамінах сцвярджае, што менавіта супрацоўнікі «Альфы» збівалі дэпутатаў ад апазіцыі, якія абвясцілі галадоўку ў авальнай зале.

Нейкі час хадзілі чуткі, што байцы «Альфы» атрымлівалі ваенны досвед у Чачні, але кіраўніцтва групы ўпарта гэта адмаўляе. Кіраўніком групы «Альфа» з’яўляецца палкоўнік Мікалай Івінскі.

Пагранічны спецназ

Свой спецназ існуе і ў пагранічнікаў. Гэта Асобная служба актыўных мерапрыемстваў, ці не самае закрытае і малавядомае спецпадраздзяленне.

АСАМ з’явіўся ўжо пасля развалу Савецкага Саюза, у 1993 годзе. Першым начальнікам быў Генадзь Нявыглас.

Найперш стварэнне спецпадраздзялення тлумачылася барацьбой з нелегальнай міграцыяй. У асноўным, грамадзян з азіяцкіх краін у Еўропу. Менавіта гэта і было першай задачай. Пазней з’явіліся новыя — барацьба з эканамічнай злачыннасцю і наркатрафікам, супрацьдзеянне транзітнаму тэрарызму і гандлю людзьмі.

Праверка будучага асамаўца доўжыцца ад году да двух. Цягам гэтага часу з асаблівай увагай правяраюць паслужны спіс байца, усіх блізкіх і далёкіх сваякоў. Сярэдні ўзрост афіцэраў 33 гады. На форменным шаўроне байца АСАМа — два скрыжаваныя мячы і ружа вятроў на фоне контуру краіны.

У свой час АСАМ узначальваў сённяшні старшыня Пагранічнага камітэта Ігар Рачкоўскі. А служылі ў спецпадраздзяленні старэйшыя сыны Лукашэнкі — Віктар і Дзмітрый.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)